ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),

французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЬ-ХРУСТА́ЛЬНЫ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл., на р. Гусь. Узнік у сярэдзіне 18 ст. 80,7 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Цэнтр шкляной прам-сці [вытв-сць хрусталю (гл. Гусеўскі хрусталёвы завод), асабліва чыстага кварцу, шкла, шкловалакна]; лёгкая прам-сць. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка; музей хрусталю.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ХТЛА-Я́РВЕ (Kohtla-Järve),

горад у Эстоніі, размешчаны на плато Паўн.Усх. Эстоніі. 69,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр сланцаздабыўной і сланцахім. прам-сці, развіты эл.-тэхн., хім., паліўная, буд. матэрыялаў, мэблевая, лёгкая, харч. прам-сць. Газаправоды ў С.-Пецярбург і Талін. Музей сланцу. Філіял дзярж. маст. музея Эстоніі. Царква 15 ст.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.

Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.​Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.​І.​Мураўёвых-Апосталаў, М.​П.​Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял. Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музеямузея дзекабрыстаў.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЬШЫНА (Ірына Мікалаеўна) (н. 25.4.1929, г. Усцюжна Валагодскай вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскі ун-т (1952). З 1952 працавала ў Рус. музеі (Ленінград). З 1959 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1961 нам. дырэктара). Адначасова ў 1962—69 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Даследуе праблемы бел., рус., зах.-еўрап. мастацтва. Аўтар кніг «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1975), «Час у вобразах і фарбах» (1980), альбомаў «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1968), «Музей беларускага народнага мастацтва» (1983), «Дзяржаўны мастацкі музей БССР: Збор жывапісу XV—XX стст.» (1989), «Іван Хруцкі» (1990, абодва ў сааўт.), каталога «Рускія лакі: Лакавая мініяцюра ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР» (1973), артыкулаў па дэкар.-прыкладным мастацтве і інш. Стварыла экспазіцыі філіялаў Нац. маст. музея Беларусі «Мемарыяльны музей З.​Азгура», «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі 1-й палавіны 19 ст.» (абодва 2000, Мінск).

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.​Х.​Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел. дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т. л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.​Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Чернатов В.М. Памятнік творческого содружества // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1979. № 2.

А.​С.​Жмуроўскі, В.​М.​Чарнатаў (архітэктура).

Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Здымак 1914.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ МУЗЕ́ЙНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Створана ў 1995 у г. Браслаў на базе Браслаўскага краязнаўчага музея і Дома рамёстваў, у якім працуюць класы па ткацтве, ганчарстве, салома- і лозапляценні, ствараецца экспазіцыя традыц. рамёстваў Браслаўшчыны. У складзе аб’яднання клуб нар. майстроў, выставачная зала, гарадзішча Замкавая Гара, а таксама музеі прыроды і этнаграфіі, земляробства і млынарства, якія ствараюцца ў Браславе.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛО́ ((Dollo) Луі) (7.12.1857, г. Ліль, Францыя — 19.4.1931),

бельгійскі палеантолаг. Замежны чл.-кар. АН СССР (1928). Вучань і паслядоўнік У.А.Кавалеўскага. Праф. Брусельскага ун-та і хавальнік Прыродазнаўча-гіст. музея. Адкрыў «закон неабарачальнасці эвалюцыі» (закон Д., 1893). Вывучаў марфал. асаблівасці выкапнёвых пазваночных. Асн. праца «Эталагічная палеанталогія» (1909) прысвечана выкарыстанню эталагічнага метаду пры вывучэнні выкапнёвых рыб, дыназаўраў і некат. млекакормячых.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎРО́Ў,

горад у Расіі, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл., на р. Клязьма. Чыг. вузел, прыстань. Вядомы з 12 ст., горад з 1778. 162 тыс. ж. (1997). Машынабуд. і металаапр. (экскаватары, матацыклы, мапедныя рухавікі, зброя), лёгкая, харч. і буд. матэрыялаў прам-сць. Тэхналагічны ін-т. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гісторыка-арх. і маст. музея-запаведніка. Сабор Раства (1778).

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.​Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел. нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук. б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял. Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.​Харламповіч, В.​Ластоўскі, С.​Рак-Міхайлоўскі.

Л.​Дз.​Клок.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)