ПАЎТАРА́К,

нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ц,

пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА курэй яечнага кірунку. Выведзена скрыжаваннем пеўняў пароды легорн с мясц. курамі. Прамысл. значэння не мае, гадуецца ў прыватных гаспадарках.

Паводле целаскладу падобныя да курэй легорн, адрозніваюцца высокай жыццяздольнасцю. Грэбень лістападобны, прамастойны ў пеўняў, звіслы набок у курэй. Апярэнне белае. Дзюба і лапы жоўтыя. Маса пеўняў 2,9—3,2, курэй 2,1—2,2 кг. Яйцаноскасць 200—230 яец за год, маса яйца 58—60 г. Не наседжваюць.

М.​Ц.​Гарачка.

Руская белая парода курэй.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАГЛАБУЛІ́НЫ,

глабулярныя бялкі крыві і некаторых сакрэтаў чалавека і пазваночных жывёл, якія ўдзельнічаюць у стварэнні проціінфекцыйнай аховы (імунітэту). Сінтэзуюцца лімфатычнымі клеткамі (B-лімфацытамі ці плазмацытамі) і выконваюць ролю антыцел у дачыненні да антыгенаў. Малекулы складаюцца з цяжкіх і лёгкіх поліпептыдных ланцугоў і вугляводаў. Паводле будовы цяжкіх ланцугоў І. чалавека падзяляюцца на 5 класаў: IgG, IgM, IgA, IgD, IgE.

І. класа IgG (70—80% ад усіх, малекулярная маса 150 000—160 000) лёгка пераадольваюць плацэнтарны бар’ер, важныя ў проціінфекц. імунітэце, фарміраванні аўтаімуннай паталогіі. IgM (10%, малекулярная маса 900 000—1 000 000) першыя пры імунізацыі забяспечваюць актывацыю, фіксацыю камплементу, ператраўленне антыгена фагацытамі. IgA (малекулярная маса каля 160 000) сінтэзуюцца ў слізістых абалонках, забяспечваюць мясц. ахову ад бактэрыяльнай флоры. Колькасць IgD і IgE найменшая; IgE удзельнічаюць у ахове слізістых ад рэспіраторных, скурнага покрыва ад паразітарных інфекцый.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАКУ́ШЫ (Saniidae),

сямейства птушак атр. вераб’іных. Больш за 60 відаў, пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды: жулан; С. чарналобы, С. шэры, С. чырвонагаловы. Пералётныя птушкі. Жывуць у садах, парках, гаях, хмызняках. С. чарналобы і С. шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела жулана да 20 см, маса каля 30 г. Галава і шыя шэрыя, спіна рыжавата-каштанавая, каля вачэй чорная папярочная палоска. Хвост доўгі, ступеньчаты. Даўж. С. шэрага каля 25 см, маса 68—75 г. Апярэнне зверху шэрае, знізу белаватае, хвост чорны з белым пер’ем па краях, крылы чорныя. Чарналобы С. меншы (маса 47—53 г), адрозніваецца ад шэрага чорным ілбом. Апярэнне мяккае, крылы кароткія, круглаватыя, хвост доўгі. Дзюба кручком. Кладка — 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі паўзунамі, грызунамі, зрэдку птушкамі.

Саракушы: 1 — саракуш шэры; 2 — жулан.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ІНГ»,

агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВАНГА́РД»

(Vanguard),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер. ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).

Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кг пры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАВЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў, выведзеная ў 1930-я г. адборам бронзавых індыкоў па жывой масе і шыракагрудасці. Гадуюць 2 разнавіднасці, створаныя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Пашыраны ў ЗША і краінах Еўропы, у б. СССР завезены ў 1946. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых парод, ліній і гібрыдаў індыкоў.

Апярэнне птушак чорнае з бронзавым адлівам. Жывая маса самцоў 15—16, самак 8—9 кг. Яйцаноскасць у мацярынскіх лініях 70—90 яец. Маса яйца 80—90 г.

Бронзавы шыракагруды індык.

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),

прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас. Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).

Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.

Омуль: 1 — прахадны; 2 — байкальскі.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена ў Германіі ў 20 ст. скрыжаваннем эмдэнскіх гусей з мясц. формамі. Пашырана паўсюдна, у т. л. на Беларусі.

Галава і шыя сярэдніх памераў, тулава кампактнае, грудзі шырокія. Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Маса гусакоў 6,5—6,7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць 45—50 яец за год. Маса кожнага яйца да 175 г. Выкарыстоўваюць як бацькоўскую форму для вытв-сці мяснога маладняку, якія ў 60 сут важаць 3,7—4 кг.

М.​Ц.​Гарачка.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)