1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.
П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш.Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́Т,
астатак пасля атм.перагонкі нафты (адгонкі бензінавых, газавых і газойлевых фракцый). Густая вадкасць цёмна-рудога колеру, шчыльн. 890—1000 кг/м³, т-ра застывання 10—40 °C, цеплата згарання 39,4—40,7 МДж/кг. Выхад М. складае 50% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць як вадкае кацельнае паліва, прадукты вакуумнай дыстыляцыі М. — як сыравіну для атрымання маторнага паліва, змазачных масел. Гл. таксама Гудрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ СТУПЕ́НЬ, ступень ракеты,
частка шматступеньчатай ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным этапе актыўнага ўчастка траекторыі. Складаецца з ракетнага рухавіка, паліўнага адсека з запасам паліва, органаў і апаратуры кіравання, сістэмы раздзялення ступеней і інш. Пасля расходавання паліва і спынення работы рухавіка Р.с. аддзяляецца ад наступных ступеняў, якія працягваюць палёт. Апошняя Р.с. нясе карысны груз (галаўную частку, касм. апарат і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр.тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА ЗГАРАННЯ,
замкнёная прастора для спальвання газападобнага, вадкага або цвёрдага паліва. Спальванне адбываецца перыядычна (напр., у поршневых рухавіках унутр. згарання) ці неперарыўна (у газатурбінных і рэактыўных рухавіках).
К.з. поршневага рухавіка ўтвараецца ўнутр. паверхняй галоўкі цыліндра і днішчам поршня; у газатурбінных рухавіках К.з. звычайна ўбудоўваецца непасрэдна ў рухавік. Асн. патрабаванні: устойлівасць працэсу гарэння, высокая цепланапружанасць і паўната згарання паліва, найменшыя цеплавыя страты і інш.Гл. таксама Камерная печ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Хабараўскім краі Расійскай Федэрацыі. Працягласць 150 км, шыр. 50—60 км. Пл. 6000 км². Вугляносныя адклады верхняй юры—ніжняга мелу. Балансавыя запасы да глыб. 300 — 1,9 млрд.т.
Адкрыты ў 1844, прамысл. распрацоўка з 1939. Вуглі каменныя, маркі Г. Цеплыня згарання на рабочае паліва каля 20 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Вуглі выкарыстоўваюцца як энергет.паліва на ТЭЦ (80%) і прамысл. прадпрыемствамі рэгіёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ТАР (лац. recuperator які атрымлівае зноў),
цеплаабменны апарат для рэкуперацыі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва. Цеплаперадача ад гарачага цепланосьбіта (газападобных прадуктаў згарання паліва) да халоднага (паветра, газ, вада) адбываецца праз раздзяляльную паверхню (метал. ці керамічную). Адрозніваюць апараты з прама- і процітокам, перакрыжаваным токам цепланосьбіта і камбінаваныя. Бываюць трубчастыя, рабрыстыя, пласціністыя і інш. У Р. падаграваюць газ, паветра (рэкуператыўныя паветранагравальнікі) ці вадкасць. Выкарыстоўваюць у металургічнай і хім. прам-сці, цеплатэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,
рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.
У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВт∙гадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс.кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл.напр., Дызельная электрастанцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),
рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім.паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.
Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.
Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.