ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,
крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.
т. 13, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ШПІЯНА́Ж,
адна з назваў злачыннай дзейнасці, Накіраванай на процізаконнае набыццё звестак, якія маюць эканам. ці камерцыйную каштоўнасць. Мэта П.ш. — авалоданне камерцыйнай або банкаўскай тайнай і выкарыстанне яе без згоды ўладальніка, здзейсненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за т.зв. камерцыйны шпіянаж. Адказнасць за гэта злачынства ўзмацняецца, калі ў выніку яго быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.
т. 13, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,
хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.
т. 14, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎПРА́ЎСТВА,
злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч
(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),
рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕЎ Уладзімір Мацвеевіч (14.8.1885, г. Зямлянск Варонежскай вобл., Расія — 16.10.1963),
рускі пісьменнік. Творы вызначаюцца вастрынёй і актуальнасцю праблематыкі. У апавяданнях, аповесцях і нарысах адлюстроўваў жыццё сібірскага сялянства («Нядзеля», 1910; «Сухі патоп», 1914; «Маці», 1916), падзеі рэв. эпохі («Памылка», 1924; «Жалезная трава», 1926; «Цень у полымі», 1929) і грамадз. вайны (раманы «Злачынства Марціна», 1928; «Наступ», 1933—40). Творы пра Вял. Айч. вайну раскрываюць гераізм і мужнасць сав. салдатаў. Аўтар кн. «Вячаслаў Шышкоў» (1947).
т. 2, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ БАТАЛЬЁН,
спецыяльная вайсковая часць, у якой асуджаны ваеннаслужачы адбывае пакаранне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь да ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія ўчынілі злачынства, можа прымяняцца накіраванне ў Д.б. у выпадках, прадугледжаных законам, на тэрмін ад 3 месяцаў да 2 гадоў, а таксама ў выпадках, калі суд, прымаючы пад увагу абставіны справы і асобу асуджанага, палічыць мэтазгодным замест пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў прымяніць накіраванне ў Д.б. на той жа тэрмін.
т. 6, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г.А. Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
В.І.Атрашкевіч, М.Р.Міхайлаў.
т. 6, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)