гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛІЯ,
рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.
А.В.Лоў.
Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),
частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).
С.А.Сергачоў.
Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МАГІЛЁВА Утвораны ў 1990 у Магілёве. Размешчаны ў б. архірэйскім палацы
(пабудаваны ў 1762—85 па ініцыятыве архіепіскапа Г.Каніскага) і будынку 19 ст. Мае каля 5 тыс. адзінак асн. фонду (2000),
якія размешчаны па перыядах з часоў узнікнення стараж. паселішчаў на тэр. сучаснага горада. Сярод экспанатаў каменныя сякеры 3—2-га тыс. да н.э., язычніцкія абярогі, амулеты, лунніцы 10—12 ст., кафля 16—18 ст., старадрукі 18 ст., сувоі канца 18 ст., абразы канца 18—19 ст., матэрыялы, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны, зменам арх. аблічча горада на працягу апошняга стагоддзя. Музей праводзіць тэматычныя выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР,
старажытнарускі архітэктар. Будаўнік Георгіеўскага сабора (пачаты ў 1119) Юр’ева манастыра ў г. Ноўгарад. Яму прыпісваюцца таксама інш. саборы горада — Мікола-Дварышчанскі (закладзены ў 1113) і Раства Багародзіцы ў Антоніевым манастыры (закладзены ў 1117).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЯНЁЎСКІ,
пасёлак у Руднянскім с/с Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 13 км ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 230 км ад Гомеля. 250 ж., 82 двары (1996). Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,
прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ЙНА (Станіслаў) (?—1573),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.
Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.
У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач.кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.Я.Варашылава і Б.М.Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс.чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.Ф.Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.А.Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.В.Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.В.Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.
На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.