КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІЯ́Ж (ад франц. maquillage),

1) грыміраванне твару з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі. Гл. таксама Грым. 2) Прыхарошванне, замазванне фактаў і да т.п.; скажэнне праўды (напр., палітычны М.).

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ГЕАДЭЗІ́ЧНЫ,

лінія, даўжыня якой (прыкладна 8—15 км) вымяраецца на мясцовасці з вял. дакладнасцю. Базіс геадэзічны з дапамогай базіснай сеткі служыць у трыянгуляцыі для вызначэння даўжыні зыходнага боку трохвугольніка.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ТЫК,

здольнасць чалавека і жывёл успрымаць уздзеянні вонкавага асяроддзя з дапамогай рэцэптараў скуры, апорна-рухальнага апарата (мышцаў, сухажылляў, суставаў і інш.), слізістых абалонак (на губах, языку і інш.) і пераўтвараць сігналы ў пэўны від адчувальнасці. Аснова Д. — раздражненне розных відаў рэцэптараў (механарэцэптараў, якія ўспрымаюць дакрананне, ціск, расцяжэнне, тэрмарэцэптараў — цяпло і холад, рэцэптараў болю) і пераўтварэнне інфармацыі ц. н. с. Успрыманне прадметаў вонкавага асяроддзя з дапамогай Д. дазваляе ацэньваць іх форму, памеры, уласцівасці паверхні, кансістэнцыю, т-ру, сухасць і вільготнасць, становішча і перамяшчэнне ў прасторы. У многіх беспазваночных Д. разам з хім. адчувальнасцю — асн. від успрымання раздражненняў вонкавага асяроддзя. Д. у пэўнай меры замяняе інш. органы пачуццяў (зрок, слых) пры іх пашкоджанні.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАСТРУКТУ́РНЫ АНА́ЛІЗ, рэнтгенаўскі структурны аналіз,

сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.

Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Найб. распаўсюджаныя метады Р.а. — Лаўэ метад, Дэбая—Шэрэра метад. З дапамогай Р.а. даследуюцца структуры крышталёў, вадкасцей, бялковых малекул, вырашаюцца пытанні фізікі цвёрдага цела: прэцызійнае вызначэнне формы і памераў элементарнай ячэйкі, вывучэнне тэкстуры матэрыялаў, вызначэнне фазавага складу рэчываў па размяшчэнні і інтэнсіўнасцях ліній на рэнтгенаграмах і інш.

А.​У.​Шэлег.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІСА́ДА (франц. glissade літар. слізганне),

прамалінейная траекторыя зніжэння авіяц. лятальнага апарата (самалёта, верталёта, планёра) пры пасадцы. Задаецца з дапамогай радыётэхн. абсталявання (радыёлакацыйнай станцыі, глісаднага і курсавога радыёмаяка).

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГВАННЕ ў металаапрацоўцы,

апрацоўка рэзаннем унутраных і вонкавых паверхняў дэталей рознай формы на працяжных станках. Робіцца з дапамогай шматлязовага рэзальнага інструмента — працяжкі. Найб. прадукц. працэс з усіх відаў апрацоўкі металаў рэзаннем.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ,

сукупнасць радыётэхн. і тэлевізійнай апаратуры, з дапамогай якой вядуцца тэлевізійныя перадачы непасрэдна з месца падзеі (тэатра, стадыёна, касмадрома і г.д.). Падзяляюцца на перасоўныя Т.с. і стацыянарныя трансляцыйныя тэлевізійныя пункты.

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВЫ́ ГЕНЕРА́ТАР,

прыстасаванне для выпрамянення ультрагуку. Бываюць электрамех. (асн. выпрамяняльнікі) і механічныя.

Электрамеханічныя У.г. пераўтвараюць эл. ваганні ў Механічныя. Для генерыравання ультрагуку нізкіх частот выкарыстоўваюць электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі. З іх найб. пашыраны магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, заснаваныя на эфекце магнітастрыкцыі, інтэнсіўнасць ультрагуку павялічваецца з дапамогай стрыжнёвых канцэнтратараў. Для выпраменьвання ультрагуку сярэдніх і высокіх частот карыстаюцца пераважна п’езаэлектрычнымі пераўтваральнікамі. Павелічэнне інтэнсіўнасці ультрагуку робіцца з дапамогай факусіроўкі гуку. Механічныя У.г. — паветраныя і вадкасныя свісткі, сірэны і інш., газаструменныя выпрамяняльнікі, выкарыстоўваюцца пераважна ў прамысл. ультрагукавой тэхналогіі, а таксама як сродак сігналізацыі.

Ультрагукавыя генератары: а — магнітастрыкцыйны пераўтваральнік (1 — з асяродкам стрыжнёвай формы, 2 — з асяродкам кальцавой формы, стрэлкі — напрамкі токаў у абмотках); б — радыяльная сірэна (1 — рэфлектар, 2 — вярчальны дыск-ротар з адтулінамі, 3 — нерухомы дыск-статар).

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАВО́З,

грузавое судна для перавозкі навалам руд і рудных канцэнтратаў. Мае грузавыя люкі вял. памераў і звычайна высокае двайное дно. Загружаецца і разгружаецца берагавымі кранамі з дапамогай грэйфераў.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)