КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл. Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл. Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВА́Я ПО́ШТА,
1) спецыяльная служба фельд’егерска-паштовай сувязі паміж вайск. часцямі, ваен.-навуч. і інш. ўстановамі, а таксама ваеннаслужачымі і насельніцтвам краіны. Абмен інфармацыяй паміж войскам, яго часткамі і тэр. краіны існаваў з часоў узнікнення дзяржаў і армій (гл., напр., Марафонскі бег), у т. л. шырока практыкаваўся паміж княствамі і іх дружынамі ў Полацкай зямлі і інш. Як асобная служба пачала складвацца ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў Рэчы Паспалітай; рас. ўладамі на тэр. Беларусі створана ў пач. 19 ст. Некат. элементы П.п. ў СССР створаны ў 1920-я г.; у час Вял. Айч. вайны называлася (з 8.7.1941) ваенна-палявой поштай.
2) У 1945—91 у Сав. Арміі і ВМФ (пасля 1991 у шэрагу краін СНД) умоўнае лічбавае найменне часцей і ўстаноў, якія дыслацыраваліся па-за межамі краіны.
3) У ваенны час найменне ўсіх вайск. часцей у шэрагу дзяржаў свету.
У.К.Зарэмскі.
т. 12, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ДЖА (Abuja),
горад, новая федэральная сталіца Нігерыі. Перанесена з г. Лагас у 1976. Будуецца ў цэнтр. частцы краіны. 230 тыс. ж. (1991).
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,
1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.
2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́КЛЕНД (Auckland),
горад у Новай Зеландыі, на Паўн. в-ве. Знаходзіцца на перашыйку, які злучае п-аў Окленд з асн. часткай Паўн. в-ва. Засн. ў 1840. 910,2 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1998). Буйнейшы марскі порт у зал. Хаўракі Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Асн. прамысл. цэнтр краіны (каля 1/3 прамысл. прадукцыі краіны). Прам-сць: маш,буд., у т. л. трансп., с.-г., эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая, гал. чынам малочная і мясная. Ун-т (з 1882). Галерэя мастацтваў. Музей маарыйскага мастацтва.
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́АЛАНД (Svealand),
гістарычная вобласць у Швецыі. Займае сярэднюю частку краіны. Пл. 81 тыс. км². Нас. каля 3,5 млн. чал. (2000). Большую частку тэр. займаюць нізінныя раўніны вакол азёр Меларэн, Ельмарэн, Венерн; на Пн — узвышаны раён. Пераважаюць хвойныя лясы. Вобласць дае больш за 40% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., чорная металургія, цэлюлозна-папяровая. У сельскай гаспадарцы пераважае збожжавае земляробства і малочная жывёлагадоўля. Важнейшыя гарады і прамысл. цэнтры: Стакгольм, Упсала, Вестэрос, Эскільстуна, Эрэбру, Карльстад. У 11—16 ст. на тэр. С. склалася гіст. ядро шведскай дзяржавы.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛІЯ (England),
адміністрацыйна-палітычная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, яго гіст. ядро. Займае большую ч. в-ва Вялікабрытанія. Назва ад стараж.-герм. племені англаў. Англіяй часта называюць усё Злучанае Каралеўства (гл. Вялікабрытанія). Пл. 131 тыс. км², нас. 46,2 млн. чал. (1991; 54% усёй плошчы і 80% насельніцтва краіны). Падзяляецца на 39 графстваў, 6 метрапалітэнскіх графстваў і В. Лондан. Гал. горад — Лондан. Найбольшыя гарады і прамысл. цэнтры: Лондан, Бірмінгем, Манчэстэр, Ліверпул, Шэфілд, Лідс і інш. Англія — эканамічна найб. развіты раён Вялікабрытаніі, дзе сканцэнтравана больш за 70% гарадоў (сярод іх 6 канурбацый — прамысл. цэнтраў, ускраіны якіх зліліся). Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, чорная металургія, металаапрацоўка, харчовая, тэкстыльная. Развіта машынабудаўнічая (аўта-, авія-, станка- і прыладабудаванне), электра- і радыётэхнічная, атамная прам-сць. На Англію прыпадае больш за 70% пасяўной плошчы краіны, гэта асн. раён малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтва і пладаводства. Англія мае густую трансп. сетку, праз яе парты (Лондан, Ліверпул, Саўтгемптан і інш.) праходзіць каля 80% грузаабароту краіны.
т. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,
дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦК ВКП(б) і СНК СССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял. Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.
т. 6, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАРЭЛЬЕ́Ф (ад мега... + рэльеф),
самыя буйныя формы рэльефу сушы, дна акіянаў і мораў. Уключае планетарныя формы (мацярык, ложа акіяна) і буйныя формы (горныя краіны, вял. раўніны).
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫКСДА́Г (швед. riksdag),
аднапалатны парламент у Швецыі. Выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Прымае законы, устанаўлівае падаткі, выбірае кіраўніка ўрада, валодае шырокімі правамі ў розных галінах жыцця краіны.
т. 13, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)