МАЛДЫБА́ЕЎ Абдылас (7.7.1906, г.п. Карабулак Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 31.5.1978),

кіргізскі спявак (тэнар), кампазітар; адзін з заснавальнікаў кірг. муз. т-ра, вак.-сімф. і песеннага жанраў. Нар. арт. СССР (1939). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1940—41 і 1947—50). З 1930 дырэктар, з 1933 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. У 1939—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Кіргізіі. Аўтар (з У.​Уласавым і У.​Ферэ) муз. драмы «Не смерць, а жыццё» (3-я рэд., 1936), опер, у т. л. першай нац. «Месяцавая прыгажуня» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «На берагах Ісык-Куля» (паст. 1951), «Тактагул» (паст. 1958), музыкі Дзярж. гімна Кіргізіі (1946) і інш. Запісаў больш за 1 тыс. кірг. нар. мелодый. Сярод партый: Бектур, Кульчаро, Сыргак («Не смерць, а жыццё», «Месяцавая прыгажуня», «Манас»), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Тулеген («Кыз-Жыбек» Я.​Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула 1970.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ Сяргей Яўгенавіч (н. 7.11.1961, Мінск),

бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел. ін-т фіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян. прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.​Беленькім).

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭЦІ́НА (Aretino) П’етра (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),

італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ ПАРА́ДАК,

сістэма грамадскіх адносін, якая рэгулюецца маральнымі і прававымі нормамі, мае на мэце гарантаванне грамадскай бяспекі і спакою, абароны гонару і годнасці грамадзян і нармальных умоў для дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый. Складваецца ў працэсе свядомага і добраахвотнага выканання грамадзянамі правіл паводзін, устаноўленых законам і маральнымі нормамі. Выкананне гэтых правіл забяспечвае зладжанае і ўстойлівае супольнае жыццё людзей. Парушэнні грамадскага парадку цягнуць за сабой адпаведную адказнасць: маральную, адм., крымінальную.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,

персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.​К.​Андэрсен, І.​В.​Гётэ, Э.​Сю, П.​Б.​Шэлі, В.​А.​Жукоўскі і інш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МСУН (Hamsun; сапр. Педэрсен; Pedersen) Кнут

(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),

нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.​Ніцшэ, Э.​Сведэнбарга, А.​Шапенгаўэра, С.​К’еркегора, эстэтыкі А.​Стрындберга, Ф.​Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Царыца Саўская // Крыніца. 1996. № 25 (10);

Рус. пер. — Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Л.​П.​Баршчэўскі.

К.Гамсун.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАРЫ́КІН Пётр Дзмітрыевіч (27.8.1836, г. Ніжні Ноўгарад — 12.8.1921),

рускі пісьменнік. Ганаровы акадэмік Пецярб. АН (1900). Вучыўся ў Казанскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1863—65 рэдактар-выдавец час. «Библиотека для чтения». З пач. 1890-х г. за мяжою. Аўтар больш як 100 раманаў, аповесцяў, п’ес, у якіх моцны ўплыў натуралізму. У раманах «Дзялкі» (1872—73), «Кітай-горад» (1882), «Васіль Цёркін» (1892), аповесці «Паразумнеў» (1890) і інш. адлюстраваў жыццё рус. грамадства ў 2-й пал. 19 ст. Аўтар даследавання «Еўрапейскі раман у XIX стагоддзі» (т. 1, 1900), мемуараў «За паўвеку».

Тв.:

Собрание романов, повестей и рассказов. Т. 1—12. СПб., 1897;

Воспоминания. Т. 1—2. М., 1965.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКУ́РАЎ Васіль Фёдаравіч (25.8.1926, в. Негаціна Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 22.5.1987),

бел. пісьменнік, публіцыст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1963). У 1957—62 у ганцавіцкай раённай газеце, з 1966 яе рэдактар; у 1962—66 у ляхавіцкай раённай газеце. Друкаваўся з 1950. Аўтар зб-каў нарысаў «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984; за апошнія дзве Дзярж. прэмія Беларусі 1986), асн. тэмы якіх — духоўнае жыццё і праца сучасніка, ахова прыроды, галерэя партрэтаў жыхароў Палескага краю.

Тв.:

Наўсцяж вясковай вуліцы. Брэст, 1995.

Б.​В.​Стральцоў.

В.Ф.Праскураў.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЧАЎ Пётр (9.3.1887, г. Варна, Балгарыя — 30.8.1960),

балгарскі спявак (лірыка-драм. тэнар), оперны рэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1949). Вучыўся ў Сафіі, Маскве (да 1911). Выступаў у еўрап. і рас. т-рах. Спяваў разам з Ф.​Шаляпіным, Т.​Даль Монтэ, Цітам Руфа. З 1936 саліст Сафійскай нар. оперы. У 1950—58 праф. Балгарскай кансерваторыі. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно). Паставіў больш за 20 опер у Балгарыі і за яе межамі. Аўтар мемуараў «Жыццё і песня» (1951). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)