МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НІЯ (Molinia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.

Малінія блакітная.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДНАР (Іван Васілевіч) (н. 20.7.1940, с. Доўгае Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі цвёрдага цела. Д-р хім. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ужгарадскі ун-т (1964). З 1969 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. даследаванні па цвёрдых растворах шматкампанентных сістэм, вырошчванні монакрышталёў складаных паўправадніковых матэрыялаў і вывучэнні іх фіз.-хім. і цеплафіз. Уласцівасцяў.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТЫ́Т (ад дэрма + ...іт),

запаленне скуры. Узнікае ад дзеяння на скуру фіз. (доўгае трэнне і ціск, высокія і нізкія т-ры, радыяцыя), хім. (к-ты, солі, лек. прэпараты, касметыка і інш.), раслінных фактараў. Штучныя Д. бываюць ад уздзеяння раздражняльнікаў, алергічныя — ад паўторных уздзеянняў раздражняльнікаў, якія выклікаюць сенсібілізацыю арганізма. Адрозніваюць Д. востры і хранічны. Прыкметы; пачырваненне і ацёк, пухіры, боль, сверб, пякота. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, мясцовае — процізапаленчыя сродкі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,39 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 2,6 м. Пл. вадазбору 14,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, разараныя, на ПнЗ пад хмызняком. Берагі сплавінныя (шыр. сплавіны да 30 м), параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у Доўгае возера.

т. 10, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНАЛІ́СЦЕВЫЯ (Sphenophyllales),

парадак вымерлых членістасцябловых (хвашчовых) раслін. 1 сям. Існавалі ад позняга дэвону да ранняга трыясу (каля 360—220 млн. г. назад). Мяркуюць, што гэта былі ліянападобныя расліны, пашыраныя ў вільготных лясах ці ў вадаёмах.

Сцябло доўгае, тонкае, травяністае або адраўнелае, рабрыстае, часам разгалінаванае. У некат. форм з шыпамі. Колькасць клінападобных, авальных або лінейных лістоў у кальчаках кратнае 3 (ад 6 да 12). Органы размнажэння (стробілы) — на канцах галін, радзей — у ліставых пазухах.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖА́НКА,

рака ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 272 км². Пачынаецца за 1,5 км на У ад в. Стадолішча Бялыніцкага р-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прыток — р. Рудка (справа). Даліна невыразная, дробнаўрэзаная, шыр. 1 км. Да в. Доўгае Клічаўскага р-на схілы параслі мяшаным забалочаным лесам, ніжэй адкрытыя. Пойма двухбаковая, лугавая, у верхняй ч. забалочаная. Рэчышча ў вытоку на працягу 5 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,

пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)