ДЫНА́МІКА (ад грэч. dynamikos моцны),

раздзел механікі, які вывучае рух матэрыяльных цел пад дзеяннем прыкладзеных да іх сіл. Грунтуецца на 3 асн. законах (гл. Ньютана законы механікі). У Д. рашаюцца задачы 2 тыпаў: вызначэнне сіл, што дзейнічаюць на цела (ці мех. сістэму) па вядомым законе руху, і вызначэнне закону руху па вядомых сілах (асн. тып задач). У выніку вывучэння руху асобных аб’ектаў метадамі Д. ўзнік шэраг спец. дысцыплін — балітыка, нябесная механіка, дынаміка збудаванняў, дынаміка механізмаў і машын і інш.

Задачы Д. рашаюцца з дапамогай дыферэнцыяльных ураўненняў руху, якія паказваюць залежнасць паміж сіламі, што дзейнічаюць на сістэму, масай сістэмы і параметрамі, што вызначаюць яе становішча ў прасторы. Для руху матэрыяльнага пункта і вярчальнага руху цвёрдага цела гэта ўраўненні тыпу 2-га закону Ньютана. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў ураўненні руху — дыферэнцыяльныя ўраўненні ў частковых вытворных. Да іх далучаюцца ўраўненні, якія характарызуюць некат. ўласцівасці асяроддзя (напр., залежнасць шчыльнасці ад ціску ці мех. напружанняў, дэфармацыі і інш.). Каб знайсці закон руху мех. сістэмы, трэба ведаць сілы і т. зв. пачатковыя ўмовы, г. зн. каардынаты і скорасці пунктаў сістэмы ў пачатковы момант часу. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў трэба дадаць і гранічныя ўмовы (гл. Краявая задача). Дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы можна атрымаць і з варыяцыйных прынцыпаў механікі.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.​Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.​Гегеля і інш.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

ахоўныя геал. аб’екты, якія маюць навук., навук.-асв. ці гіст.-мемар. значэнне. Да іх адносяцца прыродныя і штучныя унікальныя агаленні горных парод, адметныя гляцыядыслакацыі, валуны, валунна-галечныя кангламераты, пячоры, скалы, выхады мінералаў і інш.

Вылучаюць тыпы геалагічных помнікаў прыроды: стратыграфічныя, палеанталагічныя, тэктанічныя, гідрагеалагічныя, горна-гіст. і інш. Вывучэнне геалагічных помнікаў прыроды дазваляе ўдакладніць стратыграфію, вызначыць літалагічныя асаблівасці парод, знайсці выкапнёвыя рэшткі фауны і флоры, выявіць этапы развіцця жывёльнага і расліннага свету ў геал. мінулым, ацаніць перспектывы азначанай тэр. на некат. карысныя выкапні; многія з іх абвешчаны зонамі рэкрэацыі і масавага турызму.

На Беларусі 102 геалагічныя помнікі прыроды: 18 агаленняў, 2 выхады кангламератаў, 82 валуны ці іх зборы. У ліку геал. агаленняў: Роскае геалагічнае агаленне, Новы Крупец, азёрныя, азёрна-балотныя і тарфяныя адклады александрыйскага міжледавікоўя ў яры Калодзежны Роў, муравінскага міжледавікоўя Збарова, Дарашэвічы, Мурава, Самастрэльнікі, Цімошкавічы, Заслаўе, Лоеўскае геалагічнае агаленне, агаленні часу паазерскага зледзянення Камарышкі і Студзянец, тарфянік Сінюха і інш. З валуноў і кангламератаў найб. вядомыя «Асілак», Вялікі Камень, Камень Багушэвіча, Камень-волат, Камень філарэтаў, Расколаты камень, валунна-галечны кангламерат у Калодзежным Рове на паўд. ускраіне г. Гродна і інш.

Літ.:

Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К. Праблемы вылучэння геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды ў Беларусі // Літасфера. 1995. № 3.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),

старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел імавернасцей тэорыі, які вывучае працэсы абслугоўвання ў сістэмах з уваходным выпадковым патокам патрабаванняў (кліентаў, выклікаў ці інш.) і правіламі (алгарытмам) іх абслугоўвання. Тыповыя аб’екты М.а.т.: аўтам. телеф. станцыі, вылічальныя сістэмы, камп’ютэрныя сеткі, прадпрыемствы гандлю, медыцыны, аэрадромы, аўтадарогі і чыгункі, білетныя касы, арганізацыі па рамонце і прафілактычным абслугоўванні і інш.

