МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс. чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛ гл. ў арт. Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.

В.​У.​Адзярыха, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ, Львів,

горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сць муз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л. Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах. навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.

Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл. Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр. Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.

Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.​Штэхер, М.​Гром, А.​Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.​Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.​Капінас, А.​Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.​Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.​Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.​Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.​Мерэцін, С.​К.​Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм. т-ра імя М.​Занькавецкай (1836—42, арх. Л.​Піхаль, І.​Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.​А.​Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.​Матэйкі), акад. т-ра оперы і балета імя І.​Франко (1897—1900 арх. З.​Гаргалеўскі, скульпт. А.​Л.​Попель, П.​Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.​Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.​І.​Парашчук), І.​Франко (1964, скульпт. В.​Н.​Барысенка і інш., арх. А.​М.​Шуляр), Я.​Галану (1972, скульпт. А.​П.​Пылеў, арх. В.​І.​Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.​Франко.

Літ.:

Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;

Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.

Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя).

Плошча А.​Міцкевіча ў Львове.
Сабор святога Юра ў Львове.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,

падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.

У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх. ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр. ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.

25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх. ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах. ч. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав. б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр. б. Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля ​1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;

Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;

Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

В.​А.​Кадаўбовіч, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯМО́ННЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.​К.​Любаўскі, П.​Д.​Бранцаў, У.​І.​Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.

У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.

У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).

Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.

Традыц. бел. адзенне ў мясц. этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах. дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.

В.​С.​Цітоў.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДАК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс. ж. (2000).

Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн. Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял. кн. Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс. ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт. Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал. літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.

У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв. Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл. Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт. Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст. Навагрудская ратуша, у 18 ст. Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст. Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.​Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.

Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш. Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.​Коласу, А.​Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.​Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.

Літ.:

Королев Н.Д. Новогрудок: Ист.-экон. очерк. Мн., 1988;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Навагрудак: [Фотаальбом]. Мн., 1994;

Гайба М.П. Навагрудак: Гіст. нарыс. Навагрудак, 1992;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

М.​П.​Гайба (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Навагрудак. Фрагмент гарадской забудовы.
Да арт. Навагрудак. Від на Замкавую гару і фарны касцёл. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)