БОР,

спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Пашыраны на алювіяльных і водна-ледавіковых нізінах і раўнінах, дзюнах, озах, камах. На Беларусі самыя вялікія бары на Полацкай, Нарачана-Вілейскай, Верхнянёманскай, Верхнебярэзінскай нізінах, на Мінскім узвышшы, Палессі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінах; найб. старыя — у Белавежскай пушчы.

Дрэвастоі ў бары часам з дамешкам бярозы, месцамі — елкі; падлесак рэдкі. Паводле наглебавага покрыва вылучаюць бары-беламошнікі, ці лішайнікавыя, і бары-зеленамошнікі — верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя. Бары бываюць сухія, свежыя, вільготныя. Маюць глеба- і водаахоўнае значэнне, даюць драўніну, выкарыстоўваюцца для падсочкі жывіцы, збору ягад, грыбоў, лек. раслін.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),

група астравоў на З цэнтр. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл. больш за 1,1 тыс. км². Нас. каля 210 тыс. ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,

хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш. с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.

Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.

С.​І.​Бельская.

Перонаспароз: 1 — цыбулі; 2 — бурака.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

Антракноз: 1 — фасолі; 2 — агуркоў; 3 — чорных парэчак.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),

Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.​Схаўтэнам і Я.​Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),

Чарапашыя астравы, архіпелаг Калон, група з 16 вял. і больш за 50 малых астравоў у Ціхім ак., паблізу ад экватара, на З ад Паўд. Амерыкі. Правінцыя Эквадора. Найб. а-вы: Ісабела, Фернандзіна, Сан-Сальвадор, Санта-Крус і Сан-Крыстобаль. Пл. 7,8 км². Нас. 6,1 тыс. чал. (1992). Галапагас — астравы вулканічнага паходжання з патухлымі і дзеючымі вулканамі. Выш. да 1707 м. Клімат экватарыяльны, пасатны, сухі. Абмываюцца астравы халодным Перуанскім цячэннем; сярэднегадавая т-ра 23 °C. Да выш. 220 м саванны з калючымі хмызнякамі, участкі пустынь, вышэй — вільготныя імхі, лішайнікі, папараці. У фауне шмат рэліктаў і эндэмікаў: гіганцкія чарапахі, яшчаркі ігуаны, фрэгаты, фламінга, пеліканы і інш. Нац. парк. Галапагас.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

група астравоў, асноўная ч. Малайскага архіпелага. Большасць астравоў у Інданезіі (ч. тэрыторыі ў межах Малайзіі, уключае таксама Бруней і Усх. Тымор). Абмываецца Ціхім і Індыйскім ак. і іх ускраіннымі морамі. Пл. больш за 1,5 млн. км². Падзяляецца на Вялікія Зондскія астравы і Малыя Зондскія астравы. Найб. астравы: Калімантан (другі ў свеце па плошчы востраў пасля Грэнландыі), Суматра, Сулавесі, Ява (у групе Вял. З.а.). Адносяцца да Альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны, актыўны вулканізм. Вільготныя трапічныя лясы, на Пд — мусонныя лясы і саванны. Найбольшыя гарады: Бандунг, Семаранг, Джакарта (в-аў Ява), Палембанг, Медан (в-аў Суматра), Банджармасін, Пантыянак (в-аў Калімантан), Уджунгпанданг, Манада (в-аў Сулавесі) і інш.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,

на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.

Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на Увільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)