вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й (грэч. Perseus; каля 213—166 да н.э.),
апошні цар Македоніі [179—168 да н.э.]. Імкнуўся аднавіць гегемонію Македоніі, якая была падарвана войнамі яго бацькі Філіпа V з Рымам (1-я Македонская вайна 215—205 да н.э.; 2-я — 200—197 да н.э.). Арганізаваў і ўзначаліў антырым. кааліцыю, заключыў саюз з плямёнамі ілірыйцаў, фракійцаў, дзяржавай Селеўкідаў, Родасам і інш. а-вамі Грэцыі; усюды падтрымліваў варожыя Рыму дэмакр. групоўкі. У час 3-й Македонскай вайны (171—168 да н.э.) напачатку атрымаў некалькі перамог, але ў бітве каля Підны (168 да н.э.) быў разбіты, трапіў у палон, адпраўлены ў Рым, дзе і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,
старажытны горад на правым беразе р. Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́НА (грэч. Kyrēnē),
старажытны горад у Паўн. Афрыцы (цяпер г. Шахат, Лівія). Засн. каля 630 да н.э.грэч. каланістамі з в-ва Фера. Да 460 да н.э. правіла царская дынастыя, потым усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Каля 331 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, з 322 у складзе дзяржавы Пталамеяў, з 96 да н.э. пад уладай Рыма. Адзін з гандл. і культ. цэнтраў антычнасці. Пасля ліквідацыі паўстання іудзеяў (117 н.э.) заняпала. У 7 ст. зруйнавана арабамі. У выніку археал. раскопак (вядуцца з пач. 20 ст.) адкрыты рэшткі ант. помнікаў: комплексаў акропаля, Капітолія, Цэзарэума і Агары; храмаў Апалона (канец 7 ст. да н.э.), Артэміды (6 ст. да н.э.), вялікіх і малых тэрмаў (1—2 ст.), тэатра, а таксама каменная скульптура, керамічныя вырабы і інш. У К. нарадзіўся стараж.-грэч. філосаф Арыстып.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯСтаражытная
(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),
дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж.Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч.полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.
Літ.:
Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;
Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;
Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),
цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш.тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫ (лац. Galli),
кельцкія плямёны, якія ў 6—5 ст. да н.э. засялілі тэрыторыю, названую рымлянамі Галія. У Італію галы прыйшлі, верагодна, з Поўначы, у 387 да н.э. захапілі Рым, пасля адступілі і аселі на Пн ад р. По. У 3 ст. да н.э. занялі Швейцарыю, у 2 ст. да н.э.паўн.-ўсх. раёны Галіі. Пасля 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) галы ў Італіі трапілі пад уладу Рыма. Мелі даволі высокую культуру (гл.Латэн), гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НЫ (Latini),
плямёны старажытнай Італіі (адгалінаванне італікаў), якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі сучасную вобл.Лацыо. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі родавымі паселішчамі. Зазналі ўплыў этрускаў. Разам з сабінамізасн. Рым (754—753 да н.э.). У пач. 1-га тыс. да н.э. аб’ядналіся ў Лацінскі саюз на чале з г.Альба-Лонга. Пасля ліквідацыі ў 338 да н.э. Лацінскага саюза і падпарадкавання Рымам большасці абшчын Лацыі Л. атрымалі абмежаваныя грамадз. правы, з 90 да н.э. паўнапраўныя грамадзяне Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),
старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.
Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДА́М (Hippodamos) з Мілета, старажытнагрэчаскі архітэктар-горадабудаўнік 5 ст. да н.э. Распрацаваў прынцып рэгулярнай планіроўкі ант. гарадоў — т.зв. гіпадамава сістэма. Яму прыпісваюць планіроўку Пірэя (пасля 446 да н.э.), Родаса (408—407 да н.э.) і інш.