КОКАНАПРА́ДЫ (Lasiocampidae),

сямейства насякомых атр. матылькоў. Каля 1000 відаў, пераважна начныя. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 16 відаў, найб. пашыраны К. кольчаты (кольчаты шаўкапрад) і хваёвы (Dendrolimus pini). Жывуць у кронах дрэў. Акукліваюцца ў рыхлых коканах.

У матылькоў цела масіўнае, крылы шырокія, у размаху да 9 см. Самкі большыя за самцоў. Ротавыя органы матылькоў не развітыя (не кормяцца). Вусені густа ўкрыты валаскамі, кормяцца лісцем дрэў і кустоў, ігліцай хвоі. Яйцы адкладваюць кучкамі. Зімуюць на стадыі вусеня, часам яец.

Коканапрады: 1 — хваёвы (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан); 2 — пушысты (а — самец, б — самка, в — вусень, г — кокан).

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБАЕ́ДЫ (Hylesininae),

падсямейства жукоў сям. караедаў. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. трапляюцца ў лясной і лесастэпавай зонах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. На Беларусі 19 відаў, найб. пашыраны 4 віды: Л. вялікі хваёвы (Blastophagus piniperda), Л. малы хваёвы (B. minor), Л. вялікі яловы (Dendroctonus micans) і Л. пушысты (Polygraphus polygraphus).

Даўж. да 12 мм, цела цыліндрычнае, карычневае, бурае або чорнае. Лічынкі бязногія, голыя, крыху выгнутыя. Кукалкі белыя. Жукі і лічынкі пракладваюць хады пад карой, у абалоне, лубе (адсюль назва) дрэў і кустоў. Шкоднікі насаджэнняў.

Лубаеды: 1 — вялікі яловы; 2 — вялікі хваёвы; 3 — малы хваёвы (а — жук; б — лічынка; в — пашкоджаныя галінка і дрэва).

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).

Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.

Рададэндран жоўты.

т. 13, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФО́Н (ад гідра... + ...фон),

электраакустычны пераўтваральнік гукавых і ультрагукавых ваганняў, што распаўсюджваюцца ў вадзе. Найб. пашыраны эл.-дынамічныя, п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя гідрафоны. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустычных прыладах (гідралакатарах, шумапеленгатарах, узрывальніках акустычных мін і інш.).

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРМЕТАМАРФО́З (ад гіпер... + метамарфоз),

ускладнены спосаб развіцця некат. паразітычных насякомых, калі лічынка праходзіць да 6 фаз (узростаў) развіцця, якія адрозніваюцца паміж сабой марфал. і біял. ўласцівасцямі. Пашыраны ў некат. жукоў, перапончатакрылых, двухкрылых, сеткакрылых.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЖА́ЛКАВЫЯ (Tremellales),

парадак гетэрабазідыяльных грыбоў. Вядома каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. На Беларусі 10 відаў з родаў дрыжалка, эксідыя, трэмеладон. Сапратрофы. Трапляюцца на ўсёй тэрыторыі на старых пнях, ламаччы.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКІ́СТА (ад ісп. conquista заваяванне),

пашыраны ў гіст. л-ры тэрмін, які ўжываўся ў дачыненні да перыяду заваявання Мексікі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі іспанцамі і партугальцамі ў канцы 15—16 ст. Гл. таксама Канкістадоры.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІ́ТЫ [ад мікра... + ...фіт(ы)],

расліны (пераважна водарасці), якія маюць мікраскапічныя памеры і ўваходзяць у склад фітапланктону. М. — першае звяно агульнага харч. ланцуга экасістэмы вадаёма. На Беларусі пашыраны М. са складу дыятомавых, сіне-зялёных, зялёных і інш. водарасцей.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПЕ́Ў,

мелодыя, прызначаная для вак. выканання (часам і інстр. мелодыя напеўнага характару). У прафес. музыцы тэрмінам «Н.» наз. пераважна мелодыі кантыленнага складу. Найб. пашыраны ў этнамузыкалогіі, дзе Н. называюць мелодыі нар. песень.

Наперстаўка ржавая.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБЯ́НІКІ,

1) бліны з бульбы, тое, што дранікі.

2) Традыцыйная бел. страва з тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак. Іх запякаюць са смятанай ці тоўчаным ільняным семем у лёгкім духу печы. Бульбянікі пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)