АБД АЛЬ-КЕРЫ́М (1881 або 1882 — 7.2.1963),
паліт. і дзярж. дзеяч Марока. Атрымаў багаслоўскую адукацыю. За заклікі да вызв. барацьбы ў 1915 зняволены. У 1921 узначаліў вызв. барацьбу рыфскіх плямёнаў супраць ісп., з 1925 франц. каланізатараў. Прэзідэнт (эмір) [1921—26] Рыфскай рэспублікі. У 1926 захоплены французамі і сасланы на в-аў Рэюньён. У 1947 атрымаў дазвол на выезд у Францыю пры ўмове, што не будзе займацца паліт. дзейнасцю. Уцёк і пасяліўся ў Каіры, дзе ўзначаліў (1948—56) Камітэт вызвалення Арабскага Магрыба.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,
орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЫ́МАЎ (Мухамеджан) (9.5.1907, г. Рыштан Ферганскай вобл., Узбекістан — 5.7.1971),
таджыкскі акцёр. Нар. арт. СССР (1941). Вучыўся ў Какандскім пед. і Ташкенцкім каап. тэхнікумах, удзельнічаў у тэатр. самадзейнасці. З 1931 у трупе Таджыкскага т-ра імя Лахуці (Душанбе), з пач. 1940-х г. вядучы акцёр гэтага т-ра. Сярод лепшых ролей: Рахімбек («Чырвонапалачнікі» С.Улуг-зада), Саліх-бай («Бай і батрак» Хамзы), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.Шэкспіра). Займаўся рэжысёрскай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно.
т. 8, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСЕ́НКА (Валерый Данілавіч) (н. 5.6.1944, г. Талачын),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965), Вышэйшыя рэжысёрскія тэатр. курсы пры Ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1978). У 1965—67 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1969—77 у т-ры Я.Купалы. У 1960—70-я г. займаўся канцэртнай дзейнасцю як чытальнік. З 1979 гал. рэжысёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Бел. радыё. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛКАМІ́РСКАЯ ((Wiłkomirska) Ванда) (н. 11.1.1929, Варшава),
польская скрыпачка. Вучылася ў бацькі, пазней у Я.Умінскай, І.Дубіскай і інш. Вядомая як выканаўца твораў К.Шыманоўскага, Б.Бартака, сучасных польскіх кампазітараў. Удзельніца фп. «Трыо Вілкамірскіх» (з сястрой піяністкай Марыяй Вілкамірскай і братам віяланчэлістам Казімежам Вілкамірскім) і Польскага квартэта імя К.Шыманоўскага. Гастраліруе з 1950. З 1982 за мяжой. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Лаўрэат міжнар. конкурсаў скрыпачоў у Жэневе (1946), Будапешце (1948), імя Г.Вяняўскага у Познані (1953). Дзярж. прэмія Польшчы 1953, 1961.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПРЫРО́ДА,
участкі прыроднага асяроддзя, не парушаныя гасп. дзейнасцю чалавека, на якія ён уплывае толькі як біял. істота або апасродкавана праз глабальныя змены на Зямлі. Паняцце Дз.п. адноснае ў сувязі з хуткім пашырэннем і інтэнсіфікацыяй антрапагеннага ўздзеяння на прыроду ва ўсім свеце і тым, што яго вынікі фіксуюцца практычна ў любым з куткоў Зямнога шара. Беларусь практычна ўся знаходзіцца ў зоне такога ўплыву. Эталонныя ўчасткі яе вылучаюцца і ахоўваюцца ў якасці помнікаў прыроды, уваходзяць у склад заказнікаў, запаведнікаў, выкарыстоўваюцца для арганізацыі маніторынгу.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЯ ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1960 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Уключана ў Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і сетку геамагнітных абсерваторый СНД. Вядзе назіранні эл.-магн. поля і сейсмічнасці Зямлі. Даследуе эл.-магн. працэсы ў калязямной прасторы, глыбінную будову зямной кары і верхняй мантыі. З’яўляецца базай для выканання міжнар. геафіз. праграм, мае геамагнітную абсерваторыю, станцыі зямных токаў і сейсмічную. З яе дзейнасцю звязана развіццё новага для Беларусі навук. кірунку — фізікі Зямлі.
Ж.П.Хацько.
т. 12, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫ ЦЭ́НТР,
1) умоўная назва цэнтральнага апарата знешняй разведкі, які ажыццяўляе арганізацыю і кіраўніцтва разведвальнай дзейнасцю за рубяжом, а таксама на тэр. сваёй краіны (з пазіцый мін-ваў і ведамстваў, што маюць замежныя сувязі). Р.ц. арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць рэзідэнтур, камплектуе іх кадрамі, забяспечвае мат.-тэхн. і фін. сродкамі, а таксама вядзе цэнтралізаваны ўлік.
2) Цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі разведчыкаў. Усе спецслужбы свету маюць спец. вучэбныя ўстановы, дзе рыхтуюць кадравых супрацоўнікаў падраздзяленняў разведкі і контрразведкі.
В.А.Окунеў, А.А.Мініч.
т. 13, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (1799—1834),
гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас. ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.
В.А.Гапоненка.
т. 4, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)