ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА Дзяніс (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы ПаспалітайУладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ВКЛ у 15—17 ст. Цэнтр — г.Смаленск. Утворана ў 1404 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам замест Смаленскага княства. У ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 С.в. занята ў 1514 маскоўскім войскам, створаны Смаленскі павет. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, калі Смаленшчына была занята войскамі Рэчы Паспалітай, сойм у 1613 аднавіў С.в. ў складзе ВКЛ, што прызнала і Расія ў Дэулінскім перамір’і 1618. С.в. падзялялася на Смаленскі і Старадубскі паветы. У 1638 са Смаленскага пав. перададзены ў Полацкае ваяв. Невельская, Себежская і Краснагорская воласці. У выніку Палянаўскага міру 1634, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у 1634—45 са складу С.в. вылучаны і перададзены Расіі Сярпейская і Трубчэўская воласці. У С.в. насаджалася шляхецкае землеўладанне на ленным праве. У 1633 атрымаў у лен Невельскую і Себежскую вол. К.Радзівіл. 9 гарадоў С.в. ў 1611—26 атрымалі магдэбургскае права, у Смаленску створаны 4 рамесныя цэхі. У 1654 у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.в. занята рас. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Смаленшчына засталася ў складзе Расіі, аднак паводле «Вечнага міру» 1686 у склад ВКЛ вернуты Невельская і Себежская воласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],
1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст.грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл.Варшаўскі дагавор 1768).
2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш.сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Górski) Канстанцін (1826, маёнтак Гурскі, Бяла-Падляскае ваяв., Польшча — 2.1.1898),
польскі ваен. гісторык. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це, скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1855). Прымаў удзел у руска-турэцкай вайне 1877—78. З 1888 у Варшаве. Асн. працы: «Бітва пад Грунвальдам» (1888), «Вайна Рэчы Паспалітай з Турцыяй у 1672—73 гг.» (1890), «Абарона граніц Рэчы Паспалітай ад татараў» (1891), «Гісторыя польскай пяхоты» (1893), «Гісторыя польскай кавалерыі» (1894), «Гісторыя польскай артылерыі» (1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),
кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброя ландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.
Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.