Узнікла ў 1920-я г. са стварэннем сістэм тэлеф. сувязі і неабходнасцю разліку іх прапускной здольнасці. Асн. задача М.а.т.: вывучэнне стацыянарных характарыстык выпадковых працэсаў з мэтай выбару рацыянальнай структуры сістэмы масавага абслугоўвання, а таксама працэсу абслугоўвання; у прыватнасці, даследуюцца размеркаванні розных параметраў, што характарызуюць стан сістэмы (даўжыні чэргаў, час чакання пачатку абслугоўвання, інтэрвалы занятасці, імавернасці адмовы і інш.). Асн. дастасаванні — разлік сетак, якія складаюцца з сістэм абслугоўвання (напр., сістэмы сувязі з вял. прапускной здольнасцю). Сістэму абслугоўвання можна ўявіць як набор прылад (каналаў) абслугоўвання; калі яны занятыя, то запатрабаванні, што паступаюць, назапашваюцца і ўтвараюць чэргі, прасоўванне якіх адбываецца паводле пэўных правіл. Для дастаткова простых сістэм абслугоўвання ўдаецца знайсці патрэбныя характарыстыкі аналітычнымі метадамі. напр., на аснове маркаўскіх працэсаў. Для больш складаных сістэм выкарыстоўваюцца асімптатычныя метады даследаванняў, а таксама мадэліраванне выпадковых працэсаў з дапамогай Монтэ-Карла метаду.

Літ.:

Хинчин А.Я. Работы по математической теории массового обслуживания М., 1963;

Гнеденко Б.В., Коваленко И.Н. Введение в теорию массового обслуживания. М., 1966;

Ивченко Г.И., Каштанов В.А., Коваленко И.Н. Теория массового обслуживания. М., 1982.

В.​С.​Гардон, М.​П.​Савік.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛА́КС (ад грэч. parallaxis адхіленне),

уяўная змена становішча прадмета з прычыны перамяшчэння ў прасторы вока назіральніка. Залежыць ад даўжыні вектара перамяшчэння назіральніка, адлегласці паміж ім і аб’ектам. Напр., бачнае зрушэнне краю слупка ртуці ў барометры адносна дзяленняў шкалы пры розных становішчах вока. П. у астраноміі — уяўнае зрушэнне свяціла, абумоўленае перамяшчэннем назіральніка. Адрозніваюць П.: з прычыны вярчэння Зямлі — сутачны, абарачэння Зямлі вакол Сонца — гадавы.

Сутачны П. — вугал паміж напрамкамі на свяціла з цэнтра Зямлі і з пэўнага пункта зямной паверхні (вугал p′, пад якім са свяціла M бачны радыус Зямлі r у месцы назірання). Для свяціла, якое знаходзіцца ў зеніце, сутачны П. роўны нулю; для свяціла на гарызонце ён максімальны і наз. гарызантальным П. Па значэнні гарыз. П. свяціла p″ можна знайсці адлегласць Δ ад цэнтра Зямлі да свяціла: Δ = 206265 r/p″, дзе r — экватарыяльны радыус Зямлі. Гарыз. П. Сонца роўны 8,794, што адпавядае адлегласці ад Зямлі да Сонца 149 597 870 км, якая наз. астранамічнай адзінкай. Гадавы П. — вугал, пад якім са свяціла відаць вял. паўвось зямной арбіты; служыць для вызначэння адлегласцей да зорак.

А.​А.​Шымбалёў.

