ЛІХАЧО́Ў (Мікалай Пятровіч) (24.4.1862, г. Чыстапаль, Татарстан — 14.4.1936),
расійскі гісторык і мастацтвазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902), акад.АНСССР (1925). Д-ргіст.н. (1892). Скончыў Казанскі ун-т (1884). З 1894 чл. Археаграфічнай камісіі, праф. Пецярбургскага археал. ін-та. З 1902 пам. дырэктара Публічнай б-кі ў Пецярбургу. Працы Л. па крыніцазнаўстве і дапаможных гіст. дысцыплінах (сфрагістыцы, палеаграфіі, генеалогіі і інш.), гісторыі кнігі, стараж.-рус. і візант. мастацтва вызначаюцца багаццем фактычнага матэрыялу. Даследаванні Л. ў галіне ўсх., візант. і асабліва стараж.-рус. сфрагістыкі («З лекцый па сфрагістыцы», 1899; «Найстаражытнейшая сфрагістыка», 1906; «Матэрыялы для гісторыі візантыйскай і рускай сфрагістыкі», вып. 1, 1928) дазваляюць лічыць яго заснавальнікам рас. сфрагістыкі. У 1925 перадаў АНСССР створаны ім унікальны Музей палеаграфіі, у т. л. больш як 600 стараж.-рус. пячатак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЦІН, Осцен (Austen) Джэйн (16.12.1775, Стывентан, Вялікабрытанія — 18.7.1817), англійская пісьменніца. У рэаліст.сац.-быт. раманах «Пачуццё і пачуццёвасць» (т. 1—3, 1811), «Гордасць і забабоны» (т. 1—3, 1813), «Мэнсфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Перакананне» і «Абацтва Нортэнгер» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзен» (выд. 1871), «Каханне і сяброўства» (выд. 1922), «Уотсаны» (выд. 1958) і інш. у іранічнай манеры адлюстравала жыццё, норавы і псіхалогію англ. правінцыяльнага грамадства, са спачуваннем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцці.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. М., 1988.
Літ.:
Моэм У.С. Джейн Остен и «Гордость и предубеждение» // Моэм У.С. Искусство слова: Пер. с англ.М., 1989;
Вулф В. Джейн Остен // Вулф В. Избранное: Пер. с англ.М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯШЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.8.1874, г. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1938),
гісторык царк. права, візанцініст, палеограф. Чл.-кар.АНСССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай АН Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 праф. Пецярбургскага ун-та. Рэдактар «Помнікаў старажытнарускага кананічнага права» (ч. 1, 2-е выд., 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Агляду прац па славяназнаўстве, 1908—1913» (1909—18), які можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве і л-ры Беларусі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Візантыі» (вып. 1—4, 1912—15). У гады сав. улады праф. Ленінградскага ун-та і гал. бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай б-кі. Неаднаразова рэпрэсіраваны па абвінавачаннях у шпіянажы і контррэв. дзейнасці. У 1929 засуджаны на З гады турмы, у 1931 — на 5 гадоў лагераў. У 1933 вызвалены. 27.11.1937 арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст.сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ (Вольга Мікалаеўна) (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Канд.гіст.н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ.гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.
Тв.:
Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АНСССР. М., 1957. Вьш. 70;
Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;
О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;
Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНІЧНЫ ТАВАРААБАРО́Т,
1) продаж тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам; завяршальная стадыя працэсу таварнага абарачэння. Уключае прададзеныя насельніцтву тавары і паслугі, якія аказаны прадпрыемствамі рознічнага гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, дробнааптовы продаж прадпрыемствам і арг-цыям, рэалізаваную на рынках прадукцыю.
2) Эканам. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць продажу тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам. У 1990 у Рэспубліцы Беларусь Р.т. склаў 18,7 млрд.руб., у 1995—46 853 млрд.руб., у 1999—1 502 028 млрд.руб. Для адлюстравання дынамікі Р.т. выкарыстоўваюць індэксы фіз. аб’ёму Р.т., якія разлічваюцца ў супастаўных цэнах. Калі за 100% фіз. аб’ёму Р.т. ў Рэспубліцы Беларусь лічыць Р.т. 1990, то ў 1995 Р.т. склаў 43,1%, а ў 1999—92,5%. За апошняе дзесяцігоддзе значна вырасла роля недзярж. прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання: калі ў 1990 іх уклад у агульны Р.т. у Рэспубліцы Беларусь складаў 34,2%, то ў 1999—73,1%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУБІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга жалезнага веку ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессі. Назва ад могільніка каля в. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Насельніцтва З.к. займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі; жыло на неўмацаваных селішчах, выкарыстоўвала гарадзішчы папярэдняй мілаградскай культуры; будавала наземныя слупавыя жытлы (аднакамерныя, прамавугольныя або квадратныя ў плане) і паўзямлянкі. У адным з кутоў жытла ці каля сцяны знаходзілася агнішча, пазней — глінабітная печ. Побач з жытламі размяшчаліся гасп. і вытв. пабудовы, ямы-паграбы. Пахавальныя абрады — трупаспаленне, зрэдку трупапалажэнне. Могільнікі не маюць вонкавых адзнак. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя трупаспаленні і кенатафы, у Прыпяцкім Палессі — ямныя і урнавыя пахаванні са спальваннем і пахаваннем чарапоў. У магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожанні. Насельніцтва вырабляла і выкарыстоўвала жал. наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры (кельты), нажы, сярпы, ляпны посуд, культавыя вырабы і інш. Падтрымлівалі сувязі са скіфскімі, сармацкімі, кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўн. Прычарнамор’я. Большасць даследчыкаў лічыць З.к. стараславянскай. Найб. даследаваны археал. помнік Чаплін Лоеўскага р-на.