ГЛЯЦЫЯДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад лац. glacies лёд + дыслакацыя),

ледавіковыя дыслакацыі, парушэнні залягання горных парод, якія складаюць ложа ледавіка, пад ціскам лёду. Пашыраны ў раёнах сучаснага і старажытна-мацерыковага зледзянення. Звычайна ўзнікаюць там, дзе рухомы ледавік сустракае перашкоду. Пераважаюць каляпаверхневыя дэфармацыі, звязаныя з актыўнымі ледавікамі (складкі, складкава-лускаватыя структуры, насовы і інш.) або з дэградуючым (мёртвым) лёдам (прасадкі, апоўзні, тэрмакарст і інш.). Гляцыядыслакацыі вывучае гляцыятэктоніка. На тэр. Беларусі найб. выразныя і магутныя складкава-лускаватыя (скібавыя) гляцыядыслакацыі — Бярозаўская, Грандзіцкая, Пескаўская, Поразаўская, Салігорская і інш.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,

навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).

т. 9, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКІ АЛТА́Й,

горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх. ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДЭНШЭ́ЛЬД ((Nordenskiöld) Нільс Адольф Эрык) (18.11.1832, Хельсінкі — 12.8.1901),

шведскі географ і геолаг, даследчык Арктыкі. Чл. Стакгольмскай АН (1858). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1879). Скончыў Хельсінкскі ун-т. У 1856 і 1861 удзельнічаў у экспедыцыях на Шпіцберген пад кіраўніцтвам О.​М.​Торэля. У 1864—73 кіраваў экспедыцыяй на гэты архіпелаг, у 1870—83 — у Грэнландыю, дзе даследаваў яе ледавіты шчыт. У 1878—79 на судне «Вега» праплыў Паўн.-Усх. праходам з Атлантычнага ў Ціхі ак. з зімоўкай на Чукоцкім п-ве. Імем Н. наз. архіпелаг у Карскім м., заліў і мыс на Новай Зямлі, мыс і ледавік у Грэнландыі, рака ў Канадзе і інш.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ (Уладзімір Юльевіч) (5.3.1886, г. Пушкін, Расія — 19.2.1954),

савецкі акіянолаг, даследчык Арктыкі. Чл.-кар. АН СССР (1933). З 1928 супрацоўнік Арктычнага ін-та, з 1945 праф. у Ленінградскім ун-це. У 1912—14 удзельнік экспедыцыі Г.Я.Сядова, у 1921—22 — экспедыцыі на «Таймыры», у 1924, 1928 і 1931 — на «Малыгіне». Навук. кіраўнік экспедыцый на «Георгіі Сядове» (1930), «Сібіракове» (1932) і «Латке» (1934). Аўтар прац па акіянаграфіі, метэаралогіі. Распрацаваў метады лядовых прагнозаў. Дзярж. прэмія СССР 1946. Імем Візе названы востраў у Карскім м., ледавік, мыс і бухта на в-ве Новая Зямля.

Тв.:

Основы долгосрочных ледовых прогнозов для арктических морей. М., 1944;

Моря Советской Арктики. 3 изд. М.; Л., 1948.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),

расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад. АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.​М.​Пржавальскага, М.​В.​Пяўцова, У.​І.​Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж. г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.

Тв.:

Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;

Монголия и Кам. 2 изд. М., 1948.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ЙКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),

расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл. Рус. геагр. т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап. ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал. геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1948—57.

А.І.Ваейкаў.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.​Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

А.Гумбальт.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́НІН (Рыгор Мікалаевіч) (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),

расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.​В.​Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр. Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус. геагр. т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.

Р.М.Патанін.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭРД, Бёрд (Byrd) Рычард Эвелін (25.10.1888, г. Уінчэстэр, штат Віргінія, ЗША — 12.3.1957), амерыканскі палярны даследчык, лётчык. Адмірал. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1912) і авіяц. школу (1918). 9 5.1926 першы праляцеў над Паўн. полюсам. Кіраўнік 4 амер. экспедыцый у Антарктыку (1928—30, 1933—35, 1939—41, 1946—47), якія правялі метэаралагічныя і геагр. назіранні, геал. даследаванні ў гарах Дронінг-Модс-Ф’ель, сейсмалагічныя даследаванні Ледзянога бар’ера Роса, аэрафотаздымку ўзбярэжжа Зах. Антарктыды і яе ўнутр. раёнаў; адкрылі плато Рокфелер, хр. Гросенар, хр. Эдсел-Форд, ледавік Амундсена, Зямлю Мэры Бэрд (1929), горы Хорлік (1934), Бераг Хобса, хр. Колер, Бераг, Усшгрына, Флетчэр (1940), плато Амерыкан-Хайленд (1947). У ліст. 1929 Б. праляцеў над Паўд. полюсам. Імем Бэрда названа амер. антарктычная навук. станцыя.

Тв.:

Рус. пер. — Над Южным полюсом. Л., 1935;

Снова в Антарктике. Л., 1937.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)