НІЗКАПАМЕ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы, памер якіх уздоўж хаця б аднаго прасторавага напрамку супараўнальны з адным з характэрных памераў яе структурных элементаў. Бываюць двух-, адна-, нульмерныя і фрактальныя. Напр., малекулярны слой — двухмерная сістэма, паколькі мае 2 класічныя памеры і 1 квантавы. Аналагічна, ланцужок малекул — аднамерная сістэма, квантавы пункт (атамны кластэр) — нульмерная сістэма. Аб’екты з дробнай размернасцю наз. фрактальнымі. Адрозніваюць стацыянарныя і нестацыянарныя Н.с. Прыклад стацыянарнай Н.с. — звышрашотка з крышт. слаёў рознага хім. саставу, структуры або арыентацыі, якія перыядычна паўтараюцца ў адным напрамку. Для электрона праводнасці з даўжынёй свабоднага прабегу больш за перыяд звышрашоткі неперарыўны спектр дазволеных значэнняў энергіі электрона ў зоне праводнасці разбіваецца на падзоны (гл. Зонная тэорыя). Пры гэтым спектр энергіі для руху электрона ўздоўж слаёў застаецца неперарыўным. Стацыянарныя Н.с. ствараюць метадамі нанатэхналогіі. Да нестацыянарных Н.с. адносяцца дынамічныя рашоткі, салітоны, дамены эл. поля ў Гана дыёдах, «ніці» току і святла ў паўправадніковых прыборных структурах і інш. Выкарыстоўваюцца як функцыян. элементы нанаэлектронікі з прычыны высокай адчувальнасці да знешніх уздзеянняў і моцнай залежнасці ўласцівасцей ад памераў і формы.

Літ.:

Гл. да арт. Нанатэхналогія, Нанаэлектроніка.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;

Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;

Закон единства противоположностей. Киев, 1991.

А.​І.​Осіпаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),

перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.

2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.​Дз.​Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́І (Pompei),

горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс. ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.

У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана ​3/5 тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.

А.​У.​Казленка.

Да арт. Пампеі. Дом Фаўна. 2 ст. да н.э.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫМАЛО́ГІЯ (грэч. etymologia ад etymon ісціна, сапраўднае значэнне слова + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне значымых адзінак мовы (слоў, марфем, устойлівых спалучэнняў, выразаў) шляхам узнаўлення першапачатковых фармальных і семантычных сувязей паміж імі, страчаных або аслабленых у працэсе развіцця асобных моў. Гэта дасягаецца праз ідэнтыфікацыю (атаясамліванне) моўных адзінак ці іх частак пры параўнанні на падставе параўнальна-гіст. метаду. Пры ідэнтыфікацыі выкарыстоўваюць фанет., словаўтваральны, семантычны, культ.-гіст. і інш. крытэрыі. Фанет. крытэрый грунтуецца на веданні дакладных гукавых адпаведнікаў у роднасных мовах (гл. Роднасць моў), што дазваляе атаясамліваць знешне непадобныя моўныя адзінкі, напр., бел. «бераг» і польск brzeg. Словаўтваральны ўстанаўлівае вытворную аснову этымалагічна няяснага слова шляхам уключэння яго ў вядомы словаўтваральны рад (мадэль), напр., паходжанне тэрміна «бі́ла» (язык звана, дэталь у кроснах і інш.) ад «біць» пацвярджаецца радам утварэнняў: «шы́ла» (ад «шыць»), мы́ла (ад «мыць») і г.д. Семантычны ўлічвае тыповыя змены значэнняў унутры адной ці ў розных мовах, параўн., бел. «гара» і балг. гора́ (лес, звычайна на гарах). Звесткі з этнаграфіі, гісторыі, міфалогіі выкарыстоўваюцца ў якасці культ.-гіст. крытэрыя пры этымалагізацыі асобных слоў, устойлівых выразаў, моўных клішэ, рытуальных формул і інш. Напр., дыялектнае слова «ластавінне» (вяснушкі) паходзіць са стараж. уяўленняў, згодна з якімі разбурэнне гнязда ластаўкі прыводзіла да з’яўлення вяснушак на твары таго, хто гэта зрабіў. Пры этымалагізацыі ў залежнасці ад старажытнасці слова ў якасці параўнальнага матэрыялу прыцягваюцца факты адной мовы (найб. каштоўнасць маюць паказанні дыялектаў, паколькі ў іх часцей, чым у літ. мове, захоўваюцца архаічныя формы і значэнні), групы ці ўсёй сям’і роднасных моў, а таксама факты няроднасных моў (для вызначэння крыніц запазычанняў, калек і тыпалагічных паралелей). Пры ігнараванні ці няведанні навук. крытэрыяў этымалагізацыі паходжанне моўных адзінак тлумачыцца на падставе іх выпадковага знешняга падабенства [напр., дыялектнае слова «не́лень» (від дуба, які позна распускаецца) звязваюць з паняццем «лянівы» (параўн. інш. назву — лянівы дуб), на самай справе паходзіць ад «ліняць», пра што сведчыць інш. дыялектная назва «не́лін» (від дуба, на якім доўга трымаецца лісце); гл. Народная этымалогія].

