МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Таліякамедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ (Юрый Віктаравіч) (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),

бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.​Суруса), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.​Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу) і інш.

Літ.:

Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ

(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),

французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл. Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.​Расіна, італьян. нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл. драм. т-р.

Тв.:

Рус пер. — Комедии. М., 1961;

Жизнь Марианны. М., 1968;

Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́ЎСКІ (Рамуальд) (1897—1.1.1919),

бел. акцёр. У 1917—19 у трупе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Выканаўца характарных роляў (Пісар і Кукса — «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, сват Якуб — «Модны шляхцюк» К.​Каганца і інш.). Стварыў глыбока псіхал. вобраз Старца ў «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы. Выступаў з чытаннем вершаў бел. паэтаў (часам і сваіх) у дывертысментах.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТЭР ((Porter) Коўл) (9.6.1891, г. Перу, штат Індыяна, ЗША — 15.10.1964),

амерыканскі кампазітар. Скончыў Іельскі ун-т (1913). Вучань В. д’Эндзі. Аўтар мюзіклаў «Цалуй мяне, Кэт» (паводле камедыі У.​Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы», 1948), «Пастка» (1953) і інш., шматлікія з якіх экранізаваны. Пісаў музыку да кінафільмаў і тэлевізійных пастановак, музыку і тэксты папулярных песень. П. прысвечаны біягр. кінафільм «Ноч і дзень».

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЦЫ ((Gozzi) Карла) (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),

італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.

С.​В.​Логіш.

К.Гоцы.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВІ́НСКАЯ (Ніна Антонаўна) (н. 31.12.1925, Мінск),

бел. артыстка аперэты (сапрана). Засл. арт. Расіі (1958). Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1970). З 1946 працавала ў т-рах муз. камедыі ў Расіі. У 1949—51 салістка Бел. дзярж. эстрады, з 1968 Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі. З 1970 у Бел. дзярж. муз. т-ры. Шырокі творчы дыяпазон Р. дазваляе ёй ствараць рознахарактарныя каларытныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Альжбета, Агата («Паўлінка» Ю.​Семянякі), Мальвіна, Паліна («Несцерка», «Судны час» Р.​Суруса), Васіліса («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Соф’я («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Марфа («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Атаманша («Трубадур і яго сябры» Г.​Гладкова), Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), міс Петынгтан («Мая жонка — ілгуння!» У.​Ільіна, У.​Лукашова), Беліса («Хітрамудрая закаханая» А.​Рабава), графіня Ілона, Праскоўя («Цыганскае каханне», «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Ангільда, Адэта, княгіня Бажэна («Сільва», «Баядэра», «Марыца» І.​Кальмана) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),

у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. драматург. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг. Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац. т-ра імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст. Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.​Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.​Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.​Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).

Тв.:

П’есы. Мн., 1979;

Минск. М., 1982;

Мудрамер: Выбр. п’есы. Мн., 1989;

Апошняя інстанцыя. Мн., 1996.

С.​С.​Лаўшук.

М.Я.Матукоўскі.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛА́НГА ((Berlanga) Луіс Гарсія) (н. 12.6.1921, г. Валенсія, Іспанія),

іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ва ун-це ў Валенсіі, у кінаінстытуце ў Мадрыдзе (1947). З 1948 працуе як рэжысёр. Паставіў сатыр. фільмы «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), камедыі «Нацыянальная стрэльба» (1978), «Нацыянальны набытак» (1981), «Нацыянальнае III» (1982). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў (у т. л. разам з рэж. Х.​А.​Бардэмам).

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)