АНТРАПАСО́ФІЯ (ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),
акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.Белы, В.Кандзінскі, М.Валошын, Б.Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.
Літ.:
Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;
Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЭКАЛО́ГІЯ (ад палеа... + экалогія),
раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геал. мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гіст. змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеагр. абставін (напр., палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некат. карысных выкапняў і інш.
Як навука П. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (заснавальнік — У.А.Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстр. вучоны А.Абель, ням. І.Вальтэр, рус. — М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, М.М.Якаўлеў і інш.
На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.В.Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.С.Махнач, С.А.Кручак, Л.І.Мурашка, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда, В.І.Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.
Літ.:
Геккер Р.Ф. Введение в палеоэкологию. М., 1957;
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ННА Д’АРК (Jeanne d’Arc; 1410 ці 1412, Дамрэмі-ла-Пюсэль, Францыя — 30.5.1431),
нацыянальная гераіня Францыі, якая ўзначаліла адзін з этапаў вызв. барацьбы франц. народа супраць англічан у Стогадовую вайну 1337—1453. З сял. сям’і. Апантаная містычнай верай у сваё прызначэнне вызваліць Францыю ад англічан, 4.3.1429 прыбыла ў г. Шынон, дзе дамаглася падтрымкі дафіна Карла. 8.5.1429 франц. войска на чале з Ж.д’А. зняло аблогу англічан з Арлеана (у народзе яе сталі называць Арлеанскай дзевай). Пасля шэрагу перамог яна павяла армію ў Рэймс, дзе 17.7.1429 адбылася каранацыя Карла VII. У вер. 1429 франц. войскі на чале з Ж.д’А. няўдала штурмавалі Парыж. 23.5.1430 у час дапамогі г. Камп’ен, абложанаму саюзнікамі англічан бургундцамі, Ж.д’А. узята ў палон і выдадзена англічанам. У лют. — маі 1431 на царк. судзе ў Руане яна абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве і спалена на кастры. 7.7.1456 рэабілітавана, 16.5.1920 кананізавана. Вобраз Ж.д’А. шырока адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Вальтэр, Ф.Шылер, М.Твэн, Б.Шоу, Ж.Ануй), выяўл. мастацтве (Ж.Басцьен-Лепаж, П.Дэларош, Я.Матэйка і інш.), музыцы (Ф.Ліст, Дж.Вердзі, П.І.Чайкоўскі, А.Анегер).
Літ.:
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк:Пер. с фр.М., 1992.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Жанна д’Арк. Спаленне Жанны д’Арк 30.5.1431 на плошчы Старога Рынку ў Руане. Фрагмент фрэскі ў Пантэоне. Парыж. Мастак Ж.Ланепво. 19 ст.
дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, адзін з арганізатараў нар. Войска Польскага. Ген. броні. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну эвакуіраваны ў Маскву. У 1917 добраахвотнік атрада Чырв. гвардыі, удзельнік Кастр. паўстання ў Маскве. У Чырв. Арміі ў 1918—36 і 1938—43. Удзельнік грамадз. вайны ў Расіі. Да 1936 на камандных і штабных пасадах (у 1927—28 у штабе БВА). У 1936—38 пад імем ген. Вальтэра камандаваў інтэрнац. брыгадай, потым дывізіяй у грамадз. вайне ў Іспаніі. У 1939—41 выкладаў у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял.Айч. вайну з 1941 камандзір 248-й стралк. дывізіі на Зах. фронце. У 1943 удзельнічаў-у арг-цыі Польскай арміі на тэр.СССР. Са жн. 1943 нам. камандзіра 1-га польскага корпуса, у сак.—жн. 1944 нам. камандуючага 1-й арміяй Войска Польскага. У вер. 1944 сфарміраваў 2-ю армію Войска Польскага, якая пад яго камандаваннем удзельнічала ў вызваленні зах. польскіх зямель і Чэхаславакіі. З лют. 1946 нам. міністра нац. абароны Польшчы. Забіты тэрарыстамі ў час інспекцыйнай паездкі ў Баліград (Польшча).
Літ.:
Бранеўская Я. Пра чалавека, які не кланяўся кулям: Пер. з пол, Мн., 1968;
Wadecka S.L. Generał Karol Swierczewski «Walter» 1897—1947. Warszawa, 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́МСКІЯ ДЗЯЯ́ННІ»,
«Рымскія гісторыі» («Gesta Romanorum»), сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Складзены, відаць, у Англіі ў 13 ст. на падставе зах.-еўрап., ант. і блізкаўсх. крыніц. Паводле агульнага характару, літ. структуры твораў, спосабаў апавядання і прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці блізкі да «Вялікага зярцала».
У самых поўных рэдакцыях змяшчае каля 180 твораў, частка іх звязана з рымскімі падзеямі і героямі (адсюль назва). Прызначаўся пераважна для выхаваўчых мэт, хоць у зборніку нямала белетрыстычнага матэрыялу для займальнага чытання. У канцы кожнага твора падаюцца маралізатарскія тлумачэнні-павучанні, некат. з выразнай рэліг, афарбоўкай. Зборнік паўплываў на ўсю сярэдневяковую і рэнесансавую л-ру Зах. Еўропы; яго сюжэты, вобразы, прытчы выкарыстоўвалі і пісьменнікі (Дж.Бакачыо, Вальтэр, Ф.Шылер, У.Шэкспір і інш.). На бел. мове вядомы 2 рукапісы «Р.дз.»: Магілёўскі (1688, дэфектны, без канца) і Ціханравава (1729). У першым 36, у другім 39 твораў. Паводле свайго складу бел. пераклад адносіцца да найб. стараж, рэдакцый. У бел. зборніках змешчаны не толькі павучальныя гісторыі-прытчы і легенды (як ілюстрацыі да зместу маральных правіл паводзін людзей: пра няверную жонку, чалавечую няўдзячнасць, пра справядлівасць і высакароднасць, пра спакусы д’ябла, страшны суд і г.д.), але і папулярныя творы сярэдневяковай л-ры «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Жыціе Яўстафія Плакіды», скарочаная рэдакцыя ант. рамана «Гісторыя пра Апалона Цірскага» і інш. У мове бел. перакладу нямала архаізмаў і русізмаў, хоць непасрэднай крыніцай для яго, найб. верагодна, паслужыў польскі тэкст.
Публ.: Римские деяния. СПб., 1877—78.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Средневековые западноевропейские повести в русской и славянских литературах. I. Истории из Римских деяний. СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.Буало, Ш.Бацё, Ш.Л.Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.Шэфтсберы, Г.Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.Юмам. Густ эстэтычны І.Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.
У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.Гусоўскі, Ф.Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.Чачот, В.Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына — з сац. рэальнасці. М.Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.
Літ.:
Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;
Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬНАДУ́МСТВА,
ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.Бруна, Б.Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.
На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.Будны, В.Цяпінскі, С.Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.Нарбут, у 19 ст. — Э.Жалігоўскі, І.Ястржэмбскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ ((Scott) Вальтэр) (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв. вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.Забалоцкая, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Айвенга. Мн., 1997;
Квенцін Дорвард. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.
Літ.:
Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;
Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;