На ранніх этапах развіцця Э. для выяўлення першапачатковага значэння дапускаліся адвольныя збліжэнні падобных слоў. Навук. характар Э. набыла толькі ў межах параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. асабліва калі з’явіліся першыя этымалагічныя слоўнікі. У этымалагічных слоўніках часта прыводзяцца толькі гіпатэтычныя меркаванні (паколькі для ўстанаўлення паходжання пэўных слоў і выразаў не заўсёды ёсць гістарычна засведчаныя факты). У асобных выпадках такіх этымалагічных версій можа быць некалькі. пры поўнай іх адсутнасці канстатуецца няяснасць паходжання слова. У галіне бел. Э. працавалі Я.​Ф.​Карскі, Р.​А.​Ільінскі. М.​О.​Коген. Л.​М.​Цвяткоў. П.​А.​Бузук і інш. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі і ВНУ рэспублікі.

Літ.:

Булахаў М.Г. З этымалагічных назіранняў Я.​Ф.​Карскага // Весн. БДУ. Сер. 4. 1971. № 1;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Мн., 1981;

Галас Б.К. Да пытання аб лексікаграфічнай спадчыне Ф.​С.​Шымкевіча // Беларуская лінгвістыка. 1985. Вьш. 28;

Міжславянскія ізалексы ў беларускіх этымалагічных слоўніках. Мн., 1998.

Г.​А.​Цыхун.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ (ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),

кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.​Вертгаймер, В.​Кёлер, К.​Кофка, К.​Дункер, К.​Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам. праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».

Літ.:

Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;

Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г. Мн., 1995;

Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;

Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,

плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.​Страхаў, К.​Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас. рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.​Чарнышэўскі, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, К.​Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ ФО́РМА СЛО́ВА,

матываваная сувязь семантычнай і марфемна-словаўтваральнай будовы аднаго слова (яго асновы) з інш. словам, лексічнае значэнне якога заключае ў сабе тую семантычную прыкмету, якая была пакладзена ў аснову ўтварэння новага наймення. Напр., «ляснік» — ’чалавек, звязаны з лесам’<«лес»; «леснічоўка» — ’хатка лесніка’<«ляснік»; «залессе» — ’месца...’<«за лесам»; «падлесак» — ’маладыя дрэўцы ў лесе’ <«пад лесам». У аснове ўсіх чатырох намінацый (назоўнікаў) ляжыць агульная семантычная прыкмета — значэнне марфемы «-лес-», якая і служыць базай У.ф.с. з рознымі лексічнымі значэннямі. Часцей У.ф.с. выяўляецца шляхам словаўтваральнага аналізу. Але паколькі У.ф.с. непасрэдна не звязана з лексічным значэннем новага слова, яна нярэдка зацямняецца або страчваецца зусім (параўн., «стол» <’сцяліць’ і «заяц»<’скакаць’). У такіх выпадках для высвятлення У.ф.с. праводзіцца этымалагічны аналіз. Напр., бел. «горад» і англ. town маюць аднолькавую ўнутр. форму. Але калі ў слове «горад» яшчэ адчуваецца сувязь з ’агароджваць’, то для англ. town яна адкрываецца пры супастаўленні з фанетычна суадпаведнымі словамі інш. моў: англ. town — ням. Zaun — ’агароджа, плот’ — бел. «тын» — ’плеценая агароджа’. Унутр. форма моўнага знака можа існаваць у формах: яўнай («сасновы лес»), згорнутай («сасоннік») і скрытай («бор» — ’сасновы лес, сасоннік’). 1-я форма вывучаецца сінтаксісам, 2-я — словаўтварэннем, 3-я — этымалогіяй.

Літ.:

Гл. да арт. Этымалогія.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,

сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.​Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.

Літ.:

Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;

Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;

Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.

С.​Г.​Беленькі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,

тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.

Сфармуляваны І.​Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону: dp→ / dt = F→ , дзе p→ = mv→ — імпульс, m — маса і v→ — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, F→ — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;

Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.

А.​І.​Зубаў.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)