ЛІЦЭ́Й (ад грэч. Lykeion),
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова ў некаторых краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі. У Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. саслоўная прывілеяваная сярэдняя або вышэйшая навуч. ўстанова для дзяцей дваран, якая рыхтавала дзярж. чыноўнікаў для ведамстваў, гал. чынам для Мін-ва ўнутр. спраў. Найб. вядомыя Царскасельскі (1811—1917; з 1844 наз. Аляксандраўскі і пераведзены з Царскага Сяла ў Пецярбург), Дзямідаўскі ў Яраслаўлі (1803—1918), Рышэльеўскі ў Адэсе (1817—65), Крамянецкі (1819—34), Нежынскі (1820—75). Пасля 1917 ліквідаваны. У 1990 адроджаны. У Беларусі Л. — прафесійна арыентаваная ступень сярэдняй школы з тэрмінам навучання 2—4 гады, існуюць звычайна пры ВНУ (у 1998/99 навуч. г. 26 Л.). Гал. іх задача — мэтанакіраваная падрыхтоўка будучых студэнтаў.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
навучальная ўстанова ў Германіі. Засн. ў 1780 як ун-т. З 1818 Акадэмія філасофіі і тэалогіі, з 1902 ун-т, з 1907 ун-т Мюнстэра. У 1997/98 навуч. г. каля 45 тыс. студэнтаў; ф-ты: каталіцкай тэалогіі, пратэстанцкай тэалогіі, юрыд., філас., гісторыі і філасофіі, эканомікі і сац. навук, мед. (у т. л. стаматалогія), матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, псіхалогіі, адукацыі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізкультуры, ням. мовы і л-ры, класічных і нееўрап. моў, мастацтва, у т. л. падрыхтоўка настаўнікаў; ф-ты вывучэння Германіі, Вялікабрытаніі і інш. краін. У складзе ун-та ін-ты, б-кі, у т. л. універсітэцкая (больш за 1,5 млн. тамоў) і інстытуцкія (1 млн. 655 тыс. тамоў); мінералагічны, геалагічны, археалагічны музеі.
В.М.Навумчык.
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),
Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел. дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.
т. 11, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫНГА ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
узброеная інтэрвенцыя войск ЗША пад камандаваннем ген. Дж.Дж.Першынга ў Мексіцы ў 1916—17. Выклікана імкненнем ЗША паралізаваць Мексіканскую рэвалюцыю 1910—17 і абараніць інтарэсы амер. манаполій. У якасці падставы для інтэрвенцыі быў выкарыстаны напад мекс. атрада Ф.Вільі на амер. прыгранічны г. Калумбус. З вымушанай згоды прэзідэнта Мексікі В.Карансы ЗША увялі ў мекс. штат Чыўаўа армію Першынга (12 тыс. чал.). Амер. войскі прасунуліся ў глыб Мексікі, але сустрэлі там моцнае супраціўленне партызан Вільі і мекс. рэгулярных войск. Узбр. адпор інтэрвенцыі ў выніку патрыят. ўздыму мексіканцаў, антыамер. выступленні ў многіх лац.-амер. краінах, а таксама падрыхтоўка ЗША да ўступлення ў 1-ю сусв. вайну прымусілі ўрад ЗША ў студз.—пач. лют. 1917 вывесці свае войскі з Мексікі.
В.А.Юшкевіч.
т. 12, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),
метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.
т. 16, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Й,
хлебны выраб; вял. круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-н. урачыстасці; вясельны абрадавы пірог у слав. народаў. На традыц. бел. вяселлі К. замешвалі і пяклі запрошаныя жанчыны — каравайніцы. Падрыхтоўка і выпяканне яго суправаджаліся каравайнымі песнямі, танцамі. У канцы застолля сват з прыгаворамі дзяліў і раздаваў К. радні, гасцям жаніха і нявесты, якія віншавалі і абдорвалі маладых. Вясельны К. аздаблялі ляпным, ціснёным ці маляваным дэкорам, жывымі і штучнымі кветкамі, галінкамі дрэў і раслін. У старажытнасці характар упрыгожання меў яскрава выяўлены сімвалічны сэнс: пажаданне сям’і шчасця і многа дзяцей, дастатку ў хаце (вылепленыя з цеста птушкі, птушынае гняздзечка з яйкамі, фігуркі маладога з маладой, а за імі — немаўля і інш.). У наш час як К. выкарыстоўваюць пакупны торт і інш. кандытарскія вырабы, пякуць і традыц. К.
Я.М.Сахута.
т. 8, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць фіз. і фізіка-хім. метадаў вызначэння колькасці ці колькасных суадносін кампанентаў у аналізуемым узоры; адзін з асн. раздзелаў аналітычнай хіміі. Кампанентамі, якія неабходна вызначыць, могуць быць атамы, ізатопы, малекулы, функцыян. групы, іоны, фазы і інш. (гл. Элементны аналіз, Функцыянальны аналіз). Класічныя метады К.а. — гравіметрычны аналіз і аб’ёмны аналіз.
У К.а. карыстаюцца інстр. метадамі, якія заснаваны на залежнасці фіз. і фізіка-хім. уласцівасцей рэчываў ад іх саставу і падзяляюцца на электрахім., спектральныя ці аптычныя, рэнтгенаўскія, храматаграфічныя, мас-спектраметрычныя і інш. Методыка К.а. рэгламентуе стадыі правядзення аналізу: адбор пробы; падрыхтоўка пробы да аналізу; вымярэнне аналіт. сігналу — фіз. велічыні (аптычнай шчыльнасці, інтэнсіўнасці спектральнай лініі і інш.), што карэліруе з колькасцю вызначаемага кампанента; разлік вынікаў аналізу. Ствараюцца і камп’ютэрызаваныя экспрэсныя метады аналізу з высокай адчувальнасцю, дакладнасцю і ўзнаўляльнасцю.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 8, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,
стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМАТЫЗА́ЦЫЯ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і яго інкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР ПАДРЫХТО́ЎКІ КАСМАНА́ЎТАЎ імя Ю.А.Гагарына (з 1968). Засн. ў 1960. Знаходзіцца ў Зорным гарадку. Прызначэнне — адбор і падрыхтоўка касманаўтаў да палётаў на ўсіх тыпах пілатуемых касмічных апаратаў па нац. і міжнар. касм. праграмах.
Мае вучэбна-трэніровачную (баракамеры, сурдакамеры, тэрмакамеры і інш. трэнажоры, поўнапамерныя макеты касм. караблёў і адсекаў арбітальных станцый і інш.), даследчую, лётную (самалёты і верталёты для ўдасканалення навыкаў пілатавання, мадэліравання стану бязважкасці і інш.) базы. У Цэнтры прайшлі падрыхтоўку (на 1.1.2003) больш за 300 сав. (рас.) касманаўтаў і прадстаўнікоў інш. краін (паводле праграм «Інтэркосмас», «Еўра-Мір», «Мір-НАСА», «Міжнар. касм. станцыя» і інш.), у т. л. 5 прадстаўнікоў Беларусі (У.В.Кавалёнак, П.І.Клімук, Б.М.Белавусаў, А.І.Дзядкоў і А.У.Шчукін — гл. Дадатак). Першы нач. Цэнтра — Я.А.Карпаў (1960—63), з 1991 — Клімук.
Літ.:
Космическая академия. М., 1987.
У.С.Ларыёнаў.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)