французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.Дрэйфуса (гл.Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел.пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—26. М., 1960—67.
Літ.:
Владимирова М.М. Романный цикл Э.Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,
горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст.). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б.Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.
Літ.:
Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.
Т.Л.Чарняўская.
Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.Драздовіча. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар.эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар.эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст.спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв.капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш.сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст.вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр. структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б.сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал.гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал.гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
горад, сталіца Фінляндыі. На Пд краіны, на беразе Фінскага зал. Балтыйскага мора. Адм. ц. ляні Усіма. 551 тыс.ж. (2000). Важны трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Малмі. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (суднабудаванне, эл.-тэхн., вытв-сць пад’ёмнага і цэлюлозна-папяровага абсталявання), тэкст., хім., харч., фарфоравая. Метрапалітэн. Ун-т. Музей-крэпасць Суаменліна (Свеаборг: 1748), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Алімпійскі стадыён. Музеі: гісторыка-этнагр. на в-ве Сеўрасары (скансэн), нац., гарадскі і мастацкі («Атэнеум»), пошты. Тэатры Фін.нац. опера, фін.нац., нац. шведскі.
Засн. 12.6.1550 паводле ўказа швед. караля Густава I Вазы. У 1569 атрымаў гар. прывілей. У 1641 перанесены на сучаснае месца. У канцы 17 — пач. 18 ст. горад неаднаразова спустошаны. Адбудаваны ў 1721. Будаўніцтва ў 1748 крэпасці Свеаборг паспрыяла прытоку насельніцтва і ўмацаванню міжнар. сувязей. Пасля далучэння Фінляндыі да Рас. імперыі (1809) і стварэння Вял. княства Фінляндскага яго сталіца ў 1812 была перанесена з г. Турку ў Х. У 1862 горад злучаны чыгункай з унутр. раёнамі краіны, у 1870 — з С.-Пецярбургам. У канцы 19 ст. Х. сталі важным гандлёва-прамысл. і культ. цэнтрам. Пасля абвяшчэння незалежнасці Фінляндыі (снеж. 1917) — сталіца Фінляндскай рэспублікі. У 2-ю сусв. вайну горад значна пацярпеў. У 1952 у Х. адбыліся XV летнія Алімп. гульні; 1.8.1975 тут падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
У 2-й пал. 18 ст. горад пашырыўся за кошт швед. крэпасці Свеаборг. З 19 ст. яго забудова вялася паводле рэгулярнага плана (1808—17, кіраўнік І.А.Эрэнстрэм). У сістэму ансамбляў гіст. цэнтра ўваходзяць адкрытая да мора Гандлёвая і замкнёная Сенацкая плошчы. У старым Х. дамінуюць класіцыстычныя пабудовы: Палац прэзідэнта рэспублікі (1814, арх. П.Гранстэт), будынкі муніцыпалітэта (1817—18), б. сената (1818—22), ун-та (1828—32) з абсерваторыяй (1831—33) і б-кай (1831—45), сабор св. Мікалая (1830—52), «Старая клініка» мед. ф-та (1830—38, усе арх. К.Л.Энгель). Сярод значных будынкаў 2-й пал. 19 ст.: «Рыцарскі дом» (1856—62, арх. Г.Хівітц), б. Дом саслоўяў (1888, арх. Г.Нюстрэм), маст. музей Агэнеум (1885—87, арх. К.Хёер), дзярж. архіў (1886, арх. Нюстрэм) і інш. Інтэнсіўным буд-вам пазначаны перыяд рамантызму (1900—14): Фін.нац.т-р (1901, арх. О.Тар’яне), з прыбудовай (1954, арх. К. і Х. Сірэн), Цэнтр. вакзал (1904—14, арх. Э.Саарынен і інш.), будынак тэлефоннай кампаніі (1905—09, арх. Л.Сонк), Нац. музей (1906—09, арх. Саарынен, Г.Гезеліус, А.Ліндгрэн), царква ў раёне Каліо (1909—12, арх. Сонк). У 1920—30-я г. пабудаваны універмаг Стокмана (арх. С.Фростэрус), паштамт (арх. Э.Ліндрас, І.Ярві), парламент (арх. І.Сірэн). Дасягненне фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Х. (1915—18, арх. Саарынен). Вылучаюцца комплексы Алімп. стадыёна (1934—40, дабудаваны ў 1952, арх. І.Ліндэгрэн, Т.Янты) і Алімп. вёскі (1938—40, арх. Х.Экелунд, М.Вялікангас), гасцініца «Палас» з гандл. памяшканнямі (1949—52, арх. В.Рэвель, з К.Пецяя), новы корпус ун-та (1953—58, арх. А.Эрві), падземная царква Тайвалахты (1965—69, арх. Т. і Т. Суамалайнен), палац «Фінляндыя» (1967—71), Дом кнігі (1970, абодва арх. А.Аалта), парк з помнікам Я.Сібеліусу (1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), фантаны «Хавіс Аманда» (1907, скульпт. В.Валгрэн) і «Айна» (1912, скульпт. Э.Вікстрэм), аўтаномныя раёны Х. — Тапіяла і Отаніемі.
