ЛІ́НДЭ ((Linde) Карл Паўль Готфрыд фон) (11.6.1842, г. Турнаў, Германія — 16.11.1934),

нямецкі фізік і інжынер, адзін з заснавальнікаў вытв-сці халадзільнай тэхнікі. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. У 1868—78 і 1892—1910 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Мюнхене. На падставе выкарыстання Джоўля—Томсана эфекту сканструяваў і пабудаваў першую прамысл. ўстаноўку для атрымання вадкага паветра (1895) і рэктыфікацыйны апарат для раздзялення паветра на кампаненты (1902).

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),

нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСЁР, нямецкі бульдог,

парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

Баксёр.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЎ ((Below) Георг Антон Гуга фон) (19.1.1858, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 20.10.1927),

нямецкі гісторык-медыявіст. Праф. у Мюнстэры (з 1891), Марбургу (з 1897), Цюбінгене (з 1901), Фрайбургу (1905—24). Даследаваў гісторыю дзярж. ладу і гаспадаркі ням. гарадоў у сярэднявеччы. Крытыкаваў вотчынную тэорыю, прызнаваў вядучую ролю палітыкі і права ў гісторыі. Гал. працы: «Тэрыторыя і дзяржава» (1900), «Нямецкая дзяржава ў сярэднія вякі» (1914), «Праблемы эканамічнай гісторыі» (1920).

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТУ́ЗІЙ ((Althusius) Іаган) (1557, Дзідэнсгаўзен, Паўн. Рэйн-Вестфалія, Германія — 12.8.1638),

нямецкі юрыст, тэарэтык права. Атрымаў адукацыю ў Базельскім ун-це. У 1586—1604 праф. права ў Гербарне. З 1604 бургамістр, з 1627 старшыня кальвінісцкай кансісторыі г. Эмдэн. У сваёй гал. працы «Палітыка...» (1603) адзін з першых абгрунтаваў тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Развіваў і сцвярджаў ідэю вяршэнства і неадчужальнасці нар. суверэнітэту, перад якім адказныя носьбіты дзярж. улады.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЭНБАХ ((Wattenbach) Вільгельм) (22.9.1819, Ранцаў, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 20.9.1897),

нямецкі гісторык. Чл. Прускай АН (з 1881). Праф. Гейдэльбергскага (з 1862) і Берлінскага (з 1872) ун-таў. З 1843 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Помнікаў германскай гісторыі» (Monumenta Germaniae Historica) — шматсерыйнага выдання крыніц па гісторыі Германіі 500—1500 (з 1875 у складзе цэнтр. дырэкцыі, у 1886—88 кіраўнік выдання). Гал. праца — «Крыніцы па гісторыі Германіі ў сярэднія вякі да сярэдзіны 13 ст.» (1858).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАЙСТЭР ((Hofmeister) Вільгельм Фрыдрых Бенядзікт) (18.5.1824, г. Лейпцыг, Германія — 12.1.1877),

нямецкі батанік, адзін са стваральнікаў эмбрыялогіі раслін. Праф. Гейдэльбергскага (з 1863) і Цюбінгенскага (з 1872) ун-таў. Навук. працы па фізіялогіі раслін. Апісаў утварэнне семязавязі і зародкавага мяшка, працэс апладнення і развіццё зародка ў пакрытанасенных раслін (1849). Даказаў адзінства цыкла развіцця споравых і насенных раслін (1851), вызначыўшы чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў у імхоў, дзярэз, хвашчоў, папарацей і голанасенных.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)