Уплыў паралакса на адлік ціску па барометры.
Сутачны паралакс свяціла (∠OMT): T — цэнтр Зямлі; O — пункт назірання на паверхні Зямлі; M (M′) — цэнтр свяціла; r — радыус Зямлі; ∠OM′T — гарызантальны сутачны паралакс.
Гадавы паралакс.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1996 у Мінску як недзярж. т-р на базе Альтэрнатыўнага т-ра (існаваў у 1990—96). Творчую дзейнасць пачаў пад маст. кіраўніцтвам І.​Забары паказам спектакляў, пастаўленых раней у Альтэрнатыўным т-ры: «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Ф.​Аляхновіча (рэж. А.​Андросік і Рудаў), «Моцарт і Сальеры» А.​Пушкіна (рэж. А.​Літвін), «Лебядзіная песня» паводле А.​Чэхава (рэж. В.​Грыгалюнас). Мастацтву т-ра ўласцівы віртуознасць акцёрскай тэхнікі, дынамізм сцэн. дзеяння, актыўная драматург. роля музыкі, пластыкі і колеру. Працуе на невял. аўдыторыю, ставіць пераважна спектаклі малых форм з камерным складам выканаўцаў. Сярод пастановак: філас. камедыя «Скарпіён» А.​Еранькова паводле апавядання «Няма даравання» Л.​Андрэева (рэж. В.​Еранькова), дынамічны экзерсіс «Знайсці Элізабет» А.​Гарцуева паводле Р.​Тама (рэж. Гарцуеў), філас. трагікамедыя «Дрэйфус» Ж.​К.​Грумбарга, створаная з выкарыстаннем прыёму «тэатр у тэатры» (рэж. Літвін), казка для дзяцей «Чаравічак для Папялушкі» Я.​Жураўкіна паводле казкі «Папялушка» Ш.​Перо (рэж. Дз.​Марынін і Дз.​Саладуха), канцэптуальная псіхал. драма «ART» Я.​Рэзы (рэж. М.​Пінігін), мюзікл «Тайны Чароўнага Паддашку» А.​Еранькова (аўтар лібрэта і рэж. В.​Еранькова). Сярод акцёраў: А.​Голуб, Жураўкін, Забара, А.​Корчыкаў, С.​Нікіфарава, А.​Федаровіч, А.​Шуляк. У спектаклях удзельнічаюць і акцёры інш. т-раў: З.​Белахвосцік, С.​Журавель, В.​Кашчэеў, Г.​Лягчылава, В.​Манаеў, А.​Сідарава, А.​Шадзько і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі малы тэатр. Сцэна са спектакля «АРТ» Я.​Рэды.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГЕ́Н ((Gauguin) Эжэн Анры Поль) (7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),

французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.

Літ.:

Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;

Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.

Н.​М.​Усава.

П.Гаген. Ave Maria. 1887.
П.Гаген. Аўтапартрэт. 1897.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРЫШЧА́НА»,

помнік бел. перакладной л-ры. Папулярны рыцарскі раман. Перакладзены на бел. мову ў 2-й пал. 16 ст. з сербскай крыніцы (апошняя з італьян. арыгінала). Бел. пераклад збярогся ў Пазнанскім рукапісным зборніку. У аснове твора — паэт. кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у бел. рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літ. апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць пра Трышчана» — класічны ўзор жанру рыцарскага рамана, пабудаванага на авантурна-прыгодніцкай фабуле і любоўнай інтрызе. Гал. герой — ідэальны рыцар, які служыць прыгожай даме і праводзіць свой час у няспынных прыгодах і рыцарскіх турнірах. У барацьбе за прыгожую Іжоту, дачку ірландскага караля, якую герой здабывае ў паядынках з рознымі сапернікамі свайму дзядзьку, каралю Марку, Трышчан выходзіць пераможцам. Аднаго ён не можа пераадолець — сваіх пачуццяў да Іжоты. Каханне прыносіць героям вял. пакуты: Іжота належыць каралю Марку, сеньёру Трышчана, і становіцца яго жонкай. У зах.-еўрап. версіях легенды зроблена спроба знайсці выйсце: гал. герой жэніцца на другой Ізольдзе. Аднак такі ўчынак прыносіць новыя пакуты закаханым. Усёпаглынальная любоўная страсць паскарае заўчасную смерць гал. герояў. Фінал твора гучыць як гімн вял. каханню. У бел.-сербскай «Аповесці пра Трышчана» падзеі заключнай часткі выкладзены інакш: Трыстан не жэніцца з другой жанчынаю, а застаецца верны сваёй каханай да канца, дзеянне ў творы не даведзена да трагічнага фіналу. У бел. апрацоўцы асн. ўвага сканцэнтравана на апісанні незвычайных прыгод, паядынкаў і рыцарскага гераізму Трышчана; аптыміст. канец лепш стасуецца з агульнай ідэйна-маст. канцэпцыяй аповесці, у якой, насуперак аскетычным прынцыпам хрысціянства, апяваюцца пачуцці і перажыванні чалавека, яго зямныя радасці і страсці, паэтызуецца пераможная сіла кахання. «Аповесць пра Трышчана» — унікальны слав. варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, каштоўны помнік бел. літ. мовы 16 ст. Перакладзена на сербскахарвацкую (Бялград, 1966), англ. (Лідс, 1977; Нью-Йорк, 1988), італьян. (Фларэнцыя, 1983) мовы.

