МУШМУЛА́ (тур. muşmula),

1) Mespilus, род лістападных кветкавых раслін сям. ружакветных з 1 відам М. германскай, або звычайнай (M. germanica). Пашырана на Пд Еўропы, у М. Азіі. Культывуюць у Еўропе і ЗША. Плады маюць цукар, яблычную к-ту, вітамін C, ужываюцца ў ежу сырыя і салёныя, з іх гатуюць пасцілу, віно. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Меданосная расліна.

2) М. японская, або субтрапічная, або локва (Eriobotrya japonica), вечназялёнае субтрапічнае дрэва ці куст. сям. ружакветных. Пашырана ў Кітаі і Паўн. Індыі. Культывуецца ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Кітаі, Японіі, ЗША. Плады спажываюць свежыя і перапрацаваныя (кампоты, варэнні і інш.). З насення робяць сурагат кавы. Дэкар. расліна.

У.​П.​Пярэднеў.

Мушмула: 1 — германская; 2 — японская.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАЛЫКТА́Г, Марка Пола хрыбет,

горны хрыбет на У Куньлуня, у Кітаі. Даўж. каля 350 км. Выш. да 6300 м. Слаба расчлянёны, схілы ўкрыты абломкавым матэрыялам. Складзены пераважна з гранітаў і метамарфічных парод. У высакагор’ях — халодныя пустыні і ледавікі.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ (перс. пустыня),

назва пустынных раўнін на Іранскім нагор’і, у Сярэдняй Азіі і Зах. Кітаі. Пераважаюць бязводныя, друзаватыя і галечнікавыя паверхні, саланчакі. Тэрмін «Д.» уваходзіць у састаў уласных назваў пустынь Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго і інш.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГААЛЯ́Н (Sorgum nervosum),

аднагадовая травяністая расліна роду сорга сям. злакавых. Вырошчваюць у Кітаі, Карэі, Японіі, на Д. Усходзе, Паўн. Каўказе, на Пд Украіны. Вызначаецца скараспеласцю і засухаўстойлівасцю. Зерне гааляна перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, выкарыстоўваюць на корм жывёле; салома ідзе на паліва, выраб цыновак, для крыцця стрэх.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІНЬДА́Н (літар. нацыянальная партыя),

палітычная партыя ў Кітаі. Засн. ў 1912 шляхам зліцця рэв. арг-цыі Тунмэнхой (кіраўнік Сунь Ятсен) з некат. паліт. ліберальна-бурж. групоўкамі. У 1923—24 аформіўся саюз Гаміньдана з Камуніст. партыяй Кітая (КПК), створана масавая паліт. арг-цыя антыімперыял. і нац.-вызв. характару. У аснову яе праграмы (1924) пакладзены 3 прынцыпы: нацыяналізм, народнасць і нар. працвітанне. Гаміньдан адыграў рашаючую ролю ў рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі. У час рэвалюцыі правае крыло Гаміньдана на чале з Чан Кайшы праводзіла палітыку згортвання адносін з КПК, а пасля смерці Сунь Ятсена (1927) пайшло на поўны разрыў з ёй і захоп улады, што выклікала грамадз. вайну. Пасля паражэння ў 1949 арміі Гаміньдана і абвяшчэння КНР рэшткі гаміньданаўцаў уцяклі на в. Тайвань, дзе аднавілі дзейнасць партыі. У КНР дзейнічае рэв. к-т Гаміньдана (засн. ў 1948 сіламі, апазіцыйнымі Чан Кайшы).

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААЛІ́Н (ад назвы хр. Каалінг у Кітаі),

асадкавая гліністая горная парода, складзеная пераважна з каалініту. Мае прымесі кварцу, палявых шпатаў і інш. Колер белы з адценнямі, навобмацак тлусты. У вільготным стане малапластычны, амаль не разбухае. Вогнетрывалы. Першасны К. утвараецца пры гідратэрмальным змяненні або выветрыванні ў кіслым асяроддзі алюмасілікатаў, палёвашпатавых парод (гранітаў, гнейсаў, пегматытаў, сланцаў і інш.). Адрозніваюць К. астаткавы (першасны), які залягае на месцы ўтварэння, і пераадкладзены (другасны, асадкавы), што ўтварыўся ў выніку размыву і пераадкладання прадуктаў выветрывання. Буйныя радовішчы К. прымеркаваны звычайна да кор выветрывання. Пераадкладзеныя К. залягаюць пластамі, лінзамі, гнёздамі. Багатыя радовішчы К. вядомы ў Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі, на Украіне, у Расіі і інш. На Беларусі К. выяўлены ў раёне Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу крышт. фундаменту — Сітніцкае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае, Бярэзінскае радовішчы. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, гумава-тэхн., папяровай, хім., парфумернай, будаўнічай прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМ,

паўднёва-ўсходняя ўскраіна Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Пераважаюць горныя хрыбты (Баян-Хара-Ула, Расійскага геагр. т-ва і інш.). Выш. да 3000—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м. Хрыбты падзелены падоўжнымі цяснінамі рэк Янцзы, Меконг, Салуін. Высакагорныя стэпы і лугі, па цяснінах — лясы. На вяршынях — шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ XIII (Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),

рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗЫ (саманазва кыргыз),

народ, асн. насельніцтва Кыргызстана (2,23 млн. чал.). Агульная колькасць 2,7 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (175 тыс. чал.), у Кітаі (150 тыс. чал.), Таджыкістане (64 тыс. чал.), Расіі (42 тыс. чал.), Афганістане (20 тыс. чал.), Казахстане (14 тыс. чал.; 1987). Гавораць на кіргізскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЯ РУ́ЖА (Hibiscus rosa sinensis),

кветкавая расліна сям. мальвавых. Пашырана ў Паўд. Кітаі, Паўн. Індыі. На Беларусі вырошчваецца як пакаёвая і аранжарэйная расліна.

Вечназялёны куст або невял. дрэўца выш. 2—4 м. Лісце вял., ярка-зялёнае, авальнае, зубчастае. Кветкі чырв., аранжавыя, жоўтыя, адзіночныя, простыя або махрыстыя. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.

Кітайская ружа.

т. 8, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)