ПАРЦЭ́ЛА (франц. parcelle ад лац. particula часцінка),
1) дробны зямельны ўчастак (або ч. зямельнага надзелу), на якім вядзецца парцэлярная гаспадарка. 2)У біялогіі — структурная ч.біяцэнозу, дробная біяхаралагічная адзінка. У батаніцы, біягеацэналогіі структурная ч.гарыз. расчлянення фітацэнозу (або біягеацэнозу), якая ахоплівае ўсю яго тоўшчу і адрозніваецца ад інш.ч. саставам, якасцямі кампанентаў, спецыфікай іх сувязяў і матэрыяльна-энергет. абмену. Вылучаецца па шчыльнасці і прадукцыйнасці асобных відаў раслін (пераважна дамінантаў) і асаблівасцях мікраасяроддзя пражывання. Паводле паходжання П. бываюць карэнныя, вытворныя і антрапагенныя. У заалогіі, эталогіі — сукупнасць адзіночных асобін жывёл або сем’яў (вял. сям’я), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна ад адной і часта кантактуюць паміж сабой; тэрмін блізкі да паняцця д э м — невял. (ад некалькіх асобін да дзесяткаў экз.), адносна ізаляваная ад інш. унутрывідавая групоўка пазваночных жывёл, якая існуе на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў, а потым аб’ядноўваецца з інш. падобнымі групоўкамі. Гл. таксама Біяхор(а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 4-я ўдарная, 6-я гв., 43-я, 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Ім процістаялі злучэнні 16-й арміі групы армій «Поўнач» і частка сіл 3-й танк. арміі групы армій «Цэнтр», што ператварылі Полацк у магутны вузел абароны. Мэта аперацыі — разгром полацкай групоўкі праціўніка, вызваленне Полацка. У ходзе аперацыі групоўка ворага была ліквідавана, вызвалены 29 чэрв.г.п. Ушачы і в. Ветрына, 1 ліп.г.п. Шаркаўшчына, 2 ліп.г. Докшыцы і в. Пліса, 3 ліп.г. Глыбокае, 4 ліп. Полацк і г. Дзісна; у вызваленні Глыбокага і Докшыц удзельнічалі партызаны. У выніку аперацыі войскі фронту ізалявалі адну ад адной групы армій «Поўнач» і «Цэнтр», забяспечылі наступленне з Пнгал.стратэг. групоўкі сав. войск на тэр. Беларусі. 31 злучэнню і часці нададзены ганаровыя найменні «Полацкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),
палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч.сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы пра асаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).
Літ.:
Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,
баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.В.Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн.групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс.чал. пры 20 гарматах. 21 ліст.рус. авангард (каля 4,5 тыс.чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс.чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс.чал., у французаў — каля 5 тыс.чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА (Мікалай Васілевіч) (10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),
бел. мовазнавец. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук. працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел.літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 16.3—15.4.1945 у 2-ю сусв. вайну.
Сав. войскі пачалі Венскую аперацыю пасля завяршэння Балатонскай абарончай аперацыі 1945. Акрамя войск 3-га (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) і 46-й арміі 2-га (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) Укр. франтоў у аперацыі ўдзельнічала Дунайская ваен. флатылія. Гал. ўдар наносіўся ў напрамку на Папу, Шопран, Вену. З Пн на Браціславу наступала 7-я гвардз. армія. Сав. войскам процістаялі ням. група армій «Поўдзень» і частка сіл групы армій «Ф». 16 сак. — 4 крас.сав. войскі прарвалі ням. абарону і выйшлі да Вены — 5—13 крас. венская групоўка праціўніка (8 танк., 1 пях. дывізіі, да 15 асобных батальёнаў) была разгромлена. 13 крас. Вена вызвалена ад гітлераўскіх войск.
У выніку Венскай аперацыі сав. войскі ўзялі ў палон 130 тыс.чал., захапілі і знішчылі 1345 танкаў і штурмавых гармат, больш за 2250 гармат і мінамётаў; поўнасцю разбілі 11 ням. дывізій, у т. л. 6-ю армію СС; стварылі ўмовы для вызвалення Чэхаславакіі, паскорылі вызваленне Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЕ́ВІЧ (Юзэфа Фларыянаўна) (н. 27.7.1911, в. Ухлё Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1969). Д-рфілал.н. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1945—91 працавала ў Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі (у 1952—86 заг. сектара дыялекталогіі). Асн.навук. працы ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы, сучаснай бел.літ. мовы. Аўтар манаграфіі «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-й сусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-й пях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп.групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ВІЧ (Яўгенія Міхайлаўна) (н. 6.7.1922, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1954). Скончыла БДУ (1948). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, гісторыю бел. мовы, сучасную бел.літ. мову. Адзін з аўтараў «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), кн. «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 2000 за цыкл работ «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак».
Тв.:
Бібліяграфічны ўказальнік літаратуры па беларускаму мовазнаўству. Мн., 1960 (разам з М.А.Жыловіч, А.К.Юрэвіч);
П.А.Бузук. Мн., 1969 (разам з А.К.Юрэвіч);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. ўказ. (1825—1965 гг.). Мн., 1967 (у сааўт.);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. (1966—1975). Мн., 1980 (разам з А.Д.Васілеўскай);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ., 1976—1985. Мн., 1993 (з ёй жа).