род бясхвостых земнаводных сям. круглаязычных. 2 віды: П. звычайная (A. obstetricans), якая пашырана ў Сярэдняй Еўропе і ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва, і П. іберыйская, або іспанская (A. cisternasii), — у Іспаніі і Партугаліі. Жывуць ва ўзгорыстых і гарыстых мясцовасцях. Актыўныя ўначы. Пракопваюць доўгія хады ў глебе.
Даўж. да 5 см. Скура бародаўчатая, папяліста-шэрая Кормяцца беспазваночнымі Самка адкладвае (на сушы) ікру 2 слізістымі шнурамі даўж. да 1,7 м (у кожным да 75 яец), самец намотвае іх на свае сцёгны (адсюль назва) і носіць да вылуплівання апалонікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр.Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРДЭСІЛЬЯ́СКІ ДАГАВО́Р 1494,
пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер калан. захопаў у Зах. паўшар’і, заключанае 7 чэрв. ў г. Тардэсільяс (Іспанія). Дагавор удакладняў лінію падзелу, што станавілі булы рым. папы ад 1493. Паводле Т.д. дэмаркацыйная лінія праходзіла праз абодва полюсы Зямлі і перасякала Атлантычны ак. на адлегласці 370 ліг (больш за 2 тыс.км) ад самай зах. часткі а-воў Зялёнага Мыса (каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі). Землі на У ад гэтай лініі прызнаваліся ўладаннямі Партугаліі, на З ад яе — Іспаніі. Т.д. скасаваны ў 1777.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ўаб Кітаі.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЭ́РА (Duero),
партуг.Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл.бас. каля 95 тыс.км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НІНГ (Canning) Джордж (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),
дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б.ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНЬКО́ Уладзімір Лявонавіч (н. 5.8.1946, в. Вішкавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ін-тміжнар. адносін (1973), Дыпламат. акадэмію МЗССССР (1987). Працаваў у пасольстве СССР у Польшчы, цэнтр. апараце МЗССССР. У 1991—92 нам. міністра, у 1994—97 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы, у 1994 — у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, з 1997 — у Францыі, па сумяшчальніцтве ў Іспаніі і Партугаліі; пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА. Неаднаразова ўзначальваў дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на сесіях Ген. Асамблеі ААН, інш.міжнар. форумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬЯ (Batalha), Санта-Марыя да Віторыя,
каталіцкі кляштар у Партугаліі; помнік гатычнай архітэктуры і рэнесансу. Засн. ў 1385. Уключае касцёл (1388—1402, арх. А.Дамінгіш) з прыбудаванымі да яго «Капэлай Заснавальніка», залай капітула і каралеўскім клуатрам (крытая аркадная галерэя-абход; усе паміж 1402—38, арх. Х’ю). За алтаром касцёла — ратонда-маўзалей «Імперфейта» («Незакончаная капэла», пач. ў 1434, арх. Х’ю, з 1490 — арх. Баітак, М.Фернандыш і інш.) у экзатычным стылі «мануэліна» (ад імя караля Мануэла I). На Пд ад кляштара ўзнік г. Баталья з царквой у стылі «мануэліна» (1512, прыпісваюць Баітаку). Занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТВЕ́ЙН (ням. Portwein ад назвы г.Порту + ням. Wein віно),
моцнае вінаграднае віно, прыгатаванае спіртаваннем спіртам-рэктыфікатам часткова зброджанага вінаграднага сусла з мязгой. Мае 17—19 аб’ёмных працэнтаў спірту, 5—13% цукру. Выпускаюць П. белы (колер ад светла-залацістага да залацістага) і чырвоны (ад светла- да цёмна-чырвонага). Асаблівасць атрымання — працэс партвейнізацыі: награванне вінаматэрыялу ў бочках на працягу 2—3 летніх сезонаў і далейшая вытрымка яго 1—1,5 года. Найлепшыя гатункі П. вырабляюць у Партугаліі («Порта Калхейта», «Порта Барас» і інш.). У краінах СНД шырока вядомыя П. «Лівадзія», «Масандра», «Кокур», «Крымскі» (Украіна), «Айгешат» (Арменія), «Карданахі» (Грузія), «Кізляр» (Расія).