ВЕСНАВЫ́ КАТА́Р,

назва двух розных па паходжанні захворванняў, якія абвастраюцца вясной і ў пач. лета: хранічнага запалення кан’юнктывы вока (гл. ў арт. Кан’юнктывіт) і алергічнага захворвання асоб з павышанай адчувальнасцю да пылку раслін (гл. Сянная ліхаманка).

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРУ́НА,

у стараж.-індыйскай міфалогіі бог неба і воднай стыхіі, захавальнік ісціны і справядлівасці, разам з Індрай найвялікшы з багоў ведыйскага пантэона. Варуну падуладныя неба і зямля, яго адзенне — ноч і дзень, яго вока — сонца, сам ён тысячавокі.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,

прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́КЛЬ (франц. monocle ад грэч. monos адзін + лац. oculus вока),

1) найпрасцейшы фотааб’ектыў звычайна ў выглядзе выпукла-ўвагнутай лінзы. Выкарыстоўваўся ў фотаапаратах для партрэтнай і пейзажнай здымкі.

2) Лінза ў аправе або без яе, якая ўстаўлялася ў вочную ўпадзіну. Выкарыстоўвалася замест акуляраў.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1′. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.​М.​Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,

фізічная велічыня, роўная здабытку светлавога патоку на працягласць асвятлення; адна з асн. светлавых велічынь. Вызначаецца як частка энергіі эл.-магн. выпрамянення, якая ўспрымаецца чалавечым вокам ці інш. прыёмнікам святла са спектральнай адчувальнасцю, роўнай адчувальнасці сярэдняга вока. Адзінка С.э. — люмен-секунда (гл. Люмен).

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯАДЭНІ́Т (ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),

запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРА́КЦЫЯ святла,

скрыўленне светлавога праменя ў асяроддзі з плаўна і неперарыўна пераменным пераламлення паказчыкам. У шырокім сэнсе — тое, што пераламленне святла. Тэрмінам «Р.» карыстаюцца ў атм. і акулярнай оптыцы, а таксама ў оптыцы вока. У выніку Р. пры пэўных умовах узнікаюць міражы і інш. аптычныя з’явы (напр., вясёлка, гало).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́МЫ ЗНАК, невус, радзімка,

загана развіцця скуры; утварэнне, у састаў якога ўваходзяць невусныя клеткі, што ўтрымліваюць меланіны. Размешчаны часцей на скуры, таксама на слізістых абалонках, кан’юнктыве і ў сасудзістай сятчатцы вока. Зрэдку ў вобласці Р.з. назіраецца рост валасоў. Пры траўмах можа перарадзіцца ў меланому, пры гэтым павялічваецца, ушчыльняецца, мяняе колер.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне,

тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)