ЯЦЬ,

назва кірыліцкай літары ѣ, якая ў стараслав. і стараж.-рус. мовах абазначала своеасаблівы галосны гук пярэдняга раду, падобны на закрыты «е», а магчыма, на дыфтонг «іе». У старабел. пісьменнасці выкарыстоўвалася паводле традыцыі: «гнѣвъ», «конѣцъ», «лѣто». У сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, што памагае вызначыць час і месца напісання помнікаў. Часта замянялася літарай «е», бо ў большасці бел. гаворак гук, які яна абазначала напачатку, рана супаў з «е» або наблізіўся да яго: «мѣсто» — «место», «хлѣбъ» — «хлебъ». Лікавага значэння не мела. У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Выйшла з ужытку ў 18 ст. ў сувязі з заняпадам стараж.-бел. пісьменнасці. У рус. графіцы выкарыстоўвалася да 1918. У сучасных бел. і рус. мовах на месцы ѣ пішацца «е», ва ўкраінскай «і».

А.​М.​Булыка.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН (ад грэч. tonos павышэнне голасу, тон, націск; напружанне) у акустыцы, гук пэўнай вышыні; фіз. характарыстыка гуку, якая вызначаецца яго частатой. Адрозніваюць: просты Т. (гарманічнае гукавое ваганне) і асноўны Т. (стварае акустычная сістэма, калі вагаецца з найніжэйшай для яе частатой). Гл. таксама Абертон.

т. 15, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА (лац. littera),

графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд. Мн., 1993;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ ў мовазнаўстве,

умоўны від пісьма, які выкарыстоўваецца ў спец. навук. і інш. мэтах. Адрозніваюць фанетычную, фанематычную і практычную Т. Мэта фанетычнай Т. — найб. дакладна перадаць вымаўленне слова, апісаць асобна кожны вымаўлены гук. У бел. мове для гэтага ўжываюцца літары бел. алфавіта і дадатковыя знакі: «між бяроз — (м’іж б’яро́с)», «снег — (с’н’е́х)», «Янка — (гінка)». Значком ’ абазначаецца мяккасць папярэдняга зычнага гука, лац. літарай j — гук «[й]» у пазіцыі перад галоснымі. Фанематычная Т. перадае фанемны (гл. Фанема) склад слова: адлюстроўвае не ўсе асаблівасці маўлення, а толькі тыя рысы, якім уласціва адметная функцыя. Параўн.: «<м’іж б’ароз>», «<сн’ег>», «<jанка>». Фанетычная і фанематычная Т. адрозніваюцца ад арфаграфічнага напісання, якое ў значнай ступені абумоўлена гіст. традыцыяй. Пры дапамозе практычнай Т. (сродкамі нац. алфавіта) уводзяць у тэкст іншамоўныя ўласныя імёны: асабовыя імёны, геагр. назвы: Шолахаў (рус. Шолохов), Міцкевіч (польск. Mickiewicz). Практычная Т. ўжываецца ў нац. картаграфіі, перыяд. друку, падручніках, шырока выкарыстоўваецца ў творах маст. л-ры.

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Лукашанец.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЫ́,

ударны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.

Званы.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОН (ад грэч. phōnē гук),

пазасістэмная безразмерная адзінка ўзроўню гучнасці гуку. Для чыстых тонаў частатой у 1 кГц супадае (тоесная) з дэцыбелам (гл. Бел). Узровень гучнасці N у Ф. вызначаецца праз дзесятковы лагарыфм адносін вымяральнага гукавога ціску p да гукавога ціску p0 стандартнага чыстага тону частатой у 1 кГц на парозе адчувальнасці: N = 20lg(p/p0).

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсія ў музыцы,

спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней у неполіфанічных творах.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАЦЦАЦІТО́НАВАСЦЬ, дадэкатоніка, дванаццацітонавая гармонія,

від дванаццаціступеннай гукавой сістэмы, у якой кожны гук можа функцыянаваць як самаст. элемент. З ёю звязаны многія новыя віды тэхнікі ў музыцы 20 ст., у т. л. сіметрычныя лады (І.​Стравінскі, А.​Месіян), «сінтэтакорды» М.​Рослаўца, дадэкафонія, тропы (І.​М.​Хаўэр), 12-тонавыя рады (Дз.​Шастаковіч, Р.​Шчадрын), 12-тонавыя палі, акорды, свабодная атанальнасць і інш.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАФО́НІЯ (грэч. kakophōnia ад kakos благі + phone гук),

антыгарманічнае, недарэчнае, бязладнае, хаатычнае спалучэнне муз. гукаў. Узнікае звычайна спантанна (напр., пры настройцы сімф. аркестра) Уяўленні пра К. крыху ўмоўныя і гістарычна мяняюцца (спалучэнні гукаў, якія лічыліся К. для пэўнай муз. культуры і эпохі, могуць успрымацца як асэнсаваныя слухачом інш. эпохі). Уражанне К. можа стварацца і пры неадпаведнасці музыкі слыхавому вопыту аўдыторыі.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)