ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.Броўкі, П.Глебкі, І.Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк.нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.Коласа (1941) і кінафільмаў, у т. л. «Новы дом» (з І.Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.
Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял.гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял.Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),
прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.
Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.
На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял.Айч. вайну.
Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),
італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл.Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.
Літ.:
Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;
Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1944). Нар.арт.СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАТУША.
Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар.гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г. — муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.Кураткевіча; гл.Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.С.Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.
А.М.Кулагін.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.