ГІДРАСТА́Т (ад гідра...+ грэч. statos нерухомы),

1) падводны апарат для выканання даследаванняў і інш. работ. Спускаюць на кабель-тросе з судна-базы. Прызначэнне і метады эксплуатацыі такія, як батысферы, аднак гідрастат разлічаны на меншыя глыбіні.

2) Гідрастат у тэхніцы — устаноўка для гідрастатычнага прасавання парашковых матэрыялаў. Парашок засыпаюць у капсулу, дзе яго вібраўшчыльняюць, вакуумуюць і герметызуюць. Капсулу змяшчаюць у спец. кантэйнер, і парашок прасуецца з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам да 1500 МПа (пры халодным прасаванні; пры гарачым — да 500 МПа). Выкарыстоўваецца для папярэдняга ўшчыльнення парашкоў (халоднае прасаванне) перад газастатычным прасаваннем; атрымання з парашкоў бессітаватых гатовых вырабаў або загатовак для аб’ёмнага (гарачага) прасавання.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),

апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.

Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.

Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭКСТРУ́ЗІЯ (ад гідра... + экструзія),

спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).

Схемы гідраэкструзіі: а — з вынесенай крыніцай ціску вадкасці; б — прамога дзеяння; 1 — ушчыльненні; 2 — матрыцы; 3 — вадкасць; 4 — загатоўка; 5 — кантэйнер; 6 — прэс-штэмпель.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАХІ́МІЯ (ад гідра... + геахімія),

раздзел гідрагеалогіі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і геахім. працэсы ў ёй. Выяўляе заканамернасці фарміравання хім. саставу падземных вод і міграцыю ў іх хім. элементаў.

Грунтуецца на ўяўленнях аб структуры прыродных вод, пашырэнні хім. элементаў у зямной кары і горных пародах, фактарах міграцыі, назапашвання і рассейвання розных хім. элементаў і іх ізатопаў у прыродных водах, саставе газаў у падземных водах і інш. Асновы гідрагеахіміі распрацаваў У.І.Вярнадскі. Як галіна гідрагеалогіі аформілася ў 1940-я г. З 1950-х г. развіваецца яе раздзел — радыегідрагеахімія, якая вывучае міграцыю радыеактыўных элементаў у падземных водах.

На Беларусі даследаванні ў галіне гідрагеахіміі вядуцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН і інш.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),

апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).

Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.

Гідраманітор з дыстанцыйным кіраваннем: 1 — насадка; 2 — верхняе рухомае (вярчальнае) калена; 3 — ствол; 4 — ніжняе нерухомае калена.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),

хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),

раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.

Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл. Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл. Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭЛЕВА́ТАР (ад гідра... + элеватар),

струменная помпа для перамяшчэння па трубаправодзе вадкасцей і гідрасумесей. Выкарыстоўваецца для транспартавання матэрыялаў на невял. (да некалькіх соцень метраў) адлегласці, пры гідрамеханізацыі горных і земляных работ, для выдалення шламаў на абагачальных фабрыках, шлаку і попелу на электрастанцыях і ў кацельных і інш.

Дзеянне гідраэлеватара заснавана на прынцыпе перадачы энергіі аднаго патоку другому. Напорная вада з вял. скорасцю выцякае з насадкі ў камеру змешвання, дзе ствараецца разрэджванне і адбываецца ўсмоктванне матэрыялу. Утвораная гідрасумесь (пульпа) паступае ў дыфузар, які стварае напор і забяспечвае далейшае перамяшчэнне сумесі па трубаправодах. Гідраэлеватары простыя па канструкцыі і надзейныя ў рабоце, але маюць невял. ккдз (да 30%).

Гідраэлеватар: 1 — насадка; 2 — прыёмная камера; 3 — змешвальная камера; 4 — дыфузар; 5 — нагнятальны трубаправод; 6 — усмоктвальны патрубак.

т. 5, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),

рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)