КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),

бел. пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.​Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.​Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СТРЫКАЎ (Юрый Георгіевіч) (н. 8.4.1937, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1966). З 1965 саліст Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Валодае моцным, выразным голасам шырокага дыяпазону, выконвае лірычныя і драм. партыі. Сярод роляў: у бел. рэпертуары — Андрэй («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Максім Багдановіч («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Ладавіка («Джардана Бруна» С.​Картэса), Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана); у класічным — Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Напалеон («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева).

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСЗО́Н (Монас Ісакавіч) (26.12. 1907, г. Магілёў — 30.11.1980),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1929). Працаваў у гіст. і быт. жанрах. Гіст. падзеям прысвечаны творы «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск 11 ліпеня 1920 г.» (1937), «Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі. 1939 год» (1940), «Паўстанне рамеснікаў у Магілёве ў 1606 г.» (з М.​Беляніцкім, 1964), «Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля ў 1916 годзе ў Мінску» (1974), «Камуністычны Маніфест» (1980) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны карціны «Клятва танкістаў» (1946), «Вяртанне» (1958), трыпціх «Не забудзем, не даруем!» (1965) і інш. Аўтар твораў «Мінск адраджаецца» (1949), «Раніца» (1958), «На будоўлі» (1965), «Мінск і мінчане» (1973) і інш.

Літ.:

М.​І.​Манасзон. Мн., 1978.

М.Манасзон. Раніца. 1958.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Максім Нічыпаравіч) (6.8.1787, г. Пскоў, Расія — 29.8.1855),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1798—1809) і выкладаў у ёй (праф. з 1823). У складзе рус. арміі быў у Германіі і Францыі (1813—14), вандраваў па Б. Усходзе (1820—21), па Балканах (1828) і Італіі (1844—45). Некаторыя карціны пісаў па пуцявых замалёўках. Выканаў шэраг відаў Пецярбурга і Масквы. Дакладнасць арх. перспектывы спалучаў з узнёсла-эмацыянальным успрыманнем прыроды, выкарыстаннем разнастайных эфектаў асвятлення («Від на Маскоўскі Крэмль», 1815, «Восеньская ноч у Пецярбургу», «Узбярэжжа Нявы са сфінксамі каля Акадэміі мастацтваў», абедзве 1835, «Алея ў Альбана», 1845, і інш.). У яго пейзажах упершыню ў рус. мастацтве з’явіліся рысы рамант. бачання вобраза.

М.Вараб’ёў. Алея ў Альбана. 1845. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСТО́К (Марына) (Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.​Коласа, П.​Глебкі, П.​Броўкі, Я.​Маўра, М.​Танка, Г.​Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.

Тв.:

Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (парт. псеўд. Герасім, Роберт, Максім, Стах Тамашэвіч; 19.12.1907, г. Гомель — 16.2.1938),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1929 на камсам. рабоце ў Гомелі і Гомельскай вобл., заг. аддзела і чл. Бюро ЦК ЛКСМБ. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КСМЗБ, з 1933 чл. Сакратарыята, з 1935 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ. Адзін з кіраўнікоў Кобрынскага ўзброенага выступлення сялян 1933. У 1937—38 удзельнічаў у нац.-рэв. вайне ў Іспаніі: камісар батальёна імя Палафокса, камандзір роты імя Т.​Шаўчэнкі ў складзе інтэрнац. брыгады імя Я.​Дамброўскага. Загінуў у баях каля падножжа гор Эстрамадуры.

Літ.:

Драбінскі Я. Ад Гомеля да Эстрамадуры. Мн., 1971.

В.​Л.​Ласковіч.

М.М.Дворнікаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЙ-ХМА́РА (Міхайла) (сапр. Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),

укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, П.​Верлена, Ш.​Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.​Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).

Тв.:

Вибране. Київ, 1989.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМО́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 30.9.1948, Мінск),

бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.​Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.​Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.​Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.​Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.​Дарваша і Б.​Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.​Нэруды) і інш.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЧУР (Рыгор Парфіравіч) (17.11.1908, с. Фяскіўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.12.1994),

украінскі паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. асветы (1932). Рэпрэсіраваны (1943). Друкаваўся з 1938. Аўтар паэт. зб. «Інцінскі сшытак. Вершы 1945—1953 гг.» (1989), даследаванняў «Майстры перакладу» (1966), «Дантэ ва ўкраінскай літаратуры» (1971). Перакладаў з англ., італьян., ісп., партуг., польск., чэш., славацкай, харвацкай, бел., рус., літ. і інш. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Н.​Гілевіча, М.​Танка. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выдання «Максім Багдановіч. Лірыка» (Кіеў, 1967). За кн. выбр. перакладаў «Другі водгук» (1991) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1995. За пераклады 1960—80-х г. Рэсп. прэмія імя М.​Рыльскага 1989.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)