ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax) Эдуард Фрэдэрык Ліндлі Вуд, барон Ірвін (Irwin; 16.4.1881, замак Паўдэрэм, графства Дэван, Вялікабрытанія — 23.12.1959), англійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1922—24, 1932—35 міністр адукацыі, з 1924 міністр сельскай гаспадаркі, у 1926—31 віцэ-кароль Індыі. У 1935—38 старшыня палаты лордаў, выступаў за знешнепаліт. кампраміс з А.​Гітлерам. З 1938 міністр замежных спраў, удзельнічаў у перагаворах, якія прывялі да заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. З 1941 пасол у ЗША. У 1947—53 старшыня Ген. кансультатыўнага савета радыёвяшчальнай кампаніі Бі-Бі-Сі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЧАЎ (сапр. Марынаў) Марка

(н. 13.2.1932, в. Марча Ловецкай акругі, Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч. Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкуецца з 1946. Аўтар сатырычных і лірычных вершаваных зб-каў «Насенне спее» (1957), «Марсіянскія захапленні» (1960), «Другое прышэсце» (1962), «Бягучае дрэва» (абодва 1969), «Люстэрка адваротнага бачання», «Драпіны» (1975), «Маўклівыя сірэны» (1977), «Прафесія нязгода» (1982), «Ветэраны нічога» (1985), кн. эсэ «Апрошчанне і пракляцце падману» (1991), вершаў і казак для дзяцей. З 1993 пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь. На балг. мову перакладае творы Н.​Гілевіча, Я.​Сіпакова. На бел. мову першы Ганчава перакладае Гілевіч.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.​Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас.вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НІНГ ((Canning) Джордж) (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́СІМАЎ (Пётр Андрэевіч) (н. 16.5.1912, Віцебск),

сав. парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Віцебскі палітэхнікум (1933), БДУ (1951). З 1929 на прафс. і адм.-гасп. рабоце. З 1942 у ЦК КП(б)Б і СНК БССР. З 1946 пастаянны прадстаўнік СМ БССР пры СМ СССР. З 1948 нам. старшыні СМ БССР, з 1950 сакратар ЦК КП(б)Б, з 1952 1-ы нам. старшыні СМ БССР. З 1956 пасол СССР у ПНР, Францыі і Малагасійскай рэспубліцы, ГДР, Японіі. У 1961—62 на парт. рабоце ў КПСС. Дэпутат ВС СССР у 1950—58, 1962—66, 1974—79, ВС БССР у 1951 — 59.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЧАРДЫ́НІ, Гуічардыні (Guicciardini) Франчэска (6.3.1483, г. Фларэнцыя, Італія — 22.5.1540), італьянскі гісторык, паліт. дзеяч. Праф. акадэміі права ў Фларэнцыі. Сябра і вучань Н.Макіявелі. У 1511—14 пасол Фларэнцыі ў Іспаніі. У 1516—34 нам. рымскага папы Льва Х у гарадах Мадэна, Рэджа-нель-Эмілія і Парма. З 1534 дарадчык Медычы, да 1537 адыгрываў значную ролю пры фларэнційскім двары. Аўтар прац: «Гісторыя Італіі» (1537—40, апубл. ў 1561—64, ахопліваў перыяд 1492—1532); «Дыялог аб кіраванні Фларэнцыяй» (1525); «Нататкі палітычныя і грамадзянскія» (1525—29) і інш. У сваіх працах выступаў за нац. і дзярж. аб’яднанне Італіі ў форме федэрацыі дзяржаў, за алігархічна-рэсп. форму кіравання.

т. 5, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Альва) (31.1.1902, г. Упсала, Швецыя — 1.2.1986),

шведскі грамадскі дзеяч, сацыёлаг. Скончыла Стакгольмскі ун-т (1924). З 1932 член С.-д. партыі. У 1936—48 дырэктар засн. ёю сац.-пед. семінара (Пед. ін-та дашкольнага навучання) у Стакгольме. З 1956 пасол у Індыі, Бірме і на Цэйлоне. У 1962—72 кіраўнік швед. дэлегацыі на Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1966—72 міністр па пытаннях раззбраення. Аўтар прац «Крызіс у праблеме насельніцтва» (1934; у сааўт. з мужам Г.Мюрдалем), «Гульня ў раззбраенне: як Злучаныя Штаты і Расія раздуваюць гонку ўзбраенняў» (1977) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1982 (разам з А.Гарсія Роблесам).

А.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)