выдаленне бакавых парасткаў (пасынкаў), якія вырастаюць з пазух лісця надземнай часткі галоўнага сцябла. Пасынкі ў памідора, тытуню выдаляюць пры даўжыні 5—10 см, у сланечніка, кукурузы — 10—15 см. У насеннікаў капусты выдаляюць парасткі вегетатыўныя і з паўторным цвіценнем, у морквы — кветкавыя парасонікі 2—3-га парадку. Узмацняе прыток пажыўных рэчываў да асн. органаў раслін, паскарае выспяванне пладоў і насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),
кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.
Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ДЫЙ (ад грэч. klados галіна),
відазменены парастак раслін з лістападобным сцяблом, які доўга расце і выконвае функцыі ліста. Сапраўднае лісце на К. рэдукаванае або ў выглядзе калючак, часам рана ападае. Аб паходжанні К. з парастка сведчыць яго становішча ў пазухах лісця (звычайна лускападобнага), утварэнне на ім кветак і суквеццяў. Уласцівы раслінам засушлівых мясцін — некат. кактусам (напр., Epiphyllum), відам спаржы і інш. К. з абмежаваным ростам наз. філакладыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАФІ́ТЫ (Psilophyta),
рыніяфіты, аддзел вымерлых вышэйшых раслін; найб.стараж. сасудзістыя расліны. Былі пашыраны ў палеазоі. На Беларусі рэшткі П. (споры) выяўлены ў адкладах ніжняга сілуру — сярэдняга дэвону. Маюць стратыграфічнае значэнне.
Для П. характэрны шматразова-, двойчыразгалінаваныя сцёблы, адсутнасць каранёў і лісця, размяшчэнне прымітыўных спарангіяў на канцах галін, слабае развіццё праводнай сістэмы, нешматлікія вусцейкі на эпідэрмісе сцёблаў. Паўводныя і сухап. расліны. Далі пачатак многім сучасным вышэйшым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАФІЛІ́Я (ад анема... + ...філія),
анемагамія, ветраапыленне, прыстасаванасць раслін да перакрыжаванага апылення з дапамогай ветру. Адзіны спосаб апылення ў хвойных. Характэрна таксама для многіх кветкавых раслін — злакаў, асаковых, многіх дрэвавых двухдольных раслін (бяроза, асіна, дуб, граб, ляшчына і інш.). У ветраапыляльных раслін звычайна адсутнічае або значна рэдукаваны калякветнік, шматлікія непрыкметныя кветкі сабраны ў суквецці, пазбаўлены афарбоўкі і паху, утвараюць шмат лёгкага сыпкага пылку і інш. Цвіценне часта адбываецца да разгортвання лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ ((Grew) Неемія) (26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),
англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЦІНО́ІДЫ,
пігменты жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру, якія сінтэзуюцца бактэрыямі, грыбамі і вышэйшымі раслінамі; поліненасычаныя вуглевадароды тэрпенавага раду. Да іх належаць караціны, ксантафілы і інш. У клетках мікраарганізмаў і раслін прымаюць удзел у фотаперыядычных рэакцыях, пераносе кіслароду, абумоўліваюць афарбоўку пладоў, восеньскага лісця, калоній некат. мікраарганізмаў. У арганізм жывёлы і чалавека К. трапляюць з ежай, маюць вял. значэнне ў сінтэзе вітаміну A. Ужываюцца ў медыцыне, харч. прам-сці, жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),
кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙПФРУ́Т (Citrus paradisi),
шматгадовая вечназялёная пладовая расліна роду цытрус, сям. рутавых. Дзікарослы невядомы. Культывуюць у ЗША, Паўн. Афрыцы, у Закаўказзі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях, аранжарэях.
Выш. 2—4 м. Лісце буйное, авальнае, бліскучае, скурыстае. Кветкі вял., белыя, двухполыя, адзіночныя або ў гронках у пазухах лісця. Плады масай 100—600 г, круглыя, з тоўстай аранжава-жоўтай скуркай, пахучыя, сакаўныя, гаркавата-салодкія, маюць танізоўныя ўласцівасці, паляпшаюць страваванне; спажываюць свежымі і перапрацаванымі (сокі, варэнне, кансервы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РТ (Mirtus),
род кветкавых раслін сям. міртавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна Амерыкі. На Беларусі культывуецца ў пакоях і аранжарэях М. звычайны (M. communis).
Вечназялёныя кусты і дрэвы. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае, на кароткіх чаранках або сядзячае. Кветкі пераважна адзіночныя. Плод ягадападобны. Са стараж. часу культывуецца М. звычайны. Эфірны алей з кветак, лісця і інш.ч. раслін выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумерыі, медыцыне, плады і лісце — прыправа. Дэкар. расліны.