Публ.:

Легенда о Тристане и Изольде. М., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

«Аповесць пра Трышчана» (фрагмент). 16 ст.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. on (ontos) існае + ...логія)],

раздзел філасофіі, вучэнне аб быцці. Даследуе сутнасць быцця, яго універсальныя, усеагульныя асновы, заканамернасці і структуры. Тэрмін уведзены ням. філосафам Р.​Гакленіусам (1613) у значэнні «космас», «прырода», «прадметны свет» (у адрозненне ад гнасеалогіі — вучэння аб пазнанні). Пазней сталі выкарыстоўваць і ў дачыненні да чалавека і яго свядомасці, вызначэнні анталагічнага зместу паняццяў, што набылі формы пазнання. На розных этапах развіцця філасофіі бытавала думка, што свет, які ўспрымаецца пачуццём, несапраўдны і трэба шукаць пастаянны свет існага быцця, які можна спасцігнуць толькі розумам. Быццё як саматоесную існасць Парменід уяўляў нязменным, адзіным і супрацьпастаўляў яго пачуццёваму, множнаму, рухомаму. Арыстоцель уключаў у анталогію станаўленне, рух, якія ён звязваў з пераходам магчымасці ў рэальнасць. Філосафы сярэднявечча вырашалі праблемы ўзроўняў быцця (актуальны, патэнцыяльны, субстанцыяльны і інш.). Матэрыялістычная анталогія новай філасофіі разглядае асвоеную чалавекам з дапамогай навукі і тэхнікі прыроду, матэрыяльна-прадметную рэальнасць па-за чалавекам. Паварот ад прыродна-натуралістычнай да суб’ектыўна-гнасеалагічнай трактоўкі быцця з улікам вопыту суб’екта зроблены ў філасофіі Р.​Дэкарта, І.​Канта, І.​Фіхтэ, Г.​Гегеля і інш. Паводле К.​Маркса, адзінства прыроднага і чалавечага быцця дасягаецца ў працэсе сац. дзеяння, якое ахоплівае і матэрыяльную, і духоўную вытв-сць. М.​Хайдэгер, спалучаючы сэнс быцця з быццём чалавека, асаблівае значэнне ў анталогіі надаваў часу, мове (як «дому быцця»), культуры. Сучасны стан анталогіі абумоўлены гіст. этапам развіцця грамадства з уласцівай яму на гэтым узроўні спецыфікай узаемасувязі быцця і свядомасці супярэчнасцямі паміж імі. Адна з гэтых супярэчнасцяў у тым, што прыроданавук. і сацыялагічным мадэлям не заўсёды можна знайсці адпаведнасці ў прыродзе і грамадстве. Другая супярэчнасць звязана з працэсамі інтэграцыі грамадскага быцця ў агульначалавечае з узвышэннем да яго ўзроўню нац., рэгіянальных інтарэсаў, ідэй і культуры. Гэта абвастрае праблематыку анталогіі, але павышае яе актуальнасць, асабліва ролю ўсеагульнасці, навук. спасціжэнне якой дазваляе чалавеку (яго свядомасці) правільна арыентавацца ў розных абставінах.

Літ.:

Лосев А.Ф. Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Хайдеггер М. Время в бытие: Статьи и выступления. Пер. с нем. М., 1993;

Широканов Д.И. Основные этапы становления единства и развития как логических принципов // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;

Петрущик А.И. Перспективы единства мышления и бытия в современном мире // Научно-технический прогресс: взаимодействие факторов и тенденции развития. Мн., 1989;

Алексеева Е.А. Разум и онтология сознания // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

А.​І.​Пятрушчык, Д.​І.​Шыраканаў.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)