АЛЯ́Б’ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),
рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр. нар. песень.
Літ.:
Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.
т. 1, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РБЕР ((Barber) Сэмюэл) (9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),
амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДЫКЕ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.3.1877, Масква — 9.7.1957),
расійскі арганіст, кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1898), выкладаў у ёй (праф. з 1909). З 1923 выступаў як арганіст. Аўтар опер на ўласныя лібрэта: «Вірынея» (1916), «Каля перавозу», «Жакерыя» (абедзве 1933), «Макбет» (1947), 3 кантат, 3 сімфоній, канцэртаў для інструмента з аркестрам, у т. л. для аргана (1927), камерна-інстр. ансамбляў, арганных транскрыпцый, рамансаў і песень. Зрабіў каштоўны ўклад у пед. л-ру для фп. Сярод яго вучняў М.Старакадамскі, М.Выгодскі, В.Мяржанаў, С.Дзіжур, Г.Гродберг, Л.Ройзман. Прэмія па кампазіцыі на Міжнар. конкурсе імя А.Рубінштэйна ў Вене (1900). Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РСАН ((Larsson) Ларс Эрык Вільнер) (н. 15.5.1908, Окарп, Швецыя),
шведскі кампазітар, педагог; адзін з прадстаўнікоў швед. муз. неакласіцызму. Чл. Каралеўскай муз. акадэміі (1943). Вучыўся ў Стакгольмскай кансерваторыі (1925—29). У 1947—59 праф. Вышэйшай муз. школы ў Стакгольме. Сярод твораў: опера «Царыца Кіпрская» (паст. 1937), балет «Ліпы» (паст. 1958); 3 сімфоніі (1928—45), 3 канцэртныя уверцюры, «Пастаральная сюіта» і інш. для аркестра; сімфаньеты для стр. аркестра (1932), 12 канцэрціна для саліруючых інструментаў і стр. аркестра (1953—57), канцэртаў для скрыпкі (1952), віяланчэлі (1947), саксафона (1934) з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 2 стр. квартэты; хары, рамансы, песні; музыка да кінафільмаў.
т. 9, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Алфрэдс) (23.8. 1879, г. Цэсіс, Латвія — 23.12.1951),
латышскі кампазітар, арганіст, педагог. Нар. арт. Латвіі (1945). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901). Працаваў арганістам, піяністам, хар. дырыжорам (у 1925—26 дырыжор Нац. оперы Латвіі, у 1933—44 арганіст Домскага сабора ў Рызе). У 1927—33 у ЗША. У 1944—48 рэктар Латв. кансерваторыі (праф. з 1947). Аўтар першай латв. оперы «Банюта» (1920), балета «Стабурагс» (1943), сімф. паэмы «Латвія» (1919), ідыліі «Мая Радзіма» і сімф. карціны «Каля Стабурагса» (1906) і інш. Майстар сольнай і хар. песні, зрабіў вял. ўклад у камерна-інстр., фп. і арганную музыку.
Літ.:
Витолинь Е.Я. Алфред Калнынь — классик латышской музыки. Л., 1980.
т. 7, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Пауль) (30.6.1909, г. Плаешці, Румынія — 20.12.1963),
румынскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Румыніі (1955). Чл.-кар. АН Румыніі (1962). Вучыўся ў Бухарэсцкай кансерваторыі (1928—33), выкладаў у ёй (праф. з 1941). Праф. Акадэміі духоўнай музыкі (1937—41) і ваен. муз. ліцэя (1941—44) у Бухарэсце. Нац. класікай сталі яго канцэрты для інструментаў з аркестрам (для фп., 1952; для скрыпкі, 1957; для скрыпкі, віяланчэлі і фп., 1963). Аўтар лепшай рум. камічнай оперы «Бурная ноч» (паст. 1935). Сярод інш. твораў: муз. драма «Панэ Лесня Русалім» (паст. 1956), 2 араторыі, 2 сімфоніі, сімф. танцы; камерна-інстр творы; хары, тэатр. і кінамузыка. Дзярж. прэміі Румыніі 1951, 1954.
т. 7, с. 594
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Эдуард Барысавіч) (н. 9.2.1946, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас А.Багатырова). У 1973—82 загадваў муз. часткай Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Працуе пераважна ў галіне інструментальнай музыкі (апіраецца на класічныя традыцыі), масавай і эстр. песні, тэатр. і кінамузыкі. Сярод твораў: сімфонія (1970), сюіта (1980), канцэрціна «Пастараль» (1977) для сімф. арк.; канцэрты для габоя (1973) і валторны (1974) і камернага арк.; Капрычыо для фп. з камерным арк. (1978), сюіта на тэмы бел. нар. песень для нар. арк. (1976); камерна-інстр. музыка; сюіты з музыкі да спектакляў «Дванаццатая ноч», «Снежная каралева», «Тэатральная сюіта».
т. 6, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́Р ((Widor) Шарль Мары) (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),
французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.Швейцэрам) арганныя творы І.С.Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.Б’ёрн, М.Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.
т. 4, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЕ́РУ ((Vieru) Анатал) (н. 8.6.1926, г. Ясы, Румынія),
румынскі кампазітар. Д-р музыказнаўства (1978). Вучыўся ў Бухарэсцкай (1946—51) і Маскоўскай (1951—54, клас А.Хачатурана) кансерваторыях. Адзін з вядучых рум. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Іона» (1976), «Свята жабракоў» (1978), 3 камічныя мікраоперы паводле твораў І.Л.Караджале (1983); араторыя «Міярыца» (1957), паэма-кантата «Дрозд Іліе Пінтыліе» (1948), кантата для барытона, аргана, віяланчэлі і кантрабаса «Опус 91» (1983); 5 сімфоній (1967—85); п’есы «Клепсідра-I» і «Клепсідра-II» (1968, 1970) для аркестра, канцэрты для аркестра (1955), для розных інструментаў з аркестрам (1963—85), камерна-інстр. ансамблі, сюіта для 2 хароў а капэла «Начныя сцэны» (1963) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1949.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)