МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ І ЗАПАВЕ́ДНІКІ.
Ствараюцца ў месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю выдатных людзей, для аховы і зберажэння гэ тых месцаў і навакольнага прыроднага асяроддзя. М.з. і з. рэсп. значэння ствараюцца паводле пастаноў СМ Рэспублікі Беларусь. Для захавання прыроднага ландшафту, забеспячэння аховы рэдкіх і каштоўных аб’ектаў прыроды, гісторыі і культуры у мемарыяльных запаведніках уводзіцца спец. рэжым (гл. ў арг. Запаведнікі). У мемарыяльных заказніках забараняюцца суцэльныя высечкі лесу, здабыча нярудных карысных выкапняў, правядзенне гідрамеліярац. і інш. земляных работ, буд-ва, не ўзгодненае з Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На Беларусі дзейнічаюць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», Коласаўскі заказнік.
т. 10, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛАПІ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
дрэварэзальны станок з круглай пілой для падоўжанага, папярочнага або змешанага распілоўвання драўніны і драўняных матэрыялаў. Бываюць адна-, двух- і шматпільныя, з аўтам. і ручной падачай матэрыялу (або інструменту). Частата вярчэння піл да 3000 аб/мін і болей.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АДМІНІСТРА́ЦЫЯ,
1) сістэма ваенна-адм. органаў дзяржавы, дзярж. апарат ваен. кіравання (Мін-ва абароны, ваен. камісарыяты).
2) Ваеннае кіраўніцтва на акупіраванай тэрыторыі.
3) Вучэбная дысцыпліна, якая вывучае пытанні агульнай арганізацыі і ўладкавання ўзбр. сіл, ваен. кіравання, камплектавання і ваеннай службы.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ,
светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).
Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.
т. 6, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА БЕЛАРУ́СКІХ СПРАЎ ЛІТВЫ́,
орган выканаўчай улады ў літ. урадзе ў 1918—23. Створаны ў выніку перагавораў паміж Віленскай беларускай радай і Прэзідыумам Літоўскай Тарыбы ад 27.11.1918. Беларусам адводзілася 25% з агульнай колькасці месц у літ. урадзе, дзейнічала на тэр. Гродзеншчыны і Віленшчыны. Мін-ва ўзначальвалі Я.Варонка (1.12.1918—12.3.1919; 12.4.1919—19.6.1920) і Д.Сямашка (19.6.1920—2.2.1922). Сфарміравала 1-ы бел. пешы полк, які дыслацыраваўся ў Гродне. Пры ўдзеле прадстаўнікоў М.б.с.Л. створаны гродзенскія пав. рада, бел. краёвая ўправа і к-т сувязі культ.-нац. адраджэння Беларусі. Мела на мэце папярэдзіць акупацыю бел. зах. зямель Польшчай шляхам стварэння супольнай бел.-літ. дзяржавы. У 1923, пасля канчатковага далучэння Віленшчыны да Польшчы, адносіны з ліг. урадам пагоршыліся і мін-ва спыніла сваю дзейнасць.
У.Ф.Ладысеў.
т. 10, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОЧ,
цёмная частка сутак ад заходу Сонца вечарам да яго ўсходу раніцай. Разам з днём складае суткі. Працягласць (даўжыня) Н. залежыць ад геагр. шыраты мясцовасці і схілення Сонца адносна гарызонту. На зямным экватары даўжыня Н. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і — больш за 12 гадз пры адмоўным схіленні Сонца (у халодны перыяд) і менш за 12 гадз пры дадатным. Найб. даўжыня Н. ў Паўн. паўшар’і бывае ў дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.), найменшая — у дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.). За палярным кругам даўж. Н. зімой можа перавышаць 24 гадз (палярная Н.), на полюсах Н. і дзень доўжацца па паўгода. Самая доўгая Н. у Мінску складае 16 гадз 29 мін, самая кароткая — 6 гадз 49 мін.
т. 11, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́,
спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3630 км (адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет). Адлегласць ад цэнтра Юпітэра 421,6 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 1 сут 18 гадз 28 мін. Магутныя праявы вулканізму. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыты Г.Галілеем (1610).
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНО́ГА РЭГІ́СТРА БЕЛАРУ́СКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ,
дзяржаўная ўстанова, якая ажыццяўляе класіфікацыю, тэхн. нагляд за суднамі ўнутр. воднага рачнога і мараплавання транспарту, класіфікацыю ўнутр. водных шляхоў паводле ўмоў плавання. Засн. ў 1957. Уваходзіць у склад упраўлення рачнога флоту Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
т. 2, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІІ ў Расіі,
цэнтральныя ўстановы ў 18 — пач. 19 ст., якія ведалі асобнымі галінамі дзярж. кіравання. Уведзены Пятром I у 1717—21 замест прыказаў. Першыя К.: Замежных спраў, Ваенная, Адміралцействаў-К., Камер-К., Юстыц-К., Рэвізіён-К. і інш. Скасаваны з утварэннем мін-ваў.
т. 7, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)