ІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ АНЕМІ́Я КО́НЕЙ,

вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем органаў кроваўтварэння, пастаяннай або з рэцыдывамі ліхаманкай, анеміяй і працяглым вірусаносьбіцтвам. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць коні, радзей аслы і мулы. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус, крыніцай якога з’яўляюцца хворыя жывёлы і вірусаносьбіты, крывасосныя насякомыя і інш. Інкубацыйны перыяд 5—90 сут. Цячэнне хваробы спачатку вострае, потым хранічнае і латэнтнае. Т-ра павышаецца да 40—42 °C. Адзначаецца агульная слабасць, узбуджальнасць, сардэчная недастатковасць, ацёкі ў вобласці жывата і канечнасцей. У крыві рэзка памяншаецца колькасць эрытрацытаў і гемаглабіну, павялічваецца колькасць лімфацытаў. Лячэнне не распрацавана.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА... (ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙЦЫ,

народ, асн. насельніцтва Калумбіі (32,5 млн. чал.). Агульная колькасць 34,5 млн. чал. (1992). У асноўным метысы, частка мулаты, крэолы. Гавораць на калумбійскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́НЫ,

народ у Бельгіі (каля 3,9 млн. чал.). Жывуць таксама ў Францыі, ЗША і інш. Агульная колькасць 4,1 млн. чал. (1987). Гавораць на валонскім дыялекце французскай мовы. Паводле рэлігіі католікі.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАТЭМА́ЛЬЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Гватэмалы (больш за 5,6 млн. чал.). Агульная колькасць 5,68 млн. Чал. (1992). Пераважна іспана-індзейскія метысы (ладзіна). Гавораць на гватэмальскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМ (лац. minimum найменшае),

1) найменшая колькасць, найменшае значэнне якой-н. велічыні ў шэрагу даных.

2) Сукупнасць ведаў па навуч. прадметах, абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых прадметах.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,

устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧА́Х, ачэ, ачынцы,

народ у Інданезіі, на Пн в-ва Суматра. Каля 2,63 млн. чал. Жывуць таксама ў Малайзіі. Агульная колькасць 2,64 млн. чал. (1987). Мова інданезійскай галіны. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНЦІ́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аргенціны (26,64 млн. чал.). Нашчадкі іспанцаў і перасяленцаў з інш. краін Еўропы. Агульная колькасць 26,91 млн. чал. (1987). Гавораць на аргенцінскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аўстрыі (каля 7 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША, Італіі і інш. краінах. Агульная колькасць 8,53 млн. чал. (1987). Гавораць на нямецкай мове. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)