Н.К.Мазоўка (гісторыя і архітэктура).
Хельсінкі. Крэпасць Суаменліна (Свеаборг; 1748).Хельсінкі. Сабор святога Мікалая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ВЫ,
горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс.ж. у 1959, 15,1 тыс.ж. у 1970.
У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл.Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б.Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.
Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б.гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б.Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Ручное ткацтва, выраб сукна, аўчын, скур вядома на Беларусі са старажытнасці. Сяляне здаўна апрацоўвалі лён і каноплі, шылі адзенне і абутак; пазней частку тканін і інш. вырабаў лёгкай прамысловасці выраблялі ў шляхецкіх маёнтках. Першыя мануфактуры лёгкай прамысловасці пабудаваны ў 1-й пал. 18 ст. У 1751 князь М.І.Радзівіл заснаваў у Слуцку прадпрыемства, дае вырабляліся знакамітыя слуцкія паясы. У 1750—60-я г. ўзніклі суконныя мануфактуры ў Нясвіжы і Бабоўні (Слуцкі пав.), у 1760—90-я г. — суконныя, палатняная, шаўкаткацкая, гарбарная, панчошная мануфактуры Тызенгаўза ў Брэсцкай і Гродзенскай эканоміях; вялікія суконная мануфактура ў Дуброўне, парусінавая ў Горках і інш. У 1805 на Беларусі дзейнічалі 104 мануфактуры, у т. л. 46 суконных, на якіх працавала 2420 рабочых. Першыя ф-кі лёгкай прамысловасці ўзніклі ў канцы 18 ст., напр., суконная фабрыка ў мяст. Парэчча (Пінскі пав.); з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы і паравых рухавікоў — У 1820-я г. ў мяст. Хомск і Косава (Кобрынскі пав.). Лёгкая прамысловасць як фабрычна-заводская вытв-сць пачала складвацца ў пач. 20 ст. У 1900 пабудаваны лёнапрадзільныя і ткацкія ф-кі ў Віцебску (1054 рабочыя), у мястэчках Высачаны (495 рабочых) і Дуброўна (488 рабочых), суконная ф-ка ў мяст. Ружаны (Слонімскі пав., 705 рабочых), шоўкакруцільная ф-ка ў мяст. Альбярцін (Слонімскі пав., 141 рабочы) і інш. У 1910 у Мінску працавалі 2 абутковыя ф-кі Маскоўскага акц.т-ва «Шаўрахром» і 5 гарбарных заводаў. У 1913 на Беларусі дзейнічала 16 цэнзавых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. На долю лёгкай прамысловасці прыпадала 22,6% валавой прадукцыі і 23,3% рабочых цэнзавай прамысловасці. Найб. развіццё атрымала льняная прамысловасць, якая вырабляла пражу і невялікую колькасць тканін. Яе доля ў тэкстыльнай прамысловасці Беларусі складала каля 48%. У 1919 у Віцебску створана трыкатажная ф-ка, дзе мелася 36 машын для вязання панчох. У 1922 у Віцебску на базе майстэрні па пашыву ваен. адзення і ф-кі цывільнага адзення арганізавана ф-ка «Віцшвей», а ў Мінску ў 1923 4 майстэрні па пашыву адзення аб’ядналіся ў ф-ку «Міншвей». За 1919—41 на тэр. Беларусі пабудавана больш за 90 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, у т. л. абутковыя ф-кі ў Гомелі (1922), Віцебску (1923), 2 у Мінску (1924, 1930); швейныя ф-кі ў Гомелі (1928), Мінску (1929), Бабруйску (1930); гарбарныя заводы ў Мінску (1927) і Магілёве (1930), панчошна-трыкатажныя ф-кі ў Гомелі (1930), Віцебску (1931), 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1937) і інш. Развіццю лёгкай прамысловасці спрыяла наяўнасць сыравіннай базы, кваліфікаваных прац. рэсурсаў, вял. патрэба насельніцтва ў таварах гэтай галіны. Умацаванню сыравіннай базы садзейнічала не толькі пашырэнне пасеваў лёну-даўгунцу, але і ўвод у дзеянне ў 1930 Магілёўскага завода штучнага валакна. У 1940 на Беларусі выраблена 9,1 млн. пагонных метраў баваўняных тканін, 15,8 млн. пагонных метраў ільняных, 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкатажнай бялізны, 9,8 млн. пар абутку. У пасляваенны час адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці на перадавой тагачаснай тэхн. аснове. У іх ліку тонкасуконныя камбінаты ў Гродне (1947) і Мінску (1945—50), дывановы камбінат у Віцебску (1947), камвольны камбінат у Мінску (1951—1959), баваўняны камбінат у Баранавічах (1960—69), дывановы (1963—65) і панчошны ў Брэсце (1965—67), бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне (1963—67), 2-я (1963) і 3-я (1973) чэргі Аршанскага льнокамбіната, новыя льнозаводы, абутковыя ф-кі ў Лідзе, Баранавічах, Маладзечне, трыкатажныя ф-кі ў Жодзіне і Салігорску, ф-ка па вытв-сці штучнага футра ў Жлобіне і інш.
Лёгкая прамысловасць займае важнае месца ў структуры прамысл. комплексу краіны. У 2002 функцыянавала 459 прадпрыемстваў гэтай галіны, а іх доля ў структуры валавой прадукцыі краіны складала 7,4%, у структуры асн. фондаў — 5,4%, колькасці занятых — 13,9%. У 1991—95 назіраўся спад вытв-сці ўсіх відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці, што было звязана з недахопам прывазной сыравіны, зніжэннем попыту і экспарту, паступленнем на Беларусь больш таннай і эстэтычна прывабнай прадукцыі па імпарце і ад індывід. прадпрымальнікаў. Паступовы выхад галіны з крызісу пачаўся пасля 1996, але аб’ёмы яе прадукцыі яшчэ не дасягнулі ўзроўню 1990 (гл.табл.). Асн. прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам», створаны ў 1992 на базе Мін-ва лёгкай прамысловасці. На яго долю прыпадае 87,5% прадукцыі лёгкай прамысловасці краіны, ён выпускае больш за 100 відаў прадукцыі больш як 5 тыс. найменняў: найперш тканіны (баваўняныя, ільняныя, шаўковыя, шарсцяныя), пражу баваўняную і шарсцяную, дываны і дывановыя вырабы, жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, абутак, скургалантарэйныя вырабы, верхні і бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, штучнае і натуральнае футра і інш. Прадукцыю лёгкай прамысловасці вырабляюць таксама прадпрыемствы «Белкаапсаюза», «Белмясцпрама», падпарадкаваныя абласным і Мінскаму гарадскому выканкомам, «Белнафтапрама», «Бел. чыгункі» і інш. У галіне назіраецца зніжэнне вытворчасці, што звязана з павелічэннем цяжкасці збыту прадукцыі ў сувязі з яе нізкай канкурэнтаздольнасцю, няпоўным выкарыстаннем вытв. магутнасцей і зносам актыўнай часткі вытв. фондаў, высокім сабекоштам прадукцыі. Экспарт тканін і тэкстыльных вырабаў у 2002 склаў 6,1% ад усяго экспарту Рэспублікі Беларусь.
Тэкстыльная прамысловасць займае 53,2% у аб’ёме валавой прадукцыі лёгкай прамысловасці. На яе ў 2002 прыпадала 3,8% валавой прадукцыі краіны, 3,3% асн. фондаў і 8,1% занятых рабочых. Яна прадстаўлена вытв-сцю тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў і дывановых вырабаў. У тэкстыльнай прамысловасці каля 200 прадпрыемстваў і вытворчасцей, на якіх занята 145 тыс. чалавек. У 2003 выраблена 256 млн.м² тканін усіх відаў, у т. л. баваўняных 64 млн.м², ільняных — 29, шаўковых — 48, шарсцяных — 5 млн.м², трыкатажных вырабаў — 40,8 млн. штук. (гл.табл.). Буйнейшыя прадпрыемствы галіны: Баранавіцкае вытв. баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, ААТ «Камволь» і «Сукно» ў Мінску, «Стужка» і «Магатэкс» у Магілёве, «Аршанскі льнокамбінат», Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты, т-вы з абмежаванай адказнасцю «8 Сакавіка» ў Гомелі, «Вясёлка» ў Жодзіне і інш.
Швейная прамысловасць выпускае каля 20% аб’ёму прадукцыі лёгкай прамысловасці. Займаецца пашывам верхняга адзення (мужчынскага, жаночага, дзіцячага), бялізны, галаўных убораў, прадметаў тэхн. прызначэння. На Беларусі (2003) дзейнічае больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Найб. з іх: акц. т-вы «Камінтэрн» у Гомелі, «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, «Прагрэс» у Мінску, сумеснае прадпрыемства «Мілавіца» ў Мінску, Магілёўская ф-камаст. вырабаў і інш. У 2002 экспарт верхняга жан. адзення склаў 63,2 млн.дол., у т. л. ў Расію 21,3 млн., у ЗША 14,6 млн., у Германію — 7,1 млн., у Нідэрланды — 5,3 млн.; іншага жан. адзення — 36,6 млн.дол., у т. л. ў ЗША — 14,3 млн., Германію — 1,4 млн., Нідэрланды — 5,4 млн., Расію — 3,6 млн.дол. і інш.
Гарбарная, абутковая і футравая прамысловасць займаецца пашывам скуранога абутку, вырабам натуральнага і штучнага футра, апрацоўкай скур. Буйнейшыя прадпрыемствы: абутковыя акц. т-вы «Прамень» у Мінску і «Гроднаабутак», Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Гомельскае абутковае ВА «Праца», Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Бабруйская футравая фабрыка, Жлобінская фабрыка штучнага футра, «Белвест» у Віцебску і інш. На прадпрыемствах «Беллегпрама» ў 2002 выпускалася 68% абутку, большая частка футравых і гарбарных вырабаў.
Літ.:
Планирование и прогнозирование экономического развития. Вып. 12. Легкая промышленность. Мн., 1976;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. Мн., 2004.
П.І.Рогач.
Выпуск асноўных відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь