МЕЕ́ (Meillet) Антуан (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДЭ́НАЎ Стэфан Стаянаў (15.12.1880, г. Відзін, Балгарыя — 1.5.1963),

балгарскі мовазнавец. Акад. Балг. і Польск. АН (1929), інш. акадэмій, чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Сафійскі ун-т (1902). Д-р філасофіі Пражскага (1905), праф. Сафійскага (1921—47) ун-таў. Асн. працы па гісторыі балг. мовы («Гісторыя балгарскай мовы», 1929; і інш.), славістыцы, індаеўрапеістыцы і агульным мовазнаўстве («Уводзіны ў агульнае мовазнаўства», 1927, «Параўнальна-індаеўрапейскае мовазнаўства», 1936). Аўтар «Этымалагічнага і арфаграфічнага слоўніка балгарскай літаратурнай мовы» (1941). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРА́ДЭР (Schrader) Ота (28.3.1855, г. Веймар, Германія — 21.3.1919),

нямецкі мовазнавец і гісторык. Вучыўся ў Іене і Лейпцыгу. З 1890 праф. Іенскага, з 1909 — Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-таў. Развіваў ідэі культ.-гіст. школы ў мовазнаўстве: параўноўваў даныя параўнальна-гістарычнага мовазнаўства з дасягненнямі археалогіі, этнаграфіі, батанікі, заалогіі. Комплексны культ.-гіст. падыход выкарыстоўваў і пры вывучэнні стараж. этн. гісторыі індаеўрап. народаў, пры рэканструкцыі сац. і культ. структуры першабытнага грамадства («Параўнальнае мовазнаўства і першабытная гісторыя», 1883; «Індаеўрапейцы», 1911). Стварыў «Слоўнік індаеўрапейскіх старажытнасцей» (1901).

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ Іван Кандратавіч (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),

бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел. літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял. абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ Дзмітрый Георгіевіч (н. 22.9.1940, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1993), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1965; у 1961 выключаны за т.зв. антысавецкую дзейнасць, аднавіў навучанне ў 1964). З 1969 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це. Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі камунікатыўнай лінгвістыкі (з 1991 яе прэзідэнт). Распрацоўвае пытанні тэорыі моўных узроўняў («Адзінка, функцыя, узровень. Да праблемы класіфікацыі адзінак мовы», 1985), семантычнага сінтаксісу, прагмалінгвістыкі. Адзін з аўтараў «Практыкуму па параўнальнай тыпалогіі англійскай і рускай моў» (1988).

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў Мікалай Якаўлевіч (22.2.1889, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія — пасля 1945),

бел. мовазнавец, педагог. З 1913 выкладаў у навуч. установах Мінска. У 1922—28 вучоны сакратар слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, вызвалены з акадэмічнай пасады. Аўтар артыкулаў па педагогіцы, бел. л-ры, лексікаграфічных прац. Выдаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, з М.​Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва з С.​Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, з А.​Бараноўскім).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЛІЧ-СВІ́ТЫЧ Уладзіслаў Маркавіч (12.9.1934, Кіеў — 22.8.1966),

рускі мовазнавец-кампаратывіст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). Канд. філал. н. (1963). Абгрунтаваў настратычную тэорыю (гл. Настратычныя мовы) роднасці індаеўрап., картвельскіх, семіта-хаміцкіх, дравідыйскіх, уральскіх і алтайскіх моў; стварыў параўнальны слоўнік агульных каранёў «Спроба параўнання настратычных моў» (т. 1, 1971). Аўтар фундаментальнай працы «Іменная акцэнтуацыя ў балтыйскім і славянскім» (1963), этымалагічных і параўнальна-фанет. даследаванняў па слав. і балт. мовах, індаеўрапеістыцы.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 222—226.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАВА Валянціна Аўрамаўна (н. 2.1.1949, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Кіргізскі дзярж. ун-т (1972). Працавала ў Ошскім пед. ін-це. З 1982 у Віцебскім ун-це. Аўтар прац у галіне псіхалінгвістыкі і лінгвакультуралогіі: «Размова пра псіхалінгвістыку» (1992), «Уводзіны ў лінгвакультуралогію», «Лінгвістычны аналіз экспрэсіўнасці мастацкага тэксту» (абедзве 1997), «Філалагічны аналіз Паэтычнага тэксту» (1999), сааўтар кн. «Этнапсіхалінгвістыка» (1988), «Чалавечы фактар у мове» (1991) і інш.

Тв.:

Преданья старины глубокой в зеркале языка. Мн., 1997.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛЮ́К Ганна Антонаўна (н. 14.10.1936, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959), працуе ў ім (цяпер лінгвістычны ун-т). Даследуе фанетыку англ. мовы, узаемадзеянне моў на гукавым узроўні ва ўмовах білінгвізму. Аўтар прац «Прасодыя беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя» (1982), «Узаемадзеянне прасадычных сістэм у маўленні білінгва» (1986), сааўтар кніг «Тэарэтычная фанетыка англійскай мовы» (1980 з Л.​У.​Барысавай), «Прасадычная інтэрферэнцыя ў іншамоўным маўленні» (1985) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУМА́К Людміла Мікалаеўна (н. 15.5.1950, в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1998). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1971). Настаўнічала. З 1977 выкладае ў БДУ (з 1994 заг. кафедры). Даследуе праблемы сінтаксісу сучаснай рус. мовы, рус. мовы як замежнай, лінгвакультуралогіі, сацыялінгвістыкі. Аўтар манаграфій «Сінтаксіс рускай і беларускай моў у аспекце культуралогіі» (1997), «Супастаўляльнае лінгвакультуразнаўства: прынцыпы, метады, слоўнікі» (2003), навуч. дапаможнікаў «Руская мова ў тэстах і каментарыях: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (2001, у сааўт.), «Сінтаксіс. Курс лекцый» (2003), і інш.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)