група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел.літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДА́ЛІНЫ,
вялікая колькасць лімфоіднай тканкі ў слізістай абалонцы верхніх дыхальных шляхоў і пачатковых аддзелах страўнікавага тракту наземных пазваночных жывёл і чалавека; органы лімфоіднай сістэмы. У млекакормячых жывёл і чалавека М. кальцом абкружаюць уваход у глотку, уключаюць М. парныя паднябенныя (паміж паднябеннымі дужкамі), трубныя (паміж адтулінамі еўстахіевых труб і мяккім паднябеннем), няпарныя языковую (каля кораня языка), глотачную (пасярэдзіне задняй ч. верхняй сценкі глоткі). Выконваюць ахоўную ролю арганізма ад мікробаў, удзельнічаюць у выпрацоўцы імунітэту. Захворванне М. — востры танзіліт, або ангіна. У многіх птушак і млекакормячых ёсць страваводная М. (у сценцы задняга аддзела стрававода).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаў паўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел.літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУЛЯ́ТАР, мікракалькулятар,
электронная вылічальная прылада. Вырабляецца на аснове мікрапрацэсара; мае клавіятуру для ўводу лікаў і камандаў і індыкатар для ўзнаўлення вынікаў дзеянняў. Бываюць кішэнныя і настольныя; найпрасцейшыя, інжынерныя і праграмавальныя.
Найпрасцейшы К. выконвае арыфм. дзеянні над дзесятковымі лікамі, часам здабыванне кораня і інш. Інжынерныя К. дадаткова вылічваюць значэнні трыганаметрычных і лагарыфмічных функцый і інш. Праграмавальныя К. па структуры набліжаюцца да ЭВМ, маюць аператыўную памяць для захоўвання лікаў і камандаў сістэма камандаў дазваляе рэалізаваць праграмы, якія маюць разгалінаванні, цыклы, падпраграмы і інш.; у некаторых з іх набраную праграму можна запісаць на магн. картку, дзе яна захоўваецца ў гатовым для выканання выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛА́,
хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.
Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэмекораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.