КВА́РТА (ад лац. quarta чвэрць),

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 1/4 гарца гарнца = 0,7057 л. Адзінка, у 4 разы меншая за К., называлася кватэрка. К. наз. таксама пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці). Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НІ,

гон, старажытная нар. мера (адзінка) даўжыні. Лічыліся роўнымі адлегласці, пройдзенай запрэжаным у саху канём, або даўжыні поля, апрацаванага (узаранага ці скошанага) за адзін прыём. Мелі ўмоўнае, не заўсёды аднолькавае лікавае значэнне, залежнае ад фіз. магчымасцей чалавека і жывёлы. Раўняліся прыблізна 80—100 м і болей.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МАНА ІНТЭГРА́Л,

абагульненне паняцця Кашы інтэграла на некаторы клас разрыўных функцый. Уведзены Г.Ф.Б.Рыманам (1853; апублікавана 1868). Неабходныя і дастатковыя ўмовы інтэгравальнасці дадзенай разрыўной функцыі ў сэнсе Рымана: інтэрвал інтэгравання канечны, функцыя на ім абмежаваная і мноства пунктаў разрыву функцыі на гэтым інтэрвале мае лебегаўскую меру нуль (гл. Мера мноства).

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Ц,

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАРА́ННЕ ў праве,

прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЧКА ВІ́ЛЕНСКАЯ,

даўняя мера аб’ёму сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 бочка віленская = 4 чвэрцям = 8 асьмінам = 72 вял. гарцам = 144 гарцам малым = 406,7 л. Прыблізна адпавядае 19 пудам жыта, 18 пудам пшаніцы, 15 пудам ячменю, 10 пудам аўса. У розных раёнах Беларусі на розныя патрэбы існавалі мясц. «бочкі», якія адрозніваліся памерамі.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХМА,

1) адзінка масы ў сістэме англ. мер, складае ​1/6 унцыі і роўная 1,772 г. 2) Адзінка масы аптэкарскай вагі; аптэкарская Д. складала ​1/8 унцыі, або 3 скрупулы, рас. аптэкарская Д.=3,732 г, у англ. сістэме мер аптэкарская Д.=3,888 г. 3) Вадкасная Д. (ЗША) — мера і адзінка ўмяшчальнасці, роўная 3,6966 мл.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)