графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАЛЯ́РНЫ ГОД (МПГ),
перыяд адначасовых геафіз.назіранняў у палярных абласцях і асобных горных ледавіковых раёнах Зямлі па агульнай праграме і адзінай методыцы. У 1-ы МПГ (жн. 1882 — жн. 1883) геафіз., метэаралагічныя і некаторыя біял. назіранні вяліся 12 краінамі ў 13 пунктах паўн. палярнай вобласці і ў 2 — паўд. палярнай вобласці. 2-і МПГ (жн. 1932 — жн. 1933) уключаў таксама першыя радыёзондавыя, радыёфіз. і акустычныя назіранні атмасферы, экспедыцыйныя назіранні з суднаў, вывучэнне горных ледавікоў. Назіранні праводзіліся 45 краінамі на больш як 100 станцыях. Пра 3-і МПГ (1957—58) гл.Міжнародны геафізічны год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗВЕ́ЦКІ (Іосіф Маркавіч) (23.6.1908, г. Магілёў — 26.12.1959),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў 1-ы курс Прамакадэміі (1941). Працаваў машыністам на ледаколе «Ярмак», які ў 1938 удзельнічаў у выратаванні ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін», «Георгій Сядоў». Апошні карабель вывесці з лядовага палону не ўдалося, таму частку яго экіпажа замянілі чл. «Ермака». У цяжкіх умовах 812-дзённага дрэйфу экіпаж з 15 маракоў, у т. л. Н., правёў цыкл назіранняў у недаследаванай частцы Арктычнага басейна, за што кожнаму з іх было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Вял.Айч. вайну з 1943 на фронце. Пасля вайны ў Запаляр’і, загінуў на палярнай станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),
расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.Бюфона, Тацыта, Л.Эйлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́, непалярызаванае святло,
аптычнае выпрамяненне з хуткімі і хаатычнымі зменамі напрамку вектара напружанасці эл.-магн. поля. Мае восевую сіметрыю адносна напрамку распаўсюджвання. Прамое сонечнае святло блізкае да Н.с.
Святло, выпрамененае асобным цэнтрам выпрамянення (напр., атамам, малекулай), лінейна палярызаванае і захоўвае такі стан на працягу 10−8с (ці менш, што вынікае з назіранняўінтэрферэнцыі пры вял. рознасці ходу). У наступным акце выпрамянення святло можа мець іншы напрамак палярызацыі Многія натуральныя крыніцы святла (напр., напаленыя целы, святлівыя газы) выпрамяняюць часткова палярызаванае святло, што тлумачыцца праходжаннем святла з глыбінных слаёў і ад крыніцы да назіральніка праз асяроддзе (палярызацыя пры адбіцці і рассейванні святла, дыхраізм асяроддзя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСШЫРЭ́ННЕ СУСВЕ́ТУ,
павелічэнне ў часе адлегласцей паміж аб’ектамі Сусвету. Вынікае з нестацыянарнай мадэлі Сусвету, тэарэтычна распрацаванай Фрыдманам на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Р.С. пацвярджаецца данымі пазагалактычных астр.назіранняў (чырвонае зрушэнне, рэліктавае выпрамяненне). Лічыцца, што Р.С. пачалося пасля Вялікага Выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная).
З вымярэнняў чырв. зрушэння можна вызначыць скорасці галактык v, з якімі яны аддаляюцца ад назіральніка. Паводле закону Хабла v = H∙r, дзе r — адлегласць ад назіральніка, H — пастаянная Хабла (характарызуе Р.С.). Паводле сучасных ацэнак яна дае павелічэнне скорасці разбягання галактык прыблізна на 90 км/с на 1 Мпк адлегласці. Велічыня, адваротная пастаяннай Хабла, прыблізна роўная ўзросту Сусвету. Гл. таксама Касмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.