ПАТНІ́ЦА,

высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАІДО́З [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + eidēs падобны + ...оз(ы)],

гранулематоз дабраякасны, захворванне чалавека, пры якім пашкоджваюцца многія органы і тканкі, у т. л. скура. Вылучаюць дробнавузельчыкавую, вузлавую і дыфузна-інфільтравальную формы С. скуры. Пашкоджваюцца таксама лімфатычныя вузлы, вочы, косці. Лячэнне комплекснае.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,

слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРО́З (ад грэч. arthron сустаў + ...оз),

хранічная дыстрафічна-дэгенератыўная хвароба суставаў чалавека. Абумоўлена парушэннем жыўлення эпіфізарных канцоў касцей. Прычыны ўзнікнення артрозу — хваробы абмену рэчываў, інтаксікацыі, інфекцыі, траўмы, трафанеўрозы. Прыкметы: боль, хруст, абмежаваная гнуткасць, дэфармацыя, змены ў сучлененых паверхнях суставаў. Лячэнне медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́МА (ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЦЭ́НКА—КУ́ШЫНГА ХВАРО́БА,

эндакрынная хвароба, абумоўленая пашкоджаннем гіпаталама-гіпафізарнай вобласці галаўнога мозга і другаснай гіперфункцыяй кары наднырачнікаў. Прычыны: пухліны, інфекц., запаленчыя хваробы і траўмы чэрапа. Праяўляецца атлусценнем, гіпертаніяй, гірсутызмам у жанчын, дыябетам цукровым, астэапарозам, парушэннем функцыі палавых залоз, сухасцю скуры і інш. Лячэнне: тэрапеўтычнае, рэнтгенатэрапія, хірургічнае.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЗАЛГІ́Я (ад грэч. kausis смыленне, пякота + algas боль),

цяжкі балявы болевы* сіндром у чалавека, што развіваецца пры траўмах (пераважна раненнях) перыферычных нервовых ствалоў сярэдзіннага і вялікабярцовага нерваў. Характарызуецца інтэнсіўнымі пякучымі болямі скуры, сасударухальнымі і трафічнымі парушэннямі ў зоне інервацыі пашкоджанага нерва. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., хірург. апрацоўка раны.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАДЭ́РМА (ад грэч. leukos белы + дэрма),

парушэнне пігментацыі скуры ў выніку змяншэння ці знікнення ў ёй пігменту меланіну. Праяўляецца ў выглядзе шматлікіх больш светлых за колер скуры плям невял. памераў. Адрозніваюць Л. лекавую, прафесійную (пад уздзеяннем хім. рэчываў) і сіфілітычную пры другасным рэцыдыўным сіфілісе. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)