ЭТБА́Й,
горны хрыбет у Егіпце і Судане. Цягнецца ўздоўж узбярэжжа Чырвонага м. ад дэльты р. Ніл на ПнЗ да адгор’яў Эфіопскага нагор’я на ПдУ. Даўж. каля 1500 км. Пераважаюць выш. каля 1000 м, найб. 2259 м (г. Ода). Складзены з дакембрыйскіх крышт. сланцаў, гнейсаў. Стромка абрываецца на У да ўзбярэжжа, ступеньчата апускаецца на З да Аравійскай пустыні. У сухіх далінах бедная дрэвавая расліннасць (тамарыскі, сікаморы, акацыі), ксерафільныя злакі. Рэзерваты: Вадзі-Рышраш (Егіпет), Эркавіт (Судан).
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.
Г.Я.Рылюк.
т. 8, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГАДЖА́РЫ,
горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г. Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́ТАЎ Іван Васілевіч (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),
расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет у горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.
т. 11, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́СКІН Лаўрэнцій Аляксеевіч (2.6.1808—3.2.1890),
рускі даследчык Аляскі, марскі афіцэр. Скончыў Марскі кадэцкі корпус, служыў у Пецярбургу і г. Астрахань. У 1842—44 па заданні Расійска-амерыканскай кампаніі апісаў ч. заліва Нортан, адкрыў горны хрыбет у бас. р. Юкан, даследаваў рэкі Куікпак і Кускакуім. Вынікі экспедыцыі апублікаваны ў творы: «Пешаходны вопіс часткі рускіх уладанняў у Амерыцы, зроблены ў 1842, 1843 і 1844 гг.» (ч. 1—2, 1847—1848), перавыданне — «Падарожжы і даследаванні лейтэнанта Лаўрэнція Загоскіна ў Рускай Амерыцы ў 1842—1844 гг.» (1956).
Літ.:
Адамов А. Первые русские исследователи Аляски. М., 1950.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Occidental),
горны хрыбет, найб. высокі зах. край горнай сістэмы Андаў. Размешчана на тэр. Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, уздоўж чылійска-балівійскай мяжы. Даўж. каля 400 км. Выш. рэльефу ад 2500 м да 5000 м і больш. Найб. выш. 6768 м (г. Уаскаран). Складзена з трыясава-юрскіх вапнякоў, кангламератаў, пясчанікаў, гіпсаў, сланцаў, якія перамяжаюцца вулканічнымі пародамі і пранізаны інтрузіямі гранадыярытаў. Старажытны і сучасны вулканізм, шматлікія дзеючыя і патухлыя вулканы (Чымбараса, 6267 м; Карапуна, 6425 м; Сахама, 6520, і інш.). На самых высокіх вяршынях снежнікі і ледавікі. Радовішчы золата, плаціны, серы, руд медзі і жалеза.
т. 7, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛІ́НДЭРС (Flinders) Мэцью (16.3.1774, Донінгтан, Вялікабрытанія — 19.7.1814),
англійскі даследчык Аўстраліі. У 1797—98 на судне «Норфалк» разам з Дж.Басам абышоў в-аў Тасманія, вызначыў яго становішча. У 1801—03 на судне «Інвестыгейтар» даследаваў і адзначыў на карце паўд. ўзбярэжжа Аўстраліі, адкрыў залівы Спенсер, Сент-Вінсент, п-аў Йорк і шэраг астравоў. У 1802 даследаваў усх. і паўн. ўзбярэжжа Аўстраліі, адкрыў а-вы Уэлслі, пазначыў на карце Вял. Бар’ерны рыф. У 1814 прапанаваў для Паўд. мацерыка назву Аўстралія (замест Новай Галандыі). Яго імем названы востраў каля берагоў Тасманіі, праход і рыфы ў Вял. Бар’ерным рыфе, горны хрыбет, рака, горад, бухта ў Аўстраліі.
т. 16, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ХТГОФЕН (Richthofen) Фердынанд Паўль Вільгельм фон (5.5.1833, г. Покуй, Польшча —6.10.1905),
нямецкі географ, геолаг, падарожнік. Чл. Прускай АН (з 1899). Вучыўся ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах, у 1869 у Фрайбергскай горнай акадэміі. З 1873 прэзідэнт Берлінскага геагр. т-ва. У 1875—79 праф. Бонскага, з 1883 Лейпцыгскага і з 1886 Берлінскага ун-таў. У 1856—60 праводзіў геал. даследаванні ў Альпах і Карпатах; у 1860 ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі; у 1862—68 у Каліфорніі і на горным хр. Сьера-Невада; у 1868—72 здзейсніў 7 падарожжаў па Кітаі. Вылучыў эолавую гіпотэзу паходжання лёсу ў Кітаі (1877). Вынікі даследаванняў выклаў у працы «Кітай» (т. 1—4, 1877—1912), склаў «Атлас Кітая» (1885). Стварыў генет. класіфікацыю форм рэльефу і характарыстыку найб. Прыродных абласцей Азіі (1886). Яго імем названы горны хрыбет у Цэнтр. Азіі ў сістэме Наньшань.
т. 13, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.
У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.
т. 2, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,
горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.
Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).
Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.
т. 7, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)