СІНАДЫЧНЫ МЕ́СЯЦ (ад грэч. synodos збліжэнне, злучэнне),

прамежак часу паміж двума паслядоўнымі аднолькавымі фазамі Месяца (напр., маладзікамі). Працягласць С.м. непастаянная. сярэдняе значэнне складае 29,530583 сярэдніх сонечных сутак, адхіленне — у межах 13 гадз. З’яўляецца асновай месяцавых календароў.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,

дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],

дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш.). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).

Літ.:

Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;

Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.​Б.​Ламарка, Ч.Дарвіна, У.​А.​Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст. фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІТУРЫЕ́НТ [ад позналац. abituriens (abiturientis) які збіраецца пайсці],

у большасці краін асоба, якая заканчвае сярэднюю спец. навуч. ўстанову. На Беларусі і ў інш. краінах СНД з канца 1950-х г. тэрмін «абітурыент» набыў інш. сэнсавае значэнне — які паступае ў вышэйшую або сярэднюю спец. навуч. ўстанову.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. additivus які прыбаўляецца),

уласцівасць велічыні, значэнне якой адпаведнае цэламу аб’екту, роўна суме значэнняў велічыняў, адпаведных яго часткам, пры адвольнай разбіўцы аб’екта на часткі. Напр., адытыўнасць аб’ёму азначае, што аб’ём цэлага цела роўны суме аб’ёмаў яго частак.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІНЭСТЭРА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідралітычнае расшчапленне эфіраў халіну. Найб. біял. значэнне мае ацэтылхалінэстэраза. Сываратка крыві, печань, падстраўнікавая залоза і інш. органы і тканкі жывёл і чалавека змяшчаюць «псеўдахалінэстэразы» — неспецыфічныя Х., якія разбураюць вытворныя халіну хутчэй, чым ацэтылхалін.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШЫ́Н (цюрк.),

старажытная мера (адзінка) даўжыні. Карысталіся ў Афганістане, Балгарыі, Іране, Расіі (з 16 ст.), Турцыі («аршым»). Значэнне аршына ў 16—18 ст. мянялася. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. карысталіся рускім аршынам = 28 цалям = 16 вяршкам = 0,7112 м.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

залогавыя каштоўнасці ў выглядзе залатога запасу, якія выкарыстоўваюцца цэнтр. банкамі для забеспячэння выканання ўзятых абавязацельстваў і пакрыцця банкнот. У сувязі з ліквідацыяй функцыі золата як грошай эканам. значэнне З.з. змяншаецца, яно адыгрывае пераважна ролю часткі золатавалютных рэзерваў краіны.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)