ДВАРЦО́ВАЯ ПЛО́ШЧА ў Санкт-Пецярбургу,

галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.​В.​Растрэлі). У канцы 18 ст. паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.​М.​Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.​І.​Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.​П.​Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Дворцовая площадь: (Архитектура). Л., 1973.

Дварцовая плошча ў Санкт-Пецярбургу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКШТА́НАЎ (Іосіф Пятровіч) (22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус. драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.​Мінко і «Вясна ў Маскве» В.​Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.​Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1958).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬ (ад лац. normalis прамы) да крывой (паверхні) у зададзеным пункце, прамая, што праходзіць праз зададзены пункт перпендыкулярна да датычнай прамой ці да датычнай плоскасці. Мае дастасаванні ў дыферэнцыяльнай геаметрыі, геам. оптыцы, механіцы і інш.

Плоская крывая мае ў кожным пункце (за выключэннем некаторых асаблівых пунктаў) адзіную Н. Прасторавая крывая ў кожным неасаблівым пункце мае бясконцае мноства Н., сукупнасць якіх утварае нармальную плоскасць. Н., якая ляжыць у судатычнай плоскасці (лімітнае становішча плоскасці, што праходзіць праз 3 пункты крывой пры імкненні адлегласці паміж імі да нуля), наз. галоўнай, а Н., якая праходзіць перпендыкулярна гэтай плоскасці — бінармаллю. Датычная, гал. Н. і бінармаль утвараюць рухомы трыэдр крывой.

Да арт. Нармаль. Рухомы трыэдр да крывой у пункце Μ: N — галоўная нармаль; B — бінармаль; T — датычная да крывой; P — нармальная плоскасць.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВО́НАЎ (Мікалай Ільіч) (28.12.1906, С.-Пецярбург — 28.5.2000),

расійскі і бел. акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). З 1927 працаваў у тэатрах Ленінграда, Карэліі. У 1957—76 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Мастацтву Р. былі ўласцівы дакладны вонкавы малюнак ролі, псіхалагізм у распрацоўцы характараў, імкненне раскрыць складанасць чалавечай натуры. Сярод лепшых роляў у бел. драматургіі: Сямён Кныш і Бонч-Бруевіч («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Іваноў («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Слесар («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Палкоўнік і стары Сахон («Мурын Бор» І.​Ісачанкі). З інш. роляў: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Гельмер («Нора» Г.​Ібсена), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Нананкур («Саламяны капялюшык» Э.​Лабіша), Дронаў («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Даброцін («Марыя» А.​Салынскага).

Г.​Р.​Герштэйн.

М.І.Радзівонаў.
М.Радзівонаў у ролі Бернарда.

т. 13, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.​Александровіч, А.​Дзяркач, А.​Астрэйка, Ю.​Свірка, Э.​Валасевіч і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЖО́Н (франц. donjon),

галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл. Камянецкая вежа).

Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.​А.​Ткачоў.

Данжон.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ слова,

галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (10.1.1910, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1991),

бел. тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Казахстана (1955). Скончыў Кіеўскі маст. Ін-т (1932). У 1933—58 працаваў у т-рах Днепрапятроўска, Саратава, Алматы. Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1959—65). У 1958—62 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Аформіў спектаклі: «Дні нашага нараджэння» І.​Мележа (1958), «Каб людзі не журыліся» А.​Макаёнка (1959) і інш. У 1963—73 гал. мастак Рус. драм. т-ра Беларусі, стварыў дэкарацыі да спектакляў: «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (1964), «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча (1965), «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ (1972) і інш. Афармляў таксама спектаклі ў Брэсцкім абл. драм. т-ры («Варвары» М.​Горкага, 1979). У творчасці імкнуўся дасягнуць гарманічнай дакладнасці, спалучанай з фантазіяй, лаканізмам кампазіцыі, выяўл. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Галубовіч. Эскіз дэкарацый да спектакля «Варвары» М.​Горкага. 1979.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́Ў (Рыгор Аляксеевіч) (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),

бел. акцёр. Нар. арт. Узбекістана (1946). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж. рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.​Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.​Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.​Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.​Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш.

Р.А.Качаткоў.
Р.Качаткоў у ролі Чарнухі.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Сінклер) (7.2.1885, г. Сок-Сентэр, ЗША — 10.1.1951),

амерыканскі пісьменнік. Скончыў Іельскі ун-т (1907). Дэбютаваў аповесцю для дзяцей «Хайк і самалёт» (1912). Сусв. вядомасць прынёс Л. раман «Галоўная вуліца» (1920). У раманах «Бэбіт» (1922), «Эраўсміт» (1925, разам з П. дэ Крайфам, экранізацыя 1931), «Элмер Гентры» (1927, экранізацыя 1960), «Додсварт» (1929, экранізацыя 1936), «Эн Вікерс» (1933), «Кінгсблад, нашчадак каралёў» (1947) сац.-паліт. кантрасты амер. рэчаіснасці, праблемы стандартызацыі свядомасці «сярэдняга амерыканца», яго бездухоўнасці і канфармізму, расавай дыскрымінацыі. У рамане-антыутопіі «У нас гэта немагчыма» (1935) і сатыр. «Гідэон Пленіш» (1943) аналізуюцца вытокі і сутнасць фашызму. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Богашукальнік» (1949), «Свет такі шырокі» (1951), кінасцэнарыя «Бура на Захадзе» (1943, з Д.​Шэйры), эсэ, нарысаў. Яго творы адметныя сюжэтнай маштабнасцю і вастрынёй канфліктаў, спалучэннем дакумент.-публіцыстычнага і гратэскава-сатыр. пачаткаў з лірычным. Нобелеўская прэмія 1930.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965.

Літ.:

Гиленсон Б. Синклер Льюис. М., 1985;

Синклер Льюис: Биобиблиогр. указ. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

С.Льюіс.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)