ЭКСТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛ,

знешні выгляд і склад цела жывёлы. Паказвае характар яе прадукцыйнасці, канстытуцыі і здароўя. Вызначаюць Э. на вока ці з дапамогай інструментаў (цыркуль, мерная стужка і інш.) па спец. шкалах, распрацаваных для кожнага віду і пароды жывёл. Асн. паказчыкі Э.: вышыня ў карку, вышыня ў крыжы, абхват, глыбіня і шырыня грудзей, даўжыня тулава і інш.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАСЦЬ,

найпрасцейшы від функцыянальнай залежнасці (гл. Функцыя). Адрозніваюць П. прамую (у = k∙x) і адваротную (y = ​k/x), дзе пастаянны множнік k наз. каэфіцыентам П. Напр., шлях s цела пры раўнамерным руху прапарцыянальны часу t : s = v∙t (каэф. П. — скорасць v); даўжыня асновы прамавугольніка з зададзенай плошчай S адваротна прапарцыянальная вышыні h : y = ​S/h (каэф. П. — плошча S).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЗАВАЯ СКО́РАСЦЬ,

фізічная велічыня, якая характарызуе перамяшчэнне пастаяннай фазы гарманічнай хвалі ў прасторы. Вызначаецца суадносінамі v = f/λ = ω/k, дзе f — частата ваганняў, λ — даўжыня хвалі, ω = 2πf — цыклічная частата, k = 2πλ — хвалевы лік. Пры распаўсюджванні хваль у асяроддзі залежыць ад частаты ваганняў (гл. Дысперсія хваль), што скажае форму сігналаў канечнай працягласці (гл. Салітон). Адзінка Ф.с. ў СІ — метр за секунду.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ від люмінесцэнцыі, узбуджанай аптычным выпрамяненнем. Вылучаецца пасля заканчэння выкліканых святлом працэсаў рэлаксацыі і ўстанаўлення квазіраўнавагі.

Звычайна даўжыня выпрамененай хвалі большая за даўжыню хвалі ўзбуджальнага святла (правіла Стокса). Адносіны колькасці выпрамененых квантаў да колькасці паглынутых Ф. (квантавы выхад) вызначаюцца Вавілава законам. Для крышталефасфораў характэрна нелінейная залежнасць Ф. ад інтэнсіўнасці ўзбуджэння. Ф. выкарыстоўваецца ў люмінесцэнтных лямпах, для люмінесцэнтных аналізу, дэфектаскапіі і інш.

т. 16, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУ́ЖНАСЦЬ,

замкнёная плоская крывая, усе пункты якой знаходзяцца ад яе цэнтра O на аднолькавай адлегласці, роўнай радыусу R (гл. рыс.). Прамая AB, што злучае 2 пункты акружнасці, наз. яе хордай, хорда CD, што праходзіць праз цэнтр O, — дыяметрам. Адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра выражаюцца лікам π = 3,1415... . Даўжыня акружнасці роўная 2πR. Гл. таксама Круг.

Акружнасць: AB — хорда; CD — дыяметр; R — радыус; O — цэнтр акружнасці.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТАМІ́РА (Altamira),

пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.

Выявы бізонаў у пячоры Альтаміра.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЬ,

вадасховішча ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Тур’я (левы прыток Прыпяці). За 20 км на З ад г. Хойнікі, каля в. Дуброва. Створана ў 1980. Пл. 0,51 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 4,2 м. Даўжыня агараджальнай дамбы 1,76 км. Наліўное, напаўняецца з р. Тур’я. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,2 м. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАСА́ЭДР (ад грэч. eikosi дваццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 20 граней (трохвугольных), 30 рэбраў, 12 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 5 рэбраў). Калі a — даўжыня рабра І., тады яго аб’ём V′ = 5 12 a3 ( 3 + 5 ) ≈ 2,1817a3 . І. звязаны з дадэкаэдрам. цэнтры граней дадэкаэдра з’яўляюцца вяршынямі І. Упершыню І. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Ікасаэдр.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)