МЕ́ТРЫКАў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз.метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1, y1) і b(x2, y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць
,
ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад лац. accessorius дадатковы),
мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТУ́РА КРУ́ГА,
пабудаванне квадрата, роўнавялікага па плошчы дадзенаму кругу. Пад К.к. разумеюць таксама задачу вылічэння плошчы круга з пэўным набліжэннем.
Старажытнагрэч. матэматыкі спрабавалі рашыць задачу з дапамогай цыркуля і лінейкі. У 1882 ням. матэматык Ф.Ліндэман даказаў трансцэндэнтнасць ліку π і тым самым невырашальнасць задачы такім спосабам — яе можна рашыць з выкарыстаннем некаторых трансцэндэнтных крывых, напр., квадратрысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТО́РСІЯ (ад лац. distorsio скрыўленне),
скажэнні відарысу ў аптычных сістэмах з-за рознага лінейнага павелічэння розных яго частак; адна з аберацый аптычных сістэм. У выніку Д. відарыс прамавугольнага прадмета набывае падушка- ці бочкападобную форму. У асобных выпадках (напр., сіметрычныя аб’ектывы або падзорныя трубы) Д. можна ліквідаваць.
Дысторсія: а — арыгінал; б, в — падушкападобная і бочкападобная дысторсіі адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАСПАРЫ́Я (ад іза... + спора),
раўнаспоравасць, утварэнне ў раслін спор аднолькавага памеру. Характэрна для папарацей (акрамя водных — сальвініі, марсіліі, азолы), хвашчоў, дзеразовых (за выключэннем селагінелы). У залежнасці ад умоў жыўлення і асвятлення ў некат. хвашчоў з аднолькавых спор развіваюцца дробныя (мужчынскія) зарасткі з антэрыдыямі ці буйныя (жаночыя) з архегоніямі. Пры рэгуляванні ўмоў прарастання спор можна змяніць пол зарастка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТНАЯ СТАПА́,
колькасць манет, якая выпускаецца з пэўнай масы металу (лібры, маркі, грыўні, фунта). Павелічэнне колькасці манет, што выбіваюцца з пэўнай адзінкі масы металу, прыводзіла да змяншэння масы каштоўнага металу ў манеце. Таму М.с. можна было або павялічыць, г. зн. біць з гэтай колькасці металу менш манет, або панізіць — біць больш манет з гэтай жа колькасці металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).
Публ.:
McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм.Гл. таксама Абертон, Біцці.