украінскі і расійскі спявак (барытон). Нар.арт.СССР (1957). Скончыў Кіеўскі муз.-драм.ін-т імя М.Лысенкі (1929). У 1930—52 саліст Адэскага і Кіеўскага, у 1952—68 — Ленінградскага т-раў оперы і балета. У 1973—83 выкладаў у Ленінградскай кансерваторыі. Валодаў мяккім голасам прыемнага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» Лысенкі), Яўген Анегін, Мазепа, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Мазепа», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рэната, Рыгалета, Аманасра («Баль-маскарад», «Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выконваў рамансы, рус., укр.нар., неапалітанскія песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес.музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Майлс Дзьюі) (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.Леско). 1547—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1956, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. спявак (бас). Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас С.Асколкава). З 1982 саліст Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Валодае прыгожым моцным голасам яркага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Воланд («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Папагена і Зарастра, Лепарэла («Чароўная флейта», «Дон Жуан» В.А.Моцарта), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), цар Егіпта, Рамфіс («Аіда» Дж.Вердзі), Крэспель («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Цуніга («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Растоў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» С.Картэса (Свяшчэннік) і «Таямніца старога замка» У.Кандрусевіча (Здань).
Лаўрэат Рэсп. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,
«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв.«Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),
бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, А.Багатырова, Я.Глебава, У.Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.Сікорскі, В.Бельцюкова, Н.Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар.муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),
польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер 3/4 ці 3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес.бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.Ельскія, Ф.Міладоўскі, у 20 ст. А.Багатыроў, Г.Вагнер, Э.Тырманд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,
музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз.музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л.бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел.муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.Аладава, Э.Алейнікава, У.Алоўнікаў, В.Антаневіч, Г.Глушчанка, Т.Дубкова, І.Зубрыч, І.Лучанок, Л.Мухарынская, І.Нісневіч, Р.Сергіенка, В.Сізко, Б.Смольскі, Л.Сцяпура, Г.Цітовіч, Т.Шчарбакова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел.муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).