ЛІ́ЗІНГ (ад англ. lease арэнда, маёмасны наём),

здача ў арэнду розных відаў тэхн. сродкаў, абсталявання, будынкаў пераважна на сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы перыяды. Ажыццяўляецца як трохбаковая здзелка: лізінгавая фірма (арэндадаўца) набывае ў вытворцы (уладальніка) маёмасць па выбары кліента (арандатар), якую перадае яму ў распараджэнне; афармляецца лізінгавым пагадненнем (кантрактам). У перыяд дзеяння пагаднення юрыд. права ўласнасці на маёмасць належыць лізінгавай фірме (арэндадаўцу), а права на карыстанне — арандатару. Пасля заканчэння тэрміну лізінгавага кантракта арандатар можа: вярнуць аб’ект арэнды арэндадаўцу, заключыць новы дагавор на арэнду гэтай маёмасці, выкупіць аб’ект Л. па астаткавай вартасці. Выкарыстанне Л. дазваляе кліенту карыстацца маёмасцю без аднаразовага буйнога ўкладання сродкаў на іх набыццё, забяспечыць 100%-нае фінансаванне здзелкі, узгадніць зручны для арэндадаўцы парадак унясення арэндных плацяжоў, зменшыць частку абкладаемага падаткам прыбытку на суму арэндных плацяжоў, пры міжнар. лізінгавых аперацыях карыстацца падатковымі льготамі краіны-арэндадаўцы і інш.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА, Венская школа,

суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.

М.В.Навучыцель.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН ((Berstein) Эдуард) (6.1.1850, Берлін — 18.12.1932),

нямецкі сацыял-дэмакрат, адзін з лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. У сваіх працах пад агульнай назвай «Праблемы сацыялізму» (1896—98) крытыкаваў сістэму марксізму. У філасофіі адмовіўся ад матэрыялізму, абвясціўшы неабходнасць вяртання да філасофіі І.Канта. Выступіў супраць матэрыяліст, дыялектыкі, якую атаясамліваў з дыялектыкай Г.Гегеля. У галіне сац.-паліт. навук ставіў пад сумненне асн. палажэнні «Капітала» К.Маркса — тэорыю вартасці, вучэнне пра крызісы, пра збядненне нар. масаў, сац.-эканам. асновы рэвалюцыі, адмаўляў навук. сацыялізм, лічачы яго толькі этычным ідэалам. На аснове сцвярджэнняў, што пралетарыят не здольны арганізаваць вытворчасць, а пралет. рэвалюцыя можа прывесці толькі да хаосу і разбурэння вытв. сіл, адхіляў вучэнне Маркса пра рэвалюцыю, класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту, супрацьпастаўляючы яму праграму рэформаў і кампрамісаў з буржуазіяй.

Тв.:

Рус. пер. — Проблемы социализма и задачи социал-демократии. М., 1901;

Социализм и демократия в Великой английской революции. М.;

Пг., 1924;

Возможен ли научный социализм? М., 1991.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,

забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л. мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ (сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч

(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,

галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.

Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.

У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.

Т.І.Адамовіч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.

Тв.:

Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;

Théorie de la monnaie. Paris, 1886;

Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;

Paris, 1896;

Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВА-БУДАЎНІ́ЧЫ КААПЕРАТЫ́Ў,

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян з мэтай буд-ва жылых памяшканняў на ўласныя сродкі або з дапамогай крэдытаў, субсідый і інш. форм дзярж. падтрымкі. Кааператыў як юрыд. асоба — уласнік жылых памяшканняў у будынках Ж.-б.к. Яго члены маюць права ўласнасці толькі на паенакапленні ў кааператыве адпаведна ўнесеных сродкаў і кошту іх жылых памяшканняў, а права ўласнасці на жылое памяшканне — пасля аплаты яго поўнай вартасці і юрыд. афармлення гэтага права. Дзейнасць і кіраванне Ж.-б.к. рэгулююцца статутам, які прымаецца на ўстаноўчым сходзе. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які выбірае праўленне, старшыню, рэвіз. камісію. Першыя Ж.-б.к. ўзніклі ў 19 ст. ў Зах. Еўропе. У БССР пачалі стварацца з 1921. У 1937 ліквідаваны, а іх дамы перададзены ў фонд мясц. органаў улады. Для паскарэння тэмпаў буд-ва ў адпаведнасці з рашэннем урада СССР у 1958 стварэнне Ж.-б.к. адноўлена. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. развіццё набыло новы ўзровень (могуць стварацца ў нарматыўна-явачным парадку, больш дэмакратычна праводзіць сваю дзейнасць і інш.). Развіццё Ж.-б.к. (пры ўмове дзярж. фін. падтрымкі) — адна з перспектыўных форм вырашэння жыллёвага пытання. Гл. таксама Жыллёвы фонд. У.А.Вітушка.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.І.Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,

лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.

Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар. эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).

У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».

Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.

Л.М.Нехарошава, І.Я.Цэслюк.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)