ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш.касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Баталіт (геал.) 2/177; 4/485, гл. Заляганне горных парод
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫ СВО́ЙСКІЯ (Gallus),
птушкі атр. курападобных. Паходзяць ад дзікага банкіўскага пеўня, прыручаны каля 4 тыс. гадоў назад у Індыі. Пароды К.с. падзяляюць на яйцаноскія, мясныя і мяса-яечныя. На Беларусі з.яйцаноскіх парод гадуюць легорнаў, з мясных — карнуэльскіх курэй і плімутрокаў, з мяса-яечных — нью-гемпшыраў і аўстралорпаў. У асабістых гаспадарках гадуюць таксама пароды першамайскую, род-айленд, сусекс.
Маса яйцаноскіх парод да 2,2—3 кг, мясных — да 3,5—5, мяса-яечных — да 3—4 кг. К.с. нясуцца да 10 гадоў. Куры яйцаноскіх парод нясуцца 11—12 мес, мясных парод — да 9 мес у год. Маса яйца 55—65 г. Мяса бройлераў — дыетычны прадукт На прамысл. птушкафабрыках курэй кормяць сухімі камбікармамі, зернем (кукуруза, ячмень і інш.), рыбнай, мяса-касцяной, травяной мукой і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр.б.СССР. На Беларусі адна з асн.парод трусоў.
Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.
Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + сінкліналь),
кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.
Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ РЭ́КІ,
лінейна выцягнутыя намнажэнні абломкаў горных парод, якія павольна рухаюцца ў неглыбокіх лагчынах уніз па схілах пад уздзеяннем сілы цяжару, працэсаў выветрывання і саліфлюкцыі. Найб. характэрны для раёнаў з кантынентальным кліматам і пашырэннем сезонна- і шматгадовамёрзлых парод. Дасягаюць даўжыні некалькіх кіламетраў. Часта трапляюцца ва Усх. Сібіры, Забайкаллі, Саянах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЗ, шчэбень,
1) рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) парода, якая складаецца з востравугольных абломкаў цвёрдых парод памерам ад 10 да 100 мм. Вылучаюць па велічыні абломкаў Д. буйны (50—100 мм), сярэдні (25—50 мм) і дробны (10—25 мм). Утвараецца пры выветрыванні горных парод. Трапляецца ў выглядзе рыхлых і слабасцэментаваных намнажэнняў.
2) У будаўніцтве — буд. матэрыял у выглядзе востравугольных абломкаў памерам 5—150 мм. Уключае прыродны Д. і прадукты спец. драблення цвёрдых горных парод, камянёў, штучных каменных матэрыялаў (цэглы і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для бетонных сумесей, чыг. баласт, пры буд-ве аўтадарог, гідратэхн. збудаванняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З, геалагічны профіль